Стартовала первая смена в оздоровительном лагере «Туросполье»

Наши дети

Аздараўленчы лагер у Турасполлі кожнае лета чакае дзяцей як з Ушаччыны, так і з іншых раёнаў. Вось і сёлета першая змена ўжо распачалася, а ў гэты панядзелак прайшла ўрачыстая лінейка, прысвечаная старту лагернага сезона.

Зараз у “Турасполлі” адпачывае 43 дзіцяці. Падзеленыя на тры рознаўзроставыя атрады, яны ў пачатку змены нават паспелі правесці дзень эколага. Па словах начальніка лагера Вольгі Віктараўны Ларчанкі, сярод адпачываючых шмат дзецей з прыёмных сямей, многія хлопчыкі і дзяўчынкі ўжо бывалі тут раней. Так, напрыклад, кожны год прыязджае ў Турасполле старэйшы з падлеткаў – 16-гадовы Канстанцін Лунёнак з Селішча. Самы ж маленькі на гэтай змене, сямігадовы Дзяніс Змітрачэнка з Баяршчыны, у лагеры ўпершыню, але ўжо паспеў прывыкнуць да актыўнага жыцця з таварышамі і прызнаецца, што яму тут вельмі падабаецца.

У першую змену ў лагер да ўшацкіх дзяцей прыхала шмат аднагодкаў з Расоншчыны. Нашы госці кажуць, што адпачываць у Турасполлі весела і ўтульна, адзначаюць пазітыўныя змяненні для камфорту як маленькіх наведвальнікаў, так і персаналу. Напярэдадні сезона ў лагеры дапрацавалі душавую сістэму ў лазні, абнавілі медыцынскі пункт, у актавай зале з’явіліся парты для настольных гульняў і кніжныя шафы з літаратурай, праектар для прагляду фільмаў і прэзентацый. І хоць лагерны адпачынак толькі распачаўся, створаныя ўмовы падштурхоўваюць дзяцей прасіць дарослых, каб тыя дазволілі застацца ім тут і на другую змену, бо першых 18 дзён малавата. Такое жаданне, да прыкладу, выказаў Мікіта Матвяйкоў з Расон.

Працуюць з дзецьмі як заўсёды вопытныя і зарэкамендаваўшыя сябе педагогі: старэйшы выхавацель Таццяна Анатольеўна Матвеенка, выхавацелі Таццяна Аляксандраўна Качан, Вольга Міхайлаўна Кухто. Сёлета ў лагеры новы музычны кіраўнік Аліна Аляксандраўна Сідарчук, а за фізкультурна-спартыўнае жыццё адказвае малады спецыяліст Сяргей Паўлавіч Каваленка.

На святочную лінейку з нагоды адкрыцця змены завіталі намеснік старшыні райвыканкама Алена Васільеўна Пашковіч і начальнік адзела па адукацыі Наталля Васільеў­на Стрыжонак. Яны пажадалі дзецям цікавага адпачынку, новага сяброўства, якое б потым абавязкова падтрымлівалася калі не падчас непасрэдных зносін, то па тэлефоне ці праз сацсеткі. Дарэчы, у лагеры ёсць рэжым карыстання гаджэтамі, па якім дзеці бяруць іх на гадзіну-дзве ўвечары. Як высветлілася, больш і не трэба, бо ніхто з адпачываючых так і не папрасіў свой тэлефон на даўжэйшы час.

Вольга СЕВЕРЫНА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *