Сборная Республики Беларусь по дзюдо выбрала ФОК «Юность-Ушачи» местом проведения учебно-тренировочного сбора

Cпорт

А ці ведаеце вы, што лідар нашай зборнай па дзюдо, які прадстаўляў краіну на Алімпіядзе ў Рыа-дэ-Жанейра, мае ўшацкія карані… Што нават самыя моцныя дзяўчаты нашага кантынента не могуць стрымаць слёзы, стоячы на вышэйшай прыступцы п’едэ­стала, калі ў іх гонар узнімаецца сцяг роднай Беларусі… Што ў фінале сёлетняга маладзёжнага чэмпіянату Еўропы адносіны высвятлялі два беларусы, якія сябруюць паміж сабой… Пра ўсё гэта давялося пачуць з першых вуснаў ад самых яркіх айчынных зорак дзюдо, якія зараз праводзяць вучэбна-трэніровачны збор на базе спарткомплексу “Юнац­тва-Ушачы”.

Ідэя прыехаць у наш райцэнтр належала галоўнаму трэнеру нацыянальнай зборнай Леаніду Фёдаравічу Свірыду. “У кастрычніку ў Полацку праводзіўся Кубак Рэспублікі, па шляху вырашыў зазірнуць ва Ушачы – калі ж убачыў комплекс, адразу зразумеў, што гэта выдатнае месца для асноўнага збору па агульна-фізічнай падрыхтоўцы. Шыкоўная трэнажорка, басейн, зал для барацьбы – лепшых умоў і не прыдумаеш. А тое, што Ушачы знаходзяцца ў глыбінцы, – толькі плюс, бо спартсмены не будуць адцягваць увагу на зносіны з роднымі і знаёмымі, больш сканцэнтруюцца на трэніроўках”, – расказвае Леанід Фёдаравіч. Для нашага аб’екта гэта першы вопыт арганізацыі трэніровачнага працэсу для спартсменаў такога ўзроўню і складана было чакаць, што ўсё пройдзе “без шурпатасцяў”. Так, напрыклад, размясціць усіх 29 членаў дэлегацыі ў нумарах комплексу было немагчыма, таму частку спартсменаў пасялілі ў гарадской гасцініцы. Былі пэўныя пытанні і па рацыёне харчавання, які ў спорце высокіх дасягненняў мае шэраг асаблівасцяў. Тым не менш, па словах галоўнага трэнера, ушачане прыслухоўваюцца да ўсіх заўваг і шчыра імкнуцца зрабіць быт гасцей максімальна камфортным, каб нічога не перашкаджала плённым трэніроўкам.

Паназіраць за тым, з якой аддачай працуюць зборнікі, давялося ў трэнажорнай зале. Кожны з іх выконваў сілавыя практыкаванні па вызначанай схеме і ў літаральным сэнсе да сёмага поту. Аднак настрой абсалютна ва ўсіх быў выдатны, і зоркі беларускага спорту з гатоўнасцю згадзіліся на інтэрв’ю для чытачоў “Патрыёта”. Трэба сказаць, што гэты сезон для айчыннага дзюдо быў даволі паспяховым. Леанід Свірыд, які стаў у руля зборнай два гады таму, значна амаладзіў каманду, паспрыяў стварэнню ў ёй таварыскага мікраклімату. І менавіта яго персанальная выхаванка Марына Слуцкая прынесла ў скарбонку зборнай галоўны сёлетні трафей – залаты медаль чэмпіянату Еўропы ў суперцяжкай вагавой катэгорыі.

Прынамсі, самая моцная дзюдаістка “старога свету” аказалася вельмі абаяльнай і прыемнай у зносінах – пра такіх кажуць, “знаходка для журналіста”. Гледзячы, як гараць яе вочы, калі расказвае пра любімую справу, цяжка паверыць, што нядаўна дзяўчына хацела “павесіць кімано на цвік”. У выніку пэўных суб’ектыўных акалічнасцяў яна не змагла трапіць на Алімпіяду, да якой вельмі шмат рыхтавалася, і гэта стала цяжкай псіхалагічнай траўмай. Але новы трэнер угаварыў застацца, бо бачыў вялікі патэнцыял дзяўчыны. “Фінальную схватку чэмпіянату Еўропы правяла ўпэўнена – праз дзве хвіліны ад пачатку здолела кінуць саперніцу на іпон і атрымаць чыстую перамогу. А вось паядынак за выхад у фінал быў вельмі напружаным: заліковы прыём я правяла на апошняй секундзе, а пасля гонгу заплюшчыла вочы і баялася паглядзець на табло, каб упэўніцца, што яго залічылі…” – прыгадвае свае эмоцыі Марына. А яшчэ дадае, што самым хвалюючым стаў для яе момант узнагароджання, калі па шчоках міжволі ліліся слёзы ад перапаўняючага сэрца шчасця і гонару.

Два гады таму падобныя пачуцці былі і ў жыцці яшчэ адной удзельніцы нашай каманды Дар’і Скрыпнік: яна стала бронзавым прызёрам чэмпіянату Свету. Не менш яскравай падзеяй быў удзел у Алімпійскіх гульнях, дзе летась яны разам з Дзмітрыем Шэршанем прадстаўлялі беларускае дзюдо. “На жаль, паказаць добры вынік нам не ўдалася, але гэта быў выдатны вопыт і стымул для яшчэ больш упартай работы, – расказвае Дзіма. – Дарэчы, я быў вельмі задаволены, калі даведаўся, што чарговы збор будзе праходзіць ва Ушачах. Гэта ж практычна мае родныя мясціны: сам я навапалачанін, а вось дзядуля з бабуляй – Анатоль і Софья Шэршань – жылі ў Двор Жарах, і я праводзіў у іх усе канікулы”. Вельмі задаволены ўмовамі ва ўшацкім спарткомплексе і перспектыўны навічок зборнай – прадстаўнік віцебскай школы дзюдо Даніэль Мукетэ. Усмешлівы і гаваркі 21-гадовы хлопец на татамі пераўтвараецца ў суровага байца – такі характар дапамог яму сёлета здабыць золата маладзёжнага чэмпіянату Еўропы.

І літаральна ўсе, з кім давялося пагутарыць у гэты дзень, выказвалі спадзяванне, што трэніроўкі на базе “Ушачы-Юнацтва” цяпер будуць пастаянна ў календары зборнай, дзякавалі за цёплы прыём і ўвагу з боку кіраўніцтва аб’екта. У сваю чаргу, дырэктар Ушацкай ДЮСШ Святлана Мікалаеўна Фядосенка адзначае наступнае: “Для нас вялікі гонар прымаць гасцей такога высокага спартыўнага ўзроўню. Акрамя фінансавага прыбытку, вельмі важна, што юныя дзюдаісты спартыўнай школы маюць магчымасць убачыць, як трэніруюцца лепшыя барцы краіны. Упэўнена, што іх прыклад стане штуршком да выхаду на новы ўзровень, тым больш што зараз у нас цудоўныя ўмовы для трэніровак. Спадзяюся, што неўзабаве сярод удзельнікаў нацыянальнай зборнай мы ўбачым і ўшачан”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *