Делегация Ушачского района приняла участие в областных «Дажынках» в Дубровно

Общество

Традыцыя праводзіць “Дажынкі” ў нашай краіне перажыла выпрабаванне і часам, і войнамі. За больш чым два дзесяцігоддзі адроджаны па ініцыятыве кіраўніка дзяржавы фестываль-кірмаш стаў сапраўдным народным святам, нацыянальным брэндам. Нягледзячы на тое, што з 2014 года ў краіне няма адзінай сталіцы “Дажынак”, у кожнай вобласці яна свая. 30 верасня ў Дуброўне прайшло свята аграрыяў Віцебшчыны. Тут даўно “прапісаўся” штогадовы фестываль “Дняпроўскія галасы”, але мерапрыемства такога маштабу райцэнтр яшчэ не бачыў. На ім уражвала ўсё: і размах, і падарункі пераможцам.

Да  падзеі горад пераўвасобіўся – тут прывялі ў парадак больш за 200 аб’ектаў, з якіх трэцяя частка адносіцца да сацыяльнай сферы. Рэканструкцыя прайшла на цэнтральнай плошчы і гарадскім стадыёне, з’явіліся новыя элементы добраўпарадкавання, сучасная гульнявая пляцоўка, будынак загса, капітальна адрамантаваны школа мастацтваў, дом рамёстваў, два дзіцячыя садкі, школа і многія іншыя ўстановы.

Народныя гулянні сабралі тысячы жыхароў і гасцей – дэлегацыі з Расіі, з усіх рэгіёнаў Прыдзвіння. Нашу ўзначальваў старшыня райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка, у яе склад ўваходзілі прадстаўнікі раённай улады, райсельгасхарча, грамадскіх арганізацый, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў Ушаччыны, вадзіцелі і механізатары, якія адзначыліся на раённым узроўні. І няхай іх вынікам далёка да лічбаў пераможцаў абласных спаборніцтваў на ўборцы зерневых і зернебабовых, але і праца ўшацкіх работнікаў палёў заслугоўвае пашаны, з’яўляецца часткай агульнага караваю Віцебшчыны.

А ён сёлета важкі. Вітаючы аграрыяў вобласці, гасцей і ўдзельнікаў свята, старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Мікалаевіч Шарснёў адзначыў вялікую ролю аграпрамысловага комплексу ва ўстойлівым развіцці рэгіёну. Ён падкрэсліў, што поспеху на сельскай ніве садзейнічаюць аператыўнасць і строгае захаванне тэхналогій. З-за неспрыяльных умоў надвор’я сёлетнія пасяўная і ўборачная праходзілі складана, але, нягледзячы на гэта, хлебаробы Віцебшчыны сабралі больш за мільён тон збожжа, валавы збор на 170 тысяч тон большы за мінулагодні! “У бягучым годзе упершыню атрымана 81 тысяча тон зернебабовых культур у чыстым выглядзе”, – адзначыў губернатар. Ён падкрэсліў, што вобласць выканала дзяржзаказ, у поўным аб’ёме засыпаны насенныя фонды, дастаткова фуражу для забеспячэння жывёлагадоўлі канцэнтратамі – стаўка на пашырэнне пасеваў зернебабовых і алейных культур дапамагае вырашыць праблему атрымання расліннага бялку. М.М.Шарснёў таксама звярнуў увагу, што ў рэгіёне шэраг гаспадарак дабіліся добрых вынікаў у вытворчасці рапсу і выказаў шчырую ўдзячнасць усім, хто паспяхова працаваў на хлебнай ніве.

Словы віншаванняў і падзякі гучалі і ад старшыні Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Паўлавіча Андрэйчанкі, іншых кіраўнікоў рэспубліканскіх і абласных органаў дзяржаўнага кіравання. У.П.Андрэйчанка адзначыў, што лёгкага хлеба не бывае: “Віцебшчына з гонарам праводзіць гэтае свята. І гэта нягледзячы на тое, што год склаўся даволі няпросты, асабліва для Віцебскай вобласці і вясной, і восенню. Атрыманы дастойны ўраджай. За гэтым стаіць вялікая праца хлебаробаў. Канечне, прыклала да гэтага руку і наша навука, і прамысловасць. На ўраджай працавала ўся краіна”.

Былі агучаны і ўзнагароджаны раёны, якія дабіліся самых важкіх намалотаў. Асобна адзначаны Аршанскі, дзе ўпершыню ў гісторыі рэгіёна намалацілі 147 тысяч тон зерня. А таксама Віцебскі, Дубровенскі, Верхнядзвінскі і Полацкі – гэтыя пяць раёнаў далі вобласці дзве пятых агульнага намалоту!

Лепшым гаспадаркам і перадавікам уручаліся дыпломы, падарункі і грашовыя прэміі. Сельгаспрадпрыемства “Ларынаўка” Аршанскага раёна атрымала сярэднюю ўраджайнасць зерневых 84,8 цэнтнера з гектара, “Альгоўскае” і “Рудакова” Віцебскага раёна – 66,8, і 66,3 адпаведна. 275 экіпажаў камбайнаў перасягнулі тысячны намалот, а дуэт хлебаробаў філіяла “Задняпроўскі” Аршанскага камбіната хлебапрадуктаў у складзе Сяргея Грэкава і Алега Сушкевіча ўстанавілі абсалютны рэкорд у гісторыі вобласці – намалацілі звыш 4,7 тысячы тон зерня. Больш 3 тысяч сабралі суседзі-лепельчане Леанід Парамонаў і Дзмітрый Скрыпелеў з філіяла “Заазер’е” Віцебскага мясакамбіната і Мікалай Захарэнка і Сяргей Каткоўскі з СВК “Ларынаўка”. “Нам бы такія палі і такую тэхніку!” – казалі падчас цырымоніі ўзнагароджання камбайнеры КУСГП “Вялікадолецкае” Васіль Алексяёнак і Андрэй Смаляк. Пад уражаннем ад магчымасцяў высокапрадукцыйнай тэхнікі, якая дэманстравалася на выставе, былі і камбайнеры ААТ “Ільюшынскі” Уладзімір Лёля, Анатоль Спірыдзёнак і Юрый Бука. Зрэшты, з 12-мятровымі жняяркамі на нашых дробнаконтурных палях асабліва не развернешся, але ж і параўнаць іх прадукцыйнасць з КЗС-1218 “Палессе”, на якіх у асноўным працавалі ўшацкія камбайнеры, нельга. Першы год на такім збожжаўборачным агрэгаце ўбіраў хлеб Алег Крывёнак, перасеўшы са спісанай “Ліды-1300”. І спрацаваў, як заўсёды, адказна і старанна, заслужыўшы паездку на гадавое свята аграрыяў. А вось Сяргей Вусько з “Вялікадолецкага” сваю старэнькую “Ліду-1300” эксплуатаваў сёлета 17-ы сезон! Упершыню былі гасцямі на абласных “Дажынках” прадстаўнікі шэфскіх арганізацый – вадзіцель Дубраўскай бальніцы сястрынскага догляду Генадзь Красноў раней дапамагаў на жніве “Райаграсэрвісу”, а сёлета правёў паўнацэнны сезон у ААТ “Дземенец”, а работнік ДРБУ-105 Сяргей Шах ужо каторую ўборачную шчыруе на палях КУСГП “Кублічы”. “Нам прэмій няма, дык хоць за суседзяў парадуемся!” – зазначалі падчас цырымоніі ўзнагароджання механізатары Генадзь Качан з “Вялікадолецкага” і Ігар Кароткі з “Ільюшынскага” – суседзяў з Полацкага раёна сёлета багата ў лідарах!”

І ўсё ж ушачане на сцэну падымаліся. Цудоўным падарункам – новенькім трактарам – за перамогу ў рэспубліканскім конкурсе павіншавалі нашага земляка, дырэктара Полацкага лясгаса Канстанціна Станіслававіча Баратынскага, якога горача падтрымалі члены ўшацкай дэлегацыі.

А распачыналася ўсё на пляцоўцы ля будынка райвыканкама выставай-прэзентацыяй традыцыйных касцюмаў Віцебшчыны і конкурсным праектам “Дажыначны сноп”, дзе Ушаччыну ярка прадставілі маладыя работнікі цэнтра культуры і народнай творчасці Кацярына Зелянік, Марына Андзіна і Сяргей Каваленка. З кожным годам аграрны фестываль набірае абароты і арганізатары імкнуцца здзівіць гасцей нечым новым. Вядучымі цырымоніі адкрыцця і “экскурсаводамі” для ганаровых гасцей па святочным горадзе сталі артысты абласнога коласаўскага тэатра. “А гэта – Ушачы! Тут ніколі не плачуць, а годна працуюць ды весела скачуць!” – заклікалі яны да візітоўкі раёна, і М.М.Шарснёў, У.П.Андрэйчанка, старшыня Камітэта дзяржкантролю Леанід Васільевіч Анфімаў, іншыя высокія госці мерапрыемства засталіся задаволены ўбачаным.

Сустракалі ж удзельнікаў фестывалю па традыцыі хлебам і соллю. Сваё майстэрства і фантазію паказалі хлебапёкі Віцебшчыны – караваі раёнаў выглядалі вельмі прыгожа. А імправізаваныя пункты грамадскага харчавання ўзніклі прама ўздоўж цэнтральных вуліц горада – хлебасольныя гаспадары запрашалі ўсіх жадаючых падсілкавацца стравамі нацыянальнай кухні – у прахалоднае надвор’е асаблівай “павагай” карысталася гарачая юшка, адведаць якую маглі побач і губернатар, і камбайнер-тысячнік.

Супрацоўнікі міністэрстваў па надзвычайных сітуацыях і ўнутраных спраў не толькі кантралявалі бяспеку, але і прынялі самы непасрэдны ўдзел у святочным афармленні горада, у рэтра-форме ахвотна фатаграфаваліся з гасцямі, якім былі прапанаваны выставы спецтэхнікі ад 30-ых гадоў мінулага веку і да сённяшніх дзён. Асабліва пастараліся выратавальнікі, якія наладзілі сапраўднае верталётнае шоу і вадзяны феерверк.

Гандлёвыя рады радавалі разнастайнасцю прадукцыі ад прадпрыемстваў і арганізацый вобласці. Пастаралася і Ушацкае райспажыўтаварыства, а заманіць наведвальнікаў у яго палаткі дапамагала сваімі песнямі трыа з калектыву “Дубравушка” Арэхаўскага СДК у складзе Сяргея Мядзведзева, Вольгі Мацулевіч, Тамары Чабохі і загадчыца Сарочынскага сельскага клуба Людміла Пашута – праз некалькі гадзін у іх нават утварыўся своеасаблівы фан-клуб!

На цэнтральнай плошчы Дуброўна разгарнулася выстава-продаж вырабаў майстроў-рамеснікаў, праходзіў конкурс сапраўдных волатаў “Асілак сяла”, святочны настрой удзельнікаў “Дажынак” падтрымлівалі таленавітыя артысты Віцебскай вобласці і краіны. Ды і наогул паглядзець было на што. Але ж цэнтральнай падзеяй разам з уручэннем прэмій і падарункаў пераможцам абласных спаборніцтваў стала ўрачыстае, яркае касцюміраванае шэсце дэлегацый раёнаў. З мелодыямі аркестраў калоны з гарадскога стадыёна рушылі да канцэртнай пляцоўкі. Герб і сцяг кожнага рэгіёна ўрачыста праносілі ля прэзідыуму і па вуліцах горада. Пад дроб юных ушацкіх барабаншчыц плылі сярод шматтысячнай калоны і выявы Святога Лаўрэна на сімволіцы раёна.

Абласное свята аграрыяў, як значны сацыяльна-культурны праект, у поўнай меры апраўдвае сваю галоўную ідэю – прывіваць любоў і павагу да зямлі і працы, садзейнічаць навядзенню парадку, добраўпарадкаванню населеных пунктаў. М.М.Шарснёў нагадаў, што ў наступным годзе “Дажынкі” будзе прымаць Верхнядзвінск, які таксама істотна абновіцца да свята, і яшчэ раз аддаў даніну працы аграрыяў: “Няхай хлебны каравай Віцебшчыны становіцца з кожным годам больш важкім, а наша зямля – багацей. Шчыра кажам: павага, гонар і слава нялёгкай сялянскай справе!” Інакш і не можа быць у краіне, дзе чалавек-працаўнік з’яўляецца галоўнай каштоўнасцю.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *