В Ушачах чествовали победителей районного конкурса на лучшее благоустройство и санитарное состояние населённых пунктов

Благоустройство

“Які ў вас прыгожы пасёлак!” – такія водгукі з боку гасцей раёна чуў практычна кожны ўшачанін. Няхай няма ў нас вялікага вытворчага патэнцыялу, але ў навядзенні парадку на зямлі мы імкнёмся быць узорнымі. Сведчанне таму – раённы агляд-конкурс на лепшае добраўпарадкаванне і санітарны стан населеных пунктаў, утрыманне аб’ектаў вытворчага і сацыяльна-культурнага прызначэння, ушанаванне пераможцаў якога адбылося напярэдадні гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Святочная атмасфера адчувалася яшчэ ў фае раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Пад жывую музыку ў выкананні выкладчыкаў дзіцячай школы мастацтваў можна было прагуляцца па адмысловых выставах. “Прадставілі толькі частку фатаграфій пераможцаў мінулагодняга і сёлетняга конкурсу, столькі дастойных прыкладаў, што ўсё не ахапіць!” – казалі работнікі цэнтральнай бібліятэкі каля падрыхтаванай выставы “Край мой – гонар мой!” Традыцыйна наладзілі выставу-продаж сваіх вырабаў супрацоўнікі Дома рамёстваў, сапраўдны экскурс у гісторыю па здымках ад мінулага да сучаснасці зрабілі работнікі музея, а яшчэ прапаноўвалі ўсім прысутным прайсці тэст на веданне Ушаччыны: глянуўшы на фота будынкаў гарпасёлка 70-80 гадоў трэба было знайсці яго на сучасных здымках. Трэба сказаць, што такое заданне выклікала непадробную цікавасць. І калі многія паспяхова суадносілі фота Дома Саветаў, КБА, райбальніцы, то далёка не ўсе маглі вызначыць вузел паштовай сувязі, аптэку і ўнівермаг.

Трэба сказаць, што мерапрыемствы ўшанавання пераможцаў агляду-конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне па-сапраўднаму сталі народнымі, а таму і на гэты раз у зале раённага цэнтра культуры не было свабодных месцаў: сюды спяшаліся пераможцы, іх калегі, знаёмыя і проста ўшачане, каб паглядзець канцэрт і парадавацца за годных гаспадароў. Дарэчы, выбраць лепшых, як звычайна, раённай камісіі было няпроста і сярод прадпрыемстваў, і асабістых падворкаў. “Лясгасаўцы сёлета захапілі лідарства!” – абмяркоўвалі гледачы яшчэ да пачатку мерапрыемства. І сапраўды, прадстаўнікі гэтага калектыву на сцэну падымаліся неаднойчы. Пытанням навядзення парадку арганізацыя ўдзяляе вялікую ўвагу, тэрыторыя як самога прадпрыемства, так і ўсіх сямі лясніцтваў з’яўляецца ўзорнай, сёлета яшчэ больш пераўвасобіўся дэндрапарк. Таму менавіта Ушацкаму лясгасу быў прысвоены тытул лепшага прадпрыемства гарпасёлка. У прыўзнятым настроі спяшаўся на мерапрыемства і ляснічы Сарочынскага лясніцтва С.М.Ільюшэвіч: гэтае падраздзяленне прызнана лепшым прадпрыемствам лясной гаспадаркі. У лясніцтве, якое па праве лічыцца варотамі лясгаса і раёна, да добраўпарадкавання падыходзяць з асаблівым энтузіязмам. “Стараемся не дзеля конкурсаў, а для сябе! Прыемна ж працаваць, калі вакол парадак”, – адзначае Сяргей Міхайлавіч і з ім згодны ўсе без выключэння працаўнікі калектыву. А вось галоўны ляснічы лясгаса А.М.Апёнак уздымаўся на галоўную сцэну за падарункам у асабістай намінацыі – сядзіба яго сям’і вылучана ў лік трох узорных па гарпасёлку. Прадстаўнічай была на свяце дэлегацыя кублічан, акрамя гаспадароў, пераможцам агляду-конкурсу быў прызнаны і сам сельсавет, а Селішчанская бібліятэка, што знаходзіцца на яго тэрыторыі – лепшай установай культуры.

Сістэмная работа кожны год праводзіцца ва ўсіх без выключэння школах і дзіцячых садках раёна, калектывы якіх пастаянна праяўляюць творчы падыход у стварэнні новых кветкавых і ландшафтных кампазіцый. Шмат зроблена сёлета ва Ушацкай школе, якая і прызнана лепшай сярод адукацыйных устаноў. Як адзначыў старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка, многія арганізацыі ў плане навядзення парадку заслугоўваюць добрых слоў. Напрыклад, у няпростых умовах даводзіцца працаваць райспажыўтаварыству, акрамя сваіх гандлёвых кропак прадпрыемства абслугоўвае яшчэ 38 за яго межамі. І пры гэтым удзяляе ўвагу не толькі мадэрнізацыі аб’ектаў, а і добраўпарадкаванню. Бясспрэчна ідэальнай можна назваць тэрыторыю раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. І справа не толькі ў новым пажарным дэпо, а і ў падыходзе калектыву да пытанняў добраўпарадкавання: кветкавыя кампазіцыі, дэкаратыўныя расліны і элементы выдатна дапаўняюць агульны выгляд, а альтанка-карэта стала папулярным месцам для сэлфі ва ўшачан. Як і слонік, які сёлета пасяліўся на тэрыторыі Ушацкага раёна газазабеспячэння. “Кожны са мной пагадзіцца, што менавіта гэтая арганізацыя ў плане добраўпарадкавання і санітарнага стану з’яўляецца эталоннай. Вы па-за канкурэнцыяй і для вас трэба ўжо ўвесці спецыяльную асобную намінацыю”, – казаў Уладзімір Генадзьевіч, уручаючы кіраўніку газавай службы Я.С.Шчаснаму Ліст падзякі райвыканкама за значны ўклад у навядзенне парадку на зямлі і выкананне мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні ў 2019 годзе.

На працягу года выдалены баршчэўнік на плошчы ў 2004 гектары. З мэтай упарадкавання абыходжання з камунальнымі адходамі працягваецца работа па аптымізацыі міні-палігонаў на тэрыторыі раёна. Выконваюцца мерапрыемствы па падтрыманні ў належным стане ахоўных прыродных тэрыторый, абсталяванні месцаў адпачынку, прыведзены ў парадак помнікі і месцы воінскіх пахаванняў. Разам з тым, многае яшчэ трэба зрабіць, “падцягнуцца” ў плане добраўпарадкавання павінны і сельгасарганізацыі, пераможцы сярод якіх і не вызначаліся.

Лепшым населеным пунктам сёлета прызнана Лутава Сяльцо Ушацкага сельсавета, дзе многія гаспадары падтрымліваюць парадак не толькі ў межах сваёй агароджы. “Будзем старацца трымаць марку і выглядаць яшчэ лепш!” – бадзёра запэўніў старшынь райвыканкама і райсавета У.Г.Аўдошку і Н.М.Марковіч старэйшына Віктар Васільевіч Федарэнка.

Адразу дзве сядзібы з вуліцы Рачной Ліпаўца трапілі ў лік пераможцаў: шыльду “Дом узорнага парадку” заслужана атрымала Вера Мікалаеўна Салачэнка, а падворак яе суседзяў Уладзіміра Дзмітрыевіча і Алены Мікалаеўны Хвошч прызнаны лепшым ветэранскім ва Ушацкім сельсавеце.

“Здаецца, нічога звышнатуральнага ў нас няма, проста любім парадак і не сядзім без справы”, – сціпла адзначала сям’я Астрэйкаў з Дубраўкі, тым не менш, шукаючы летам у населеным пункце дастойны прыклад добраўпарадкавання, менавіта пра Уладзіміра Мікалаевіча і Любоў Міхайлаўну раілі напісаць вяскоўцы. Немагчыма праехаць па цэнтральнай вуліцы аграгарадка Вялікія Дольцы, не звярнуўшы ўвагу на сядзібу сям’і Працукевіч, якія нягледзячы на ўзрост кожны год прыдумваюць штосьці новае, а рэалізоўваць ідэі ў жыццё ім дапамагаюць дзеці і ўнукі. На першы план ставяць клопаты аб сваёй сядзібе і толькі потым думаюць пра адпачынак Пётр Мечыслававіч і Ларыса Захараўна Мажэйкі з гарпасёлка. Увесь сезон іх падворак патанае ў кветках, а на ўласных сотках расце выдатны ўраджай.

Адзначым, што не толькі ўшачане, а і дачнікі робяць наш раён прыгажэйшым, і іх старанні не застаюцца непрыкмечанымі. “Маляўнічае Двор Павулле стала для нас родным, тут мы праводзім час з ранняй вясны да позняй восені. Зараз ужо адпраўляемся ў сталіцу, але ўсю зіму нас будуць грэць успаміны пра гэтае цудоўнае мерапрыемства!” – падзяліліся Дзіяна Паўлаўна і Аляксандр Яўгенавіч Бароўскія.

А лепшы маладзёжны падворак у раёне сёлета ў вёсцы Матырына – Дзмітрый і Алена Рудзёнкі, уздымаючыся на сцэну разам са сваімі дзеткамі, прыкметна хваляваліся. Увагу і пашану яны заслужылі дбайным доглядам за сваім домікам на вуліцы Цэнтральнай, дзе навялі і падтрымліваюць належны парадак.

Усіх пераможцаў зала вітала шчырымі апладысментамі, а прыгажосць сядзіб паралельна можна было пабачыць на вялікім экране на слайдах. Ніхто з удзельнікаў свята не пакідаў залу ў дрэнным настроі, а пераможцы разыходзячыся адзначалі, што ўжо выношваюць новыя ідэі па добраўпарадкаванні сваіх тэрыторый.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *