Каким был 2017 год для Ушаччины и чего ждать в новом 2018-м? Интервью с председателем Ушачского райисполкома В.Г.Авдошко

Общество

Да Новага года застаюцца лічаныя дні. Як заўсёды яны напоўнены думкамі аб тым, што зроблена за прайшоўшы год, вызначэннем планаў на будучыню. Якім быў адыходзячы 2017-ы для раёна, што нам чакаць у новым 2018-ым? Пра гэта наша інтэрв’ю са старшынёй Ушацкага райвыканкама У.Г.АЎДОШКАМ.

– Уладзімір Генадзьевіч, што было галоўнай мэтай у дзейнасці органаў улады?

– Асноўны напрамак работы любога прадстаўніка ўлады – паляпшэнне якасці жыцця насельніцтва. І якія б сферы ні разглядаліся – гэтай мэце павінна быць падпарадкавана дзейнасць мясцовых органаў кіравання і самакіравання, дэпутацкага корпусу, працоўных калектываў. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, у адыходзячым годзе раён выканаў асноўныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця. Так, напрыклад, за тры кварталы рост экспарту тавараў склаў 213,2 працэнта, перавыкананы план па колькасці працаўладкаваных грамадзян на ўтвораныя новыя рабочыя месцы (44 чалавекі пры заданні 37). Аказана садзейнічанне ў працаўладкаванні 221 чалавеку.

Забяспечана станоўчая дынаміка па вытворчасці прамысловай прадукцыі, рэнтабельнасці яе продажу, па будаўніцтве жылля, экспарце тавараў і паслуг, выручцы ад рэалізацыі тавараў, работ, паслуг. Назіраецца рост валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі, станоўчая рэнтабільнасць продажу ў цэлым па раёне і станоўчае сальда знешняга гандлю паслугамі. Не такімі тэмпамі, як бы нам хацелася, але расце зарплата, яе сярэднямесячны паказчык у студзені-кастрычніку 2017 года склаў 512,5 рубля, што амаль на 11 працэнтаў больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года.

Разам з тым, адзначу, што адыходзячы год быў не з лёгкіх – як у сілу аб’ектыўных прычын, так і з-за недапрацовак кіраўнікоў, шэраг праблемных пытанняў вырашыць не ўдалося.

– Павышэнне ўзроўню занятасці насельніцтва з’яўляецца адным з галоўных прыярытэтаў. Разлік на дзяржаўны сектар ці на прыватны?

У наступным годзе плануем стварыць 4 малыя арганізацыі, працаўладкаваць на іх не менш 50 чалавек – у апошнія гады малы бізнес становіцца важным элементам эканомікі раёна, забяспечвае стабільны рост аб’ёмаў вытворчасці, занятасці і даходаў насельніцтва. Зараз у прадпрымальніцкім сектары задзейнічана каля 1800 чалавек або 33 працэнты ад агульнай колькасці занятых у эканоміцы. За 11 месяцаў 2017 года ад суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў бюджэт раёна паступіла 13,6 працэнта агульных падаткаў, дынаміка гэтага паказчыка станоўчая, але хацелася б большай дзелавой ініцыятывы.

– Як справы ў сельскай гаспадарцы?

– 2017 год быў вельмі няпростым для аграпрамысловага комплексу. Кажучы вобразна, не мы “раскідалі камяні”, але нам прыйшлося іх збіраць. Разам з тым, за 11 месяцаў бягучага года па вытворчасці валавой прадукцыі галіны назіраецца невялікі рост – 101,3 працэнта. Пагалоўе буйной рагатай жывёлы склала 102,1 працэнта да аналагічнага перыяду 2016-га, не дапушчана зніжэння атрымання прыплоду. Безумоўна, паказчыкі зусім не выдатныя, неабходна нарошчваць патэнцыял, прычым росту плануем дасягаць не толькі ад павелічэння вытворчасці, эфектыўнасці выкарыстання плошчаў і кармоў, а і ад аптымізацыі структуры гаспадарак.

– Якімі паказчыкамі характарызуецца прамысловасць раёна?

– Аб’ём вытворчасці прамысловай прадукцыі за студзень-кастрычнік склаў 6,5 мільёна рублёў і павялічыўся ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года на 11,6 працэнта. Ніжэй леташняга гэты паказчык толькі на агароднінасушыльным заводзе, які далучаецца да “Віцебскай універсальнай базы”. Нягледзячы на станоўчую дынаміку, варта зазначыць, што атрымаць яе ўдалося фактычна дзякуючы дзейнасці УП ЖКГ Ушацкага раёна. Таму чакаем прапаноў па стратэгіі развіцця прадпрыемстваў, іх выхадзе на эфектыўную, прыбытковую работу – улады акажуць падтрымку любой разумнай ініцыятыве.

– Прадукцыя і паслугі ўшацкіх арганізацый запатрабаваны не толькі ў нашай краіне.

– Так, за 9 месяцаў бягучага года экспарт тавараў па раёне склаў 395,5 тысячы долараў ЗША. Асноўнымі экспарцёрамі з’яўляюцца ААТ “Ушачы”, ТАА “Форэстгандаль” і райспажыўтаварыства. Неабходна адзначыць ААТ “Ушачы”, якое паставіла на знешнія рынкі прадукцыі дрэваапрацоўкі на 225,8 тысячы долараў ЗША. Пашыраецца геаграфія знешнегандлёвых аперацый, якія ажыццяўляюцца на сённяшні дзень з 11 краінамі свету, прадукцыя арганізацый раёна пастаўляецца ў Расійскую Федэрацыю, Бельгію, Нідэрланды, Польшчу, Германію, Іспанію, Швейцарыю, Літву, Латвію.

Назіраецца і рост экспарту паслуг. Сёлета, як і ў мінулыя гады, асноўным іх экспарцёрам былі “Лясныя азёры” – санаторый забяспечыў 92,3 працэнта ад усяго экспарту. Акрамя турыстычных, аказвалі медыцынскія і транспартныя паслугі. Іх развіццё прадоўжыцца. Неабходна таксама асвоіць новы напрамак – экспарт будаўнічых паслуг, што, безумоўна, будзе садзейнічаць і развіццю будаўнічай галіны.

– Улічваючы аб’ёмы, у яе, напэўна, нядрэнныя вынікі?

– Гэта сапраўды так. У кастрычніку мы ўрачыста адкрылі фізкультурна-аздараўленчы комплекс “Юнацтва-Ушачы”, які стаў упрыгожаннем гарпасёлка. На яго будаўніцтва ў бягучым годзе накіравана 3,8 мільёна рублёў, а ўсяго з пачатку ўзвядзення – 14 мільёнаў. Уведзена ў эксплуатацыю станцыя абезжалезвання вады ў аграгарадку Арэхаўна, завершаны бягучы рамонт кабінетаў фізіятэрапіі, калідораў цэнтральнай раённай бальніцы. Работы вяліся таксама на такіх сацыяльна значных аб’ектах, як дзіцячы яслі-сад №3 і рэканструкцыі корпуса Ушацкай сярэдняй школы пад дзіцячую школу мастацтваў. Уведзена ў эксплуатацыю 2134 квадратныя метры жылля, прадоўжана работа па газіфікацыі раёна – вулічныя размеркавальныя сістэмы будаваліся ў гарпасёлку і Арэхаўне. Значныя аб’ёмы запланаваны і на будучы год – на іх выкананне будзе накіравана 13,3 мільёна рублёў.

– Адкрываліся не толькі сацыяльныя, але і гандлёвыя аб’екты. Якія далейшыя планы ў гэтым напрамку?

– На сённяшні дзень гандлёвая інфраструктура ў раёне прадстаўлена арганізацыямі спажывецкай кааперацыі і суб’ектамі малога бізнесу. На Ушацкае райспажыўтаварыства прыходзіцца 71 працэнт рознічнага тавараабароту і 88 працэнтаў у грамадскім харчаванні. Сёлета ў сельскай мясцовасці быў закрыты адзін нерэнтабельны магазін, на зімовы перыяд прыпынена работа яшчэ двух, а гандлёвае абслугоўванне насельніцтва ўзялі на сябе аўтамагазіны. Гэтыя меры дазволілі вызваліць сродкі і выкарыстаць іх на рамонт і абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы іншых аб’ектаў райспажыўтаварыства – у 2017 годзе на гэтыя мэты накіравана ў 7 разоў больш сродкаў, чым летась.

Прадпрыемству неабходна больш увагі ўдзяляць рабоце з непрамысловай групай тавараў, каб людзі не імкнуліся ў суседнія раёны, а пакідалі грошы ў нашых магазінах. Райспажыўтаварыства атрымала ў бягучым годзе шэраг падатковых ільгот. Акрамя таго на 2018 год мы не сталі прымяняць павышаныя стаўкі падаткаў для аб’ектаў спажывецкай кааперацыі. Таму хочацца, каб сродкі, якія вызваляцца ў выніку гэтага, пайшлі на далейшую мадэрнізацыю аб’ектаў, іх развіццё, насычэнне асартыментам.

– З будаўніцтвам новых аб’ектаў прыгажэе і тэрыторыя ля іх…

– Пытанні навядзення парадку на зямлі будуць і надалей заставацца на пастаянным кантролі. У гэтым годзе было зроблена шмат у тым ліку і дзякуючы працоўным калектывам, якія прынялі ўдзел у 5 суботніках. У наступным годзе асаблівую ўвагу будзем удзяляць барацьбе з баршчэўнікам Сасноўскага, прывядзенню ў належны стан прыдарожных тэрыторый, добраўпарадкаванню двароў, рамонту вуліц. Вялікі аб’ём работы на сяле па навядзенні парадку на фермах, мехдварах, ля аб’ектаў сацыяльнай сферы.

– Нарэшце дайшлі і да яе. Чым адметны год для невытворчай сферы?

– Лічу, што з боку органаў улады ёй удзялялася належная ўвага. У сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі мы вялі планавыя капрамонты, замену цеплатрас і зношанага абсталявання, каб павысіць якасць паслуг насельніцтву і адначасова дасягнуць эканоміі рэсурсаў. Значна палепшылася матэрыяльна-тэхнічная база цэнтральнай раённай бальніцы. Неабходна адзначыць, што смертнасць насельніцтва ў бягучым годзе ў параўнанні з папярэднім зменшылася. На жаль, пакуль не ўдаецца пераадолець адмоўнае значэнне натуральнага прыросту насельніцтва, але дысбаланс паміж колькасцю народжаных і памерлых таксама знізіўся. Каб яго пераадолець, у бліжэйшыя гады трэба на новы ўзровень вывесці работу па прыцягненні насельніцтва да заняткаў фізкультурай і спортам, да здаровага ладу жыцця. З адкрыццём фізкультурна-аздараўленчага комплексу раён займеў для гэтага выдатную матэрыяльна-тэхнічную базу, вось толькі на сённяшні дзень усяго 23 працэнты насельніцтва займаюцца спортам, а магутнасці комплексу задзейнічаны на пятую частку ад праектнай магчымасці. Наша задача – максімальна прыцягнуць сюды ўшачан, рэкламаваць паслугі “Юнацтва-Ушачы” сярод спартыўных арганізацый краіны ў плане правядзення на яго базе збораў і спаборніцтваў.

Што датычыцца сацыяльнай абароны насельніцтва, то мы выканалі ўсе абавязкі і сацыяльныя гарантыі па падтрымцы малазабяспечаных слаёў насельніцтва, шматдзетных сямей, інвалідаў. Непапулярнай, але неабходнай з улікам эканамічных рэалій мерай стала аптымізацыя сеткі ўстаноў культуры і адукацыі. Затое вызваленыя сродкі накіраваны на развіццё іншых аб’ектаў гэтых сфер, у якіх традыцыйна шмат дасягненняў – для іх пераліку не хопіць і некалькіх газетных палос. Адной з галоўных задач на 2018 год з’яўляецца распрацоўка брэнда Ушаччыны, што будзе садзейнічаць павышэнню турыстычнага, культурнага іміджу раёна. Гэта паспрыяе прыцягненню гасцей, а магчыма, і інвестараў – мы зноў вярнуліся да эканомікі. Як бачым, дасягненне станоўчых вынікаў у сацыяльна-эканамічным развіцці магчыма толькі сумеснымі намаганнямі ўсіх сфер грамадства.

– Які настрой пануе напярэдадні Новага года?

Ацэньваючы зыходзячы год, трэба сказаць, што ў раёне захоўваецца сацыяльная стабільнасць. Многія пытанні дапамагаюць вырашаць грамадскія арганізацыі, актывізавалі сваю дзейнасць прафсаюзы. Сёння гэта асабліва актуальна, бо мы стаім на парозе важнай палітычнай кампаніі – выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў. Упэўнены, што ўшачане, як гэта было не раз, прадэманструюць сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю і выбары пройдуць на высокім ўзроўні. А шматлікія навагоднія святы, якія наладзілі работнікі адукацыі, культуры, і правялі для нашых ушачан, стварылі добры пераднавагодні настрой.

– Уладзімір Генадзьевіч, што пажадаеце чытачам нашай газеты і ўсім жыхарам раёна ў новым годзе?

– Паважаныя ўшачане, мае шаноўныя землякі! Я ўдзячны вам за дапамогу і падтрымку, за тое, што вы, незважаючы на ўсе цяжкасці, працуеце на карысць раёна. У нас адна агульная задача – каб Ушаччына развівалася ва ўсіх напрамках: у прамысловасці, будаўніцтве, сельскагаспадарчай вытворчасці, каб была прыгожай і квітнеючай. Мы прыкладзём усе намаганні, каб установы сацыяльнай сферы маглі рэалізаваць увесь патэнцыял маладога пакалення, каб людзі атрымлівалі годную медыцынскую дапамогу, нашы дзеці раслі ў дастатку, а ветэраны адчувалі падтрымку і ўвагу. Жадаю моцнага здароўя, поспехаў ва ўсіх пачынаннях, узаемара­зумення і добрага настрою вам і вашым родным. Будзьце шчаслівымі, і няхай самыя запаветныя мары ажыццявяцца ў Новым 2018 годзе!

ГутарыўДзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *