В Ушачах прошёл традиционный День призывника

Образование и молодежь Общество

У хуткім часе Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь прымуць маладое папаўненне. Будуць сярод іх і прадстаўнікі нашага раёна. У панядзелак ва Ушачах прайшоў традыцыйны Дзень прызыўніка, на якім будучым абаронцам Айчыны ва ўрачыстай абстаноўцы былі ўручаны павесткі.

Пачалося мерапрыемства ля помніка загінуўшым воінам і партызанам у гарпасёлку, дзе маладыя людзі ўшанавалі памяць загінуўшых воінаў і ўсклалі вянок, а затым накіраваліся ў храм святых пакутніц Мінадоры, Мітрадоры, Німфадоры, каб атрымаць блаславенне на службу. Айцец Вячаслаў акрапіў хлопцаў святой вадой і падарыў нацельныя крыжыкі тым, хто іх не меў.

Працягнулася дзейства ў актавай зале Ушацкай школы ўжо з удзелам бацькоў, знаёмых, прадстаўнікоў сілавых структур – пракуратуры, аддзелаў унутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях, а таксама старшакласнікаў.

Звяртаючыся да будучых салдат, намеснік старшыні райвыканкама Н.М.Марковіч пажадала юнакам годна несці службу, свята выконваць воінскую прысягу і заўсёды памятаць: на іх плячах заўтрашні дзень краіны, мір і спакой народа.

Больш за саміх герояў мерапрыемства хваляваліся іх родныя. Няпроста было звяртацца да будучых салдат Сняжане Пятроўне Первянёнак з гарпасёлка, паколькі ў гэты прызыў трапіў яе сын Уладзіслаў – на працягу ўсяго мерапрыемства яна непрыкметна змахвала слёзы. “Будзьце гонарам для сваіх бацькоў, праявіце сябе добрымі справамі, – хвалюючыся, казала жанчына. – Думаецца, што ў арміі загартуецца ваш характар, канчаткова вызначацца мэты ў жыцці. Галоўнае, каб вы вярнуліся здаровымі”.

Не менш узрушана была і ўшачанка Ірына Мікалаеўна Клоп: “Сёлета ў армію адпраўляецца мой старэйшы сын, які будзе служыць удалечыні ад дома ў Лідзе, а на будучы год аддаваць доўг Радзіме адправіцца і малодшы. Адпаведна ўсе думкі і прысвечаны толькі гэтай тэме…” Моцнае хваляванне бацькоў зразумела, бо іх дзеці ўступаюць на новы этап жыцця: “Школу мужнасці павінен прайсці кожны мужчына, гэта не толькі абавязак, але і гонар, асаблівая адзнака мужчынскай годнасці”,” – адзначыў начальнік адасобленай групы (Ушацкага раёна) ваеннага камісарыята Лепельскага і Ушацкага раёнаў Л.П.Шахноўскі.

Зрэшты, зараз рэдка хто адпраўляецца на тэрміновую службу са школьнай лаўкі. Вось і маладых людзей гэтага прызыву дзецьмі ніяк не назавеш – толькі чацвёра з іх нарадзіліся ў першай палове 1999 года, а старэйшы з прызыўнікоў – наогул у ­1991-ым. Прыемна адзначыць, што амаль усе з 23 будучых салдат напярэдадні школы мужнасці ўжо паспелі паспрабаваць і смак свайго ўласнага “хлеба” – механізатара і муляра, медработніка і настаўніка, інжынера і меліяратара. Большасць з іх маюць сярэднюю спецыяльную і прафесійна-тэхнічную адукацыю, а Андрэй Жаваранак і Мікалай Пашкоў, у адрозненні ад астатніх, будуць служыць толькі год – у іх за плячыма педуніверсітэт і Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія. Даволі шырокая і геаграфія работы хлопцаў з прызыву – акрамя Ушацкага, гэта Бешанковіцкі, Міёрскі, Браслаўскі раёны, Полацк.

Дарэчы, службу яны будуць несці ў розных ваенных часцях і не толькі ў межах нашай вобласці. Але многія трапяць у механізаваную брыгаду ў Заслонаве суседняга Лепельскага раёна. Яе прадстаўнік, намеснік камандзіра мотастралковай роты па ідэалагічнай рабоце А.М.Шугаеў прыехаў падтрымаць будучых салдат: “Служба ў арміі – гэта ваш сур’ёзны іспыт на сталасць, які зробіць вас мужнымі і вынослівымі. Магчыма, хтосьці потым нават захоча звязаць і сваю будучую дзейнасць з прафесіяй ваеннага”. Афіцэр зазначыў, што зараз у вайсковых падраздзяленнях створаны належныя ўмовы для службы салдат, а пацвярджэннем сказанаму стаў невялікі відэафільм аб жыцці ў механізаванай брыгадзе.

Н.М.Марковіч і намеснік ваеннага камісара Лепельскага і Ушацкага раёнаў А.В. Еўстаф’еў уручылі юнакам павесткі, наказ прызыўніку, а таксама памятныя сувеніры. У добры шлях, абаронцы Айчыны!

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *