Праздничное мероприятие, посвящённое 93-летию со дня рождения Василя Быкова, прошло в деревне Бычки Ушачского района

Наши земляки

Пра вайну пісалі многія, але, напэўна, ніхто не змог больш, чым Васіль Быкаў, яскрава і ўражліва перадаць пакутлівы лёс чалавека ў часы крывавага ліхалецця, . Яго проза – сусветны здабытак, і мы павінны шчыра дзякаваць Богу за тое, што ў нас ёсць такі пісьменнік. Ушачане ж маюць падставу для асаблівага гонару, бо менавіта нашая зямля дала свету гэтага геніяльнага творцу, – такімі словамі распачала святочную імпрэзу, што ладзілася ў Бычках 19 чэрвеня, намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама Наталля Мікалаеўна Марковіч.

У гэты дзень нашаму славутаму земляку споўнілася б 93 гады. Сярод гасцей мерапрыемства былі як проста аматары прозы Васіля Быкава, так і людзі, якія сутыкаюцца з яго творчасцю ў прафесійнай дзейнасці – метадысты, выкладчыкі беларускай мовы і літаратуры з навучальных устаноў Полацка, Наваполацка, Гарадка, Ушач, прадстаўнікі Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, школьнікі з абласнога цэнтра і нашага гарпасёлка.

Вельмі рады былі пабываць у Бычках настаўніцы з Полацка Ніна Алегаўна Шаблыка і Валянціна Мікалаеўна Баўстуноўская: абедзве нарадзіліся непадалёк – у Белюкоўшчыне і Вялікіх Дольцах, ну а веды і ўражанні, атрыманыя ў сядзібе-музеі, мяркуюць выкарыстаць пры падрыхтоўцы з вучнямі навуковых работ па творчасці пісьменніка.

Тое ж, што Васіль Быкаў – адзін з іх любімых аўтараў, казалі літаральна ўсе, з кім давялося пагутарыць, а сярод самых кранальных твораў называлі “Жураўліны крык”, “Альпійскую баладу”, “Воўчую зграю”, “Знак бяды”. Урывак з апошняй аповесці гледачы змаглі ўбачыць у выкананні самадзейных ушацкіх артыстаў Людмілы Мядзведзевай, Мікалая Пруднікава і Канстанціна Тарасені.

– Персанажаў Быкава іграць на сцэне складана, але цікава, – расказвае Людміла Міхайлаўна – выканаўца ролі Сцепаніды. – Гэтыя творы заўсёды ў нашым рэпертуары. Вось і да сёлетняга Дня Перамогі ў тэатральным гуртку, які вяду ў Арэхаўскім сельскім Доме культуры, падрыхтавалі ўрывак са “Сваякоў”. Гэта, дарэчы, быў акцёрскі дэбют прадстаўнікоў сям’і Залатых, што жыве ў доме сямейнага тыпу – яе галава Вячаслаў Пятровіч выдатна справіўся з роллю Дразда, былі занятыя ў пастаноўцы і двое дзетак. Увогуле лічу, што абавязкова неабходна знаёміць маладых з творчасцю нашага земляка, вучыць іх ганарыцца яго спадчынай, а таму вельмі прыемна, што сёння на святкаванні дня нараджэння класіка столькі юных гасцей.

Дарэчы, давялося пазнаёміцца і з самым маленькім удзельнікам свята – гадавалы Багдан, канечне, пакуль не ўмее чытаць, але і ён прасякнуўся атмасферай свята і быў у вясёлым настроі. Яго бацькі, Віталь і Таццяна Грабоўскія, жывуць у Мінску, але непадалёк, у Чарапоўшчыне, маюць дом.

– Калі даведалася, якія славутыя людзі нарадзіліся ў мясцінах, адкуль родам мой муж, была пад моцным уражаннем, – расказвае Таццяна. – Мы неаднаразова бывалі ў Бычках, прывозілі сюды сяброў. Спадзяюся, што і наш сынок будзе чытаць творы Быкава, ганарыцца тым, што яго продкі родам з гэтай багатай на таленты зямлі.

Думаецца, што візіт на Ушаччыну запомніцца і ўсім іншым гасцям, тым больш што арганізатары зрабілі для гэтага ўсё магчымае. Удзельнікам свята былі прапанаваны экскурсія па сядзібе-музеі, праграма ў выкананні работнікаў раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, выставы, падрыхтаваныя раённай бібліятэкай і Домам рамёстваў, дзе можна было набыць буклеты і брашуры, розныя сувеніры са славутасцямі Ушаччыны і, канечне, ласункі, якімі частавалі ўсіх гаспадыні з народнага клуба “Прысмакі”.

А вось як выказала ўражанні ад падзеі настаўніца з Гарадка Ірына Салевіч:

– У гэты сонечны дзень Бог даў нам мажлівасць дакрануцца да душы пісьменніка, які быў сейбітам мужнасці, нёс людзям непахісную праўду вайны. “Мінулае вучыць нас, як жыць сёння”, – казаў Васіль Быкаў. А таму яго бессмяротныя творы заўсёды будуць актуальнымі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *