Будьте рядом и на шаг впереди. В Беларуси участились случаи выпадения детей из окон

Профилактика и безопасность

За тры апошнія месяцы ў Беларусі з вокнаў выпалі 8 дзяцей, адзін з іх загінуў. Апошні такі выпадак адбыўся напрыканцы ліпеня ў Камянецкім раёне. Маці двухгадовай дзяўчынкі на некаторы час адлучылася з пакоя на пятым паверсе, у якім было прыадчынена акно. Калі ж вярнулася, малышкі не аказалася. Выбегшы на вуліцу, жанчына знайшла яе ў кустах пад вокнамі кватэры. Дзіця ў цяжкім стане даставілі ў абласную бальніцу.

11 ліпеня ў Дзятлаўскім раёне з акна кватэры, размешчанай на трэцім паверсе, выпаў шасцігадовы хлопчык. Супрацоўнікі Следчага камітэта, якія праводзілі праверку па ўзгаданым факце, высветлілі, што ў той вечар дзіця разам з мамай было ў гасцях. Калі дарослыя пайшлі на вуліцу, хлопчык застаўся ў кватэры, каб пасядзець за камп’ютарам. Агрэсіўная гульня, якая выклікае пачуццё страху і прадугледжвае выкананне каманд галоўнага героя, напалохала малога – і ён паспрабаваў уцячы з кватэры. Вось толькі адкрыць замок дзвярэй не здолеў, а таму накіраваўся да акна, адкрыў фортачку – і выпаў. На шчасце, у гэты раз падзенне абышлося без цяжкіх наступстваў.

Аналіз падобных выпадкаў паказвае, што ўсе яны адбыліся найперш з-за бестурботнасці дарослых, якія праігнаравалі самае простае і самае важнае правіла – не пакідаць дзяцей без нагляду. Дарэчы, колькасць падзенняў і траўм узрастае ў пятніцу. Мабыць, адбіваецца бацькоўская стомленасць.

Цяжар пашкоджанняў не залежыць ні ад узросту, ні ад вагі дзяцей. На тых жа маскітных сетках, якія ствараюць толькі бачнасць бяспекі, малыя вылятаюць, як на дыванах-самалётах. Тыповая карціна: крэсла, канапа, тумбачка. І вось ужо падаконнік… Адных падштурхоўвае цікаўнасць, іншыя проста губляюць раўнавагу. Дарэчы, фізіялагічныя асаблівасці – адна з прычын, чаму ў малышоў больш шансаў выпасці з акна за дарослых. Уся справа ў цэнтры цяжару.

У кожным выпадку праваахоўнікі праводзяць праверку, бо сітуацыі бываюць розныя. Калі гэта не наўмыснае пакіданне дзіцяці ў небяспецы – адказнасць маральная. Хоць ад дэпутатаў ужо гучаць ініцыятывы за пакіданне малых без нагляду ўвесці юрыдычную.

Супрацоўнікі Следчага камітэта не могуць застацца раўнадушнымі да апісаных вышэй трагедый. Калі ў доме ёсць дзіця, адсуньце ад вокнаў мэблю, каб яно не змагло ўзлезці на падаконнік. Вазьміце за правіла не адкрываць акно цалкам – праветрыць памяшканне можна праз верхнюю фортку ці фрамугу. Не разлічвайце на маскітныя сеткі: яны не вытрымаюць вагі дзіцяці. Устанавіце на рамы блакіратары – спецыяльныя прылады, якія не дазволяць малышу самастойна адкрыць вокны. Вытворцы апошніх, дарэчы, прапануюць розныя практычныя рашэнні: адмысловыя сістэмы фурнітуры, замкі і ручкі з ключом. І самае галоўнае – ні на хвіліну не губляйце пільнасці! Бо ніякія прыстасаванні і хітрасці не заменяць уважлівага бацькоўскага вока.

С.ШАЙТАР, старшы следчы раённага аддзела Следчага камітэта.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *