Ремонт техники в КУСХП «Ореховно»

Сельское хозяйство

Пра тое, ці дастаткова грошай на закуп запчастак, у работнікаў КУСГП “Арэхаўна” нават не пытаўся – недахоп фінансаў для падрыхтоўкі трактароў і агрэгатаў у зімовы час стаў, на жаль, традыцыйным. Няпроста думаць аб будучых відах работ, калі сродкаў не хапае нават на надзённыя: бягучае абслугоўванне той нешматлікай тэхнікі, што занята ўзімку…

Але трэба адзначыць – касцяк механізатараў гаспадаркі разумее неабходнасць тэрміновай падрыхтоўкі машын і механізмаў да вясны: зіма зімой, а да пачатку палявых работ застаюцца лічаныя месяцы.

Чатыры бараны – самыя простыя механізмы пасяўной, у “Арэхаўне” ўжо гатовы. Слесараў жа гаспадаркі застаў не за скручваннем чарговай, а за дэмантажом старой.

– Зубы ў ёй неабходна мяняць, знасіліся зусім, – тлумачаць Аляксандр Вітко і Віктар Ганчароў. – Па магчымасці будзем адцягваць старыя, бо новыя набыць у бліжэйшы час наўрад ці атрымаецца.

Новае – яно, канечне, добра. Але мужчыны прыпамінаюць, як і на зубы завадской вытворчасці не накручвалася гайка – аказаліся бракаванымі.

У любым сельгаспрадпрыемстве і ў любы сезон – а тым больш пры зімовых рамонтных работах – ні ў якім разе не абысціся без зваршчыка. Словам механізатараў пра тое, што ў “Арэхаўне” гэта месца вакантнае, спачатку не паверыў, бо ля пагрузчыка “Амкадор” іскры з-пад электроду выляталі спраўна. “Дык гэта наш механік можа дзясятую пасаду асвойвае!” – адказваюць мужчыны на маё нямое пытанне.

Уладзімір Пугач за непрацяглы час працы ў гаспадарцы і сапраўды стаў практычна незаменны. За сельскагаспадарчы цыкл яму даводзілася і сеялкі рыхтаваць, і зернесушылку не толькі рэанімаваць, а і працаваць на ёй потым. І калі разбірацца ў тэхніцы яго навучылі ў тэхнікуме, то зварачны апарат асвойваў самастойна.

“Не ад добрага жыцця”, – кажа хлопец і тым не менш усміхаецца. – Не хапае людзей. Зараз у нас практычна нікога няма ў водпуску – і за выключэннем Аляксандра Гозіна, Сямёна Первянёнка і Барыса Шалыгі, якія абслугоўваюць фермы, усе тут”.

Атрад працаўнікоў быў бы яшчэ меншы, калі б у яго нядаўна не ўліліся прадстаўнікі былой “Дубраўкі” Уладзімір Целепень і Аляксандр Цецераў, якія займаліся рамонтам трактароў. Іх, розных мадыфікацый, на чарзе за тэхнічнай дапамогай стаяла некалькі адзінак. Рамонту айчынныя МТЗ патрабавалі рознага. Аляксандр Гусёнак, напрыклад, мяняў фільтры на “восемдзесятдвойцы”. Для вопытнага механізатара задача, здавалася б, і нескладаная. Вось толькі пры мінус дванаццаці градусах зрабіць гэта не так і проста. “На гэты трактар чапляю лапату і чышчу памяшканні ферм”, – расказвае Аляксандр, які звычайна працуе на больш магутнай тэхніцы. Зрэшты, за ім, як і за астатнімі механізатарамі, замацавана па некалькі адзінак і прычапных агрэгатаў.

На вуліцы холадна, але і ў мехмайстэрні, якая не ацяпляецца, тэмпература ненамнога вышэй, хіба што вецер не гуляе, ды снег за каўнер не сыплецца. Між тым, градус рамонтных работ высокі. У памяшканні з паднятым капотам стаяў МТЗ-1221. Перададзены з “Райаграсэрвіса” трактар патрабуе сур’ёзнага перагляду – “паляцела” счапленне. Між тым, не самая страшная паломка, бо на некалькіх МТЗ трэба даводзіць да толку рухавікі. А гэта вельмі вялікія затраты, асабліва калі гаворка ідзе пра энерганасычаныя трактары. “Каб не праблемы з запчасткамі, пераважную большасць работ мы правялі б уласнымі сіламі!” – упэўнены ветэран гаспадаркі Аляксандр Каваленка, які разам з механікам завіхаўся ля “Амкадора”.

У адсутнасці сродкаў для аднаўлення спраўнасці тэхнікі ў ход ідзе ўсё. На пагрузчыку з трох штыроў пад’ёмнага механізма, “родны” застаўся толькі адзін. Не вытрымлівае метал, бо “Амкадор” выконвае вельмі многа функцый. Але механізатары завяраюць, што гэта бяда малая, і прама ў мяне на вачах наварваюць на пад’ёмнік кавалкі трактарных паўвосей, застаецца толькі іх завастрыць. У гэтай справе паўдзельнічалі, здаецца, амаль усе, хто прысутнічаў на мехдвары, а заканчваў апрацоўку вадзіцель Андрэй Лабань – у рамонце ўсе дапамагаюць адзін аднаму не толькі парадамі, і пасля заканчэння рабочага дня бывае цяжка сабраць інструменты, якія пры неабходнасці “расцягваюць” незалежна ад уласнасці.

Акрамя трактароў трэба прыкласці рукі і да прычапных агрэгатаў. Долаты і лемяшы, валы і дыскі, апоры і каткі, талеркі і ступіцы, стойкі і стрэлкавыя лапы – ад пераліку неабходных дэталей галава пойдзе кругам! Зразумела, усё гэта каштуе немалых грошай і ў набыцці “расходнікаў” да веснавых работ механізатары спадзяюцца на падтрымку раёна і дзяржавы, бо ўласнымі сіламі падрыхтаваць усю неабходную тэхніку наўрад ці атрымаецца. Але тое, што ў іх сілах, абяцаюць зрабіць абавязкова.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *