Семья Жуковых авторитет заслужила делами

Благоустройство Личное подсобное хозяйство Саветы і жыццё

Не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек месца. У гэтай народнай мудрасці давялося пераканацца падчас нядаўняга візіту ў Градзянец да сям’і Жукавых. І хоць нагода для нашай сустрэчы з Верай Мікалаеўнай і Уладзімірам Мікалаевічам была іншая, пра годныя справы гэтых людзей на карысць сям’і і маленькай радзімы мы не маглі не пагутарыць.

В.М.Жукава заўсёды знаходзіцца сярод людзей, адгукаецца на іх праблемы. Напэўна, гэтая акалічнасць і адыгрывае важную ролю ў тым, што некалькі гадоў запар аднавяскоўцы на агульным сходзе вёскі абіраюць яе старэйшынам населенага пункта. Да таго ж вось ужо 15 гадоў жанчына выконвае абавязкі дэпутата сельскага Савета дэпутатаў, пад яе “началам” – вуліца Азёрная і частка Цэнтральнай Градзянца з больш чым 100 жыхарамі.

Здаецца, гэтая жанчына ніколі не сумуе. І прычына таму ляжыць на паверхні – некалі. Разам з Уладзімірам Мікалаевічам трымаюць вялікую гаспадарку: адзіную ў вёсцы карову, цялушку, трусоў, свіней, курэй. Ёсць у дбайных гаспадароў і прысядзібны ўчастак, які апрацоўваюць выключна ўласнымі сіламі, для чаго ў свой час набылі трактар, плугі, культыватар, прычэп, капалку. “Застаецца толькі саджалку займець – і бяды ведаць не будзем, – усміхаецца гаспадыня. – Разбіраецца ж ва ўсіх гэтых агрэгатах муж, які большую частку жыцця адпрацаваў у сельскай гаспадарцы і толькі некалькі гадоў перад выхадам на пенсію качагарам у жыллёва-камунальнай”.

Сама ж жанчына – спецыяліст, як кажуць, шырокага профілю. Прафесійную дзейнасць пачынала на хлебазаводзе, заканчвала – на пошце, а асноўную яе частку – 27 гадоў – працавала ў дзіцячым садку ў Градзянцы. Менавіта адтуль і ведаю яе, паколькі была выхаванкай гэтай дашкольнай установы. Сярод калег Вера Мікалаеўна была аўтарытэтнай асобай, ды і мы, тады яшчэ малышы, успрымалі загадчыцу гаспадаркі мінімум як важнага начальніка: яе заўваг пабойваліся і ва ўсім безагаворачна слухаліся. Такія часам рэзкія (але заўсёды справядлівыя!) “інтанацыі” дапамагаюць В.М.Жукавай і зараз. Не раз перападала ад яе мясцовым выпівохам, нячыстым на руку землякам, да якіх жанчына перыядычна заходзіць па вясковых пытаннях.

– Энергія ў нашай Веры б’е праз край, – кажуць пра сваю старэйшыну і дэпутата суседзі. – Яна і падчас выбарчай кампаніі ў ліку актывістаў, і нам ва ўсіх справах прыклад. А яшчэ яна гаспадыня выдатная, выхавала дваіх дзяцей, а зараз, знаходзячыся на заслужаным адпачынку, прыглядае за шасцю ўнукамі.

Напэўна, знайсці лепшага чалавека, які давядзе вяскоўцам пазіцыю мясцовай улады па тым ці іншым пытанні, арганізуе людзей на грамадска-карысную справу, немагчыма. А такіх даручэнняў за гады сваёй дзейнасці В.М.Жукава выканала нямала. У верасні, напрыклад, дапамагла суседзям з абмалотам участкаў. Не без удзелу Веры Мікалаеўны на Азёрнай не так даўно з’явіўся “спячы паліцэйскі”. Цяпер жа на парадку дня – пытанні належнага асвятлення ў населеным пункце, заканчэння асфальтавання дарогі па ўзгаданай вышэй вуліцы.

Актыўнасць, стараннасць Веры Мікалаеўны цэніцца кіраўніцтвам Сарочынскага (да нядаўняга часу да яго адносіўся Градзянец) і Ушацкага сельвыканкамаў. Бо працуе жанчына, як і мясцовая ўлада, дзеля аднаго – каб палепшыць вясковы быт.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *