В Ушачской центральной районной больнице начал работать современный рентгенкабинет

Здравоохранение

Пераднавагоднія дні сталі знакавымі для Ушацкай цэнтральнай раённай бальніцы. У будынку паліклінікі пачаў сваю работу сучасны рэнтгенкабінет. Грошы на яго ўладкаванне – а гэта звыш 150 тысяч рублёў – выдзелены з абласнога бюджэту. А новы стацыянарны лічбавы рэнтгеналагічны апарат “Уніэксперт 3 плюс” коштам каля 250 тысяч атрыманы па цэнтралізаванай закупцы Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Як патлумачыў галоўны ўрач Ушацкай ЦРБ С.А.Маісееў, з дапамогай такога абсталявання можна праводзіць рэнтгеналагічнае даследаванне костак, органаў грудной клеткі і брушной поласці, пазваночніка, суставаў, зубоў. У рэжыме рэальнага часу пад рэнтгенаўскімі прамянямі можна правесці скапічнае даследаванне стрававода, страўніка, а таксама ірыгаскапію кішэчніка. Апарат дазваляе таксама зрабіць тамаграфію. “Па-сутнасці, гэта лепшы ў рэспубліцы апарат у сваім класе, – адзначыў Сяргей Анатольевіч. – Пахваліцца такім могуць далёка не ўсе ўстановы аховы здароўя нават абласнога ўзроўню”.

Мы аднымі з першых наведалі новы рэнтгенкабінет пасля праведзеных будаўніча-мантажных работ, устаноўкі абсталявання. Убачанае, сапраўды, уразіла. Хочацца спадзявацца, што цяпер дыягностыка захворванняў у раёне стане максімальна дакладнай, а нашы жыхары будуць атрымліваць больш якасную медыцынскую дапамогу.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *