Наш земляк Василий Иванович Шалак презентовал в Ушачах свою новую книгу «Роздумы на вясковай лаўцы»

Наши земляки Творчество наших земляков

Васіль Іванавіч Шалак сёлета святкуе юбілей. Знешне гэтаму падцягнутаму інтэлігентнаму мужчыну і блізка не дасі сем дзясяткаў гадоў. Пра такіх кажуць – сапраўдны палкоўнік, тым больш, што Васіль Іванавіч з’яўляецца ім на самой справе. Больш трыццаці гадоў ураджэнец нашага раёна з прозвішчам, якое яўна ўказвае на матырынскае паходжанне, аддаў службе ва Узброеных Сілах, з’яўляецца ліквідатарам наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Зараз жыхар Санкт-Пецярбурга і ветэран Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі, які за бездакорную службу мае больш дзясятка ўзнагарод, знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Праўда, вельмі актыўным.

Васіль Іванавіч з’яўляецца пазаштатным карэспандэнтам некалькіх расійскіх выданняў і газеты “Голас Радзімы”, якая накіравана на аўдыторыю з беларусаў замежжа. Гэты голас у яго душы з цягам часу не згасае, наадварот – гучыць усё мацней. Летам 2016-га на малой радзіме ў Матырыне ён прэзентаваў сваю другую кнігу “О тех, кто дороги мне…», а ў чацвер у зале цэнтральнай раённай бібліятэкі ладзілася мерапрыемства з нагоды выхаду ў свет новай – зборніка прозы “Роздумы на вясковай лаўцы” на роднай мове.

– Мне вельмі падабаецца слоган вашай раённай газеты – “Не губляйце свае карані”, – казаў падчас прамовы Васіль Іванавіч. – Ён цалкам адпавядае маёй жыццёвай пазіцыі ў адносінах да малой радзімы. Пра свае “карані” скажу так – яны расцягнуліся на сотні кіламетраў – да Санкт-Пецярбурга. Але не адарваліся ад родных сэрцу мясцін і раз-пораз сціскаюцца – я лячу ў роднае Матырына пры першай магчымасці.
Яго жыхарам у нейкім сэнсе пашанцавала больш, чым вяскоўцам іншых населеных пунктаў Ушаччыны. Праз творчасць свайго земляка, аб матырынцах могуць даведацца далёка за межамі нашага раёна – у В.І.Шалака вельмі шырокае кола зносін, дзякуючы чаму “Роздумы на вясковай лаўцы” чытаюць нават у Японіі!

Героі апавяданняў зборніка – людзі ад зямлі, працаўнікі і воіны, бо яны перажылі блакаду і яе прарыў, які стаў легендарным. Гэты маляўнічы край надзвычай багаты на творчасць: “Адсюль пачыналася маё жыццё, мая Радзіма… Сярод удзельнікаў фальклорнага калектыву “Матырынская спадчына” – палова родных мне людзей!” – кажа Васіль Іванавіч. – А колькі матырынцаў не раскрылі сваіх талентаў: паэтаў, пісьменнікаў, расказчыкаў, пра якіх кажуць “паслухаць – парваць жывот ад смеху!”

Гумар у кнізе неабразлівы, вясковы і трапны, але не толькі ім прасякнуты апавяданні. Прысутнічае і сур’ёзны роздум аб праблемах вяскоўцаў, гісторыі пра цяжкія лёсы землякоў. Адна з чытальніц казала: “Вырашыла на Новы год пачытаць штосьці цёплае, душэўнае, узяла кнігу Васіля Іванавіча і… неўзабаве пусціла слязу. Перагарнула некалькі старонак – ужо смяялася!”

Госці, якімі сталі работнікі бібліятэчнай сістэмы раёна, сябры і родныя аўтара, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, смяяліся і пасля выступлення яшчэ аднаго “раскрытага” таленту з Матырына – Тамары Дзмітрыеўны Барадзёнак, якая зачытала прысутным некалькі новых твораў. Акрамя таго, паэтэса выказала вельмі цёплыя словы ў адрас пісьменніка-земляка, з якім даўно знаёма, разам з ім прыгадалі сваіх настаўнікаў – выкладчыкі розных навучальных устаноў, дзе пасля заканчэння школы вучыліся Т.Д.Барадзёнак і В.І.Шалак, не верылі, што яны закончылі простую вясковую васьмігодку.

Павіншавала земляка з выхадам кнігі намеснік старшыні райвыканкама Алена Васільеўна Пашковіч, якая ўручыла яму Ліст-падзяку і зычыла аўтару, каб мерапрыемства стала не кропкай у працы над кнігай, а коскай, пасля якой прадоўжыцца пералік яго наступных твораў. Яны ўслаўляюць не проста родную вёску, з’яўляюцца не толькі матырынскай спадчынай, а і культурным здабыткам усёй Ушаччыны.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *