Все хозяйства Ушачского района ведут уборку озимого рапса

Сельское хозяйство

На гэтым тыдні не ўсе камбайны, але ва ўсіх гаспадарках раёна выехалі на палі – паспеў азімы рапс. Першымі, яшчэ тыдзень таму, пачалі яго ўборку ў ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс”, а ўжо ў сераду толькі вялікадолецкія механізатары не прыступалі да гэтай справы – моцныя дажджы, якія прайшлі па заходняй частцы раёна прымусілі адкласці старт жніва на наступны дзень.

Здаецца зусім нядаўна сустракаліся на сяўбе, а вось ужо і на ўборцы ўбачыліся” – усміхаецца намеснік дырэктара ААТ “Ільюшынскі” Андрэй Мікалаевіч Тарасевіч. І сапраўды, час бяжыць, а ў штодзённых клопатах аграрыяў гэта адчуваецца мабыць удвая. Віды работы змяняюць адзін аднаго хутка, нязменнымі застаюцца толькі іх штогадовая цыклічнасць і праца ад зары да зары.

Пакуль у чаканні ўборкі поўніцца колас збажыны, камбайны гаспадарак накіраваліся на ўчасткі азімага рапсу – менавіта гэта культура ў апошнія гады традыцыйна дае старт жніву. Са 150 яе гектараў у “Ільюшынскім” 100 знаходзіцца на старасельскіх землях – у зоне непасрэднай адказнасці начальніка вытворчага ўчастка Мікалая Мікалаевіча Каліцкага.

– Не вельмі радуе нас сёлета ўраджайнасць, – расказвае спецыяліст. – Добра, калі цэнтнераў 15 з гектара выйдзе. Рапс на асобных участках дрэнна перазімаваў. Хоць і сеялі яго восенню ў аптымальныя тэрміны, але адсутнасць снегу і позні надыход зімы сваю справу зрабілі – ён перарос.

Гул камбайнаў размове нашай не перашкаджаў і крычаць, як звычайна, не прышлося – два КЗС-1218 пераможцаў мінулагодніх раённых спаборніцтваў на жніве Уладзіміра Уладзіміравіча Лёлі і Анатоля Дзмітрыевіча Спірыдзёнка, апусціўшы жняяркі, стаялі сярод зжатага ўчастка, а механізатары займаліся ачысткай машын.

– Толькі бункер намалоціш – і трэба чысціць, – тлумачыць У.У.Лёля. – Забіваецца, асабліва дзе больш пустазелля, ды і сыравата.

Менавіта выпаўшы дождж стаў асноўнай прычынай прастою камбайнаў, бо з ачысткай і наладкай агрэгатаў вопытныя механізатары справіліся б за лічаныя хвіліны, а вось паўплываць на нябесную канцылярыю яны не ў сілах. Па бункеру паспелі намалаціць камбайнеры да абеду, а потым надвор’е закапрызнічала.

– Вось і плануй што хочаш, – паказвае на надыходзячую з боку Вацлавова хмару А.Д.Спірыдзёнак. – Толькі падсохла! Калі зноў сыпане, то сёння ўжо працаваць будзе неяк.

Пакуль начальнік участка хадзіў правяраць вільготнасць рапсу, аб многім паспеў пагаварыць з механізатарамі: ад асаблівасцей тэхнікі да планаў на будучы ўраджай. І калі рапс ільюшынскіх механізатараў не вельмі радуе, то на збожжавыя тут разлічваюць. “Добры колас і ў азімых, і ў ячменю” – расказваюць камбайнеры, а А.Д.Спірыдзёнак заўважыў, што калі атрымаецца правесці ўборку ў аптымальныя тэрміны і не ўмяшаецца якая-небудзь стыхія, то рэкордны ўраджай пазамінулага года ў гаспадарцы будзе перакрыты.

З цікавасцю слухалі прагнозы вопытных калег маладыя механізатары. Зноў працуе памочнікам камбайнера Ігар Коўшаль – ужо выпускнік, а не навучэнец Лепельскага прафесійнага ліцэя. На МАЗе адвозіць рапс на сушылку студэнт Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Арцём Аўсіевіч, які на канікулах вырашыў падзарабіць у гаспадарцы, дзе галоўным інжынерам працуе яго бацька, і якая ў хуткім часе стане яго месцам працы, бо вучыцца хлопец па мэтавым накіраванні.

Да працы ў “Ільюшынскім” гатовы і людзі, і тэхніка, хаця з вялікага вопыту кажуць камбайнеры, што ў механізмах КЗС-1218 многае можна было б удасканаліць. А вось абсталяваннем кабіны, дзе ёсць кандыцыянер і іншыя электронныя “навароты”, А.Д. Спірыдзёнак задаволены.

– Можна музыку слухаць, навіны, – усміхаецца Анатоль Дзмітрыевіч. – Але для нас самай прыемнай навіной з’яўляецца гукавое паведамленне сістэмы кантролю аб запаўненні бункера!

Падышоў М.М.Каліцкі і паведаміў, што на асобных участках рапсавага поля ўжо суха. Механізатары ў імгненне разбегліся па кабінах, на хаду жартуючы, што “хоць па мяшку яшчэ да дажджу схопім”. Развітваючыся, пажадаў ім літасці ад надвор’я і пабольш “самых прыемных навін”.

Д.РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *