Чей пляж в деревне, или Как некоторые граждане считают своими участки на берегу озер

Выясняем ситуацию

“Маё” – крычаў узрушаны гаспадар, калі ўбачыў, што моладзь увечары збіралася раскладаць вогнішча. Ён ужо клаўся спаць, калі зводаль пачуў галасы вясёлай кампаніі. Яны яму не заміналі, дзякуй Богу ўчастак не пад вокнамі, аднак думка, што прывыкнуць і будуць далей соўгацца па яго зямлі, не давала пакою. Апрануўся і пайшоў “высяляць”: колькі сіл патраціў, аднак выжыў са свайго лужка. Здаецца, усе ведаюць, што гэта яго, не адзін год абкошвае, а не ж, сунуцца, быццам іншых берагоў на вёсцы няма.

Другі раз добрую нядзельную раніцу “пад адхон пусціла” сямейная пара. Прыйшлі, дзяцей прывялі, расклаліся, ежу даставаць пачалі. “Я ім пакажу ежу, дома паесці не маглі, прыпёрліся”… ,– пульсавалі ў галаве думкі, нервы не вытрымалі, і мужчына ўскочыў у трактар і пачаў касіць свой паўвостраў. “Ага, спужаліся, збіраюцца!”, – ён задаволена назіраў, як маладыя бацькі апранаюць дзяцей і складаюць пажыткі.

Адваяваў. Дарэчы гэту вайну са сваіх дамоў назіралі іншыя аднавяскоўцы,  якія і паведамілі пра інцыдэнт у рэдакцыю. Падобныя гісторыі адбываюцца ў розных месцах нашага маляўнічага раёна, дзе берагі азёр ці рэк традыцыйна выкарыстоўваюцца некім па прызначэнні, а ўчасткі прымыкаюць да вадаёмаў. Чула, як абражалі людзей, што прайшліся па іх траве, на беразе Чаравэчча.

На чыім баку праўда ў падобных сітуацыях? Дзе заканчваецца маё, а пачынаецца грамадскае, высвятлялі не толькі мы, але і землеўпарадкавальная служба райвыканкама па нядаўнім інцыдэнце. Зямля там аказалася не зарэгістраванай: участак проста традыцыйна “замацаваўся” за чалавекам, які на ім нарыхтоўваў сена. І добра, што абкошвае, аднак ва ўласнасць бераг возера ніяк не перайшоў і, канечне, мужчына быў няправы, калі перашкодзіў некаму адпачыць. Дарэчы, сям’я магла нават выклікаць праваахоўнікаў.

Ці могуць наогул участкі, што прымыкаюць непасрэдна да вадаёма, быць прыватнымі, а значыць недаступнымі для адпачынку іншымі людзьмі? Не, паколькі азёры – народнае багацце, то і карыстацца імі могуць абсалютна ўсе. І пры афармленні ўчасткаў, нават калі ён выкуплены праз аўкцыён ва ўласнасць, усё роўна нельга ўстанаўліваць агароджу на адлегласці меней пяці метраў гарызантальна вадзе. Усё гэта агаворана новым Водным кодэксам. Хаця існуюць выключэнні. Напрыклад, у Лутаве, Пліне, ды і іншых населеных пунктах, дзе сядзібы стаяць з пяцідзесятых гадоў, а іх межы заканчваюцца вадой, гаспадар можа смела папрасіць вас пакінуць свае ўладанні.

Наогул зямельнае пытанне было і застаецца падставай для спрэчак. Хоць і мінулі часы, калі зямлі было мала і ўзорваліся нават межы, тым не менш і зараз суседзі “ваююць” нават за сантыметры. Дарэчы, сёлета супрацоўнікі землеўпарадкавальнай службы назіраюць рост скаргаў. Некаторыя – хутчэй справа прынцыпу, калі гаспадары памежных сядзіб ставяць адзін аднаму палкі ў колы. У любым выпадку сваю правату хутчэй дакажа той, у каго на руках дакументы з памерамі ўчастка. Між іншым, пры выездзе спецыялістаў “Віцебскгіпразема” ўстанаўліваюцца знакі, якія і адбіваюць адну тэрыторыю ад другой. Яны могуць быць драўлянымі, металічнымі або граніцай служыць існуючая агароджа. Вымаць і псаваць знакі таксама нельга, за гэта прадугледжана нават адміністрацыйная адказнасць.

А лепш, канечне, вырашаць пытанні мірна. Дарэчы, аднойчы са здзіўленнем убачыла на сваёй сажалцы на заканчэнні агарода незнаёмага рыбака. Малады чалавек даказваў мне, што з дзяцінства, як прыязджаў да бабулі, лавіў тут рыбу. Мы “разышліся” па-добраму, на гэты раз ён застаўся ля прыкормленага месца, аднак дзіцячыя ўспаміны давялося “асвяжыць” – паказаць натуральную, а не штучную саджалку на другім баку балота.

Вольга КАРАЛЕНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *