Юные ушачанки соревновались за звание лучшей в шоу-программе «Мисс Снежинка-2017»

Наши дети

Аздоблены гірляндамі агнёў подыум, чырвоная дарожка – антураж сцэны, які тыдзень таму сустракаў наведвальнікаў раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, навяваў думкі аб паказе высокай моды ці конкурсе прыгажосці. Пра гэта, зрэшты, сведчыла і назва мерапрыемства “Міс Сняжынка-2017”. Вось толькі звычайна ў такіх выпадках у журы пераважаюць мужчыны, а ў мінулую суботу яго склад быў выключна жаночым. Пытанне аб тым, якое дзейства разгорнецца на сцэне, вырашылася з пачаткам шоу-праграмы.

Менавіта так пазіцыяніравалі арганізатары гэта мерапрыемства, удзел у якім прынялі 5 прыгажунь ва ўзросце ад 8 да 11 гадоў. І менавіта такім яно атрымалася. Ад стандартнага конкурсу прыгажосці тут было бадай што традыцыйнае стартавае дэфіле, у час якога, дарэчы, дзяўчынкі знешні ніколькі не хваляваліся і трымаліся не горш вядомых топ-мадэляў – сказаліся рэпетыцыі, якім канкурсанткі ўдзялялі належную ўвагу. І хаця за імгненні да выхаду на сцэну за кулісамі яшчэ прадаўжалася вясёлая мітусня па даводцы апошніх “штрыхоў”, пры з’яўленні перад вачыма гледачоў і членаў журы дзяўчынкам удавалася стрымаць дрыжыкі ў каленях.

Падчас першага конкурсу, якой стала візітоўка, Аліса Жолуд, Аліна Хамёнак, Надзя Раманоўская, Каміла Первянёнак і Крысціна Войсет канчаткова асвоіліся, дэманстравалі зайздросную ўпэўненасць у сабе, тым самым строга выконваючы наказ журы, якое ўзначаліла намеснік старшыні райвыканкама Алена Васільеўна Пашковіч.

Не апісваючы падрабязна ўсе наступныя этапы конкурснай праграмы, адзначу, што яе ўдзельніцы праявілі сябе вельмі творча і шматгранна. Ужо з першых хвілін прадстаўлення ўсе прысутныя ў зале былі заваяваны абаяннем і непасрэднасцю дзяўчынак, падбадзёрвалі і падтрымлівалі сваіх любіміц апладысментамі – нельга не пагадзіцца са словамі А.Жолуд аб тым, што “ўсе мы родам з краіны дзяцінства”.

Канкурсанткі ж выступілі ў ролі вакалістак, музыкантак, танцорак, чытальніц, дэфіліравалі на сцэне ў бальных сукенках, тым самым максімальна ўскладніўшы для членаў журы задачу выбару. Дзяўчынкі любяць і ўмеюць маляваць, сябруюць са спортам і наведваюць фізкультурна-аздараўленчы комплекс, добра вучацца, дапамагаюць матулям і з’яўляюцца знатнымі рукадзельніцамі, хаця, трэба адзначыць, што ў вырабе ўпрыгожанняў для навагодняй елкі, яўна не абышлося без дапамогі матуль.

Пасля заканчэння конкурсаў дзесьці з паўгадзіны сталі аднымі з самых доўгіх у яшчэ непрацяглым жыцці выдатнага квінтэту – менавіта столькі часу журы выносіла вердыкт. У выніку, як трапна пажартаваў адзін з гледачоў, “у краіне дзяцінства ўсталявалася “ўлада сяброўства” – слёз расчаравання не было, бо журы не змагло аддаць перавагу ніводнай з канкурсантак. Усе яны без выключэння акрамя дыпломаў і падарункаў сталі ўладальніцамі “тытулаў”: А.Жолуд прызнана “Міс Натхненне”, К.Первянёнак – “Міс-Стыль”, Н.Раманоўская ўдастоілася звання “Міс-Грацыя”, А.Хамёнак “Міс-Зачараванне”, а К.Войсет стала “Міс-Абаяльнасць”. Хаця, на маю думку, кожная з гэтых мілых дзяўчынак магла прымяраць да сябе любы з тытулаў.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *