У сярэдзіне 50-х амаль усе ленінградскія хлопчыкі хацелі стаць маракамі. Не абмінула гэта мара і Віцю Фёдарава. Асабліва захапляў яго парад, што праходзіў у Дзень ваенна-марскога флоту: вельмі хацелася быць падобным на афіцэраў у белых кіцелях, якія крочылі па беразе Нявы!..
Ну а паралельна ён хадзіў у радыёгурток Дома піянераў. Майстраваць прыёмнікі было вельмі цікава, ды і атрымлівалася добра, так што пасля заканчэння школы юнак падаў дакументы ў інстытут сувязі імя Бонч-Бруевіча. Вучыўся на вячэрнім і адразу прымяняў веды на практыцы на адным з абаронных прадпрыемстваў, а пасля службы ў арміі вярнуўся ў свой аддзел інжынерам і займаўся распрацоўкай комплексаў сувязі для падводных лодак. Работа мела першы ўзровень сакрэтнасці, кантраляваліся і тэлефонныя званкі, і зносіны, але з дысцыплінай у хлопца быў парадак і праблем ён не меў. Задумваўся нават пра напісанне кандыдацкай, аднак распрацоўку тэмы, якая была яму па-сапраўднаму цікавай, даручылі іншай установе, а навуковая ступень “для прэстыжу” яго не вабіла.
Хацелася праяўляць сябе ў рэальнай справе, таму ахвотна адпраўляўся ў камандзіроўкі ў Северадзвінск і Камсамольск-на-Амуры – менавіта ў гэтых гарадах у савецкія часы будавалі падлодкі, а спецыялісты аддзела дапамагалі ў наладцы сваіх сістэм. На кемлівага інжынера “палявалі” абодва завода, прапаноўвалі не толькі непасрэдны ўдзел у зборцы субмарын, а і на парадак вышэйшы заробак, што было немалаважна для ўжо сямейнага на той час чалавека і бацькі двух сыноў.
Віктар выбраў Камсамольск-на-Амуры, бо там падабалася ўсё: прырода, рыбалка, клімат, людзі… Заключыў дагавор на тры гады, а затрымаўся… на 18.
Пераехала за ім на Далёкі Усход і сям’я, аднак чароўнасці суровай рамантыкі спадарожніца жыцця не зразумела і вярнулася ў культурную сталіцу. Віктар жа адчуваў, што гэта – галоўная справа яго жыцця, і быў гатовы дзеля грамадскага ахвяраваць асабістым.
Завод, вырабляў па адной падлодцы ў год для Ціхаакіянскага флоту, прычым станавіліся яны ўсё больш дасканалымі, так што ў інжынера-выпрабавальніка задач хапала. Так, калі першыя мадэлі пагружаліся на максімальную глыбіню 300 метраў, то выпушчаныя ў канцы 80-х – на 500, грунтоўна палепшыліся бытавыя ўмовы падводнікаў, для якіх на субмарынах абсталявалі нават сауну з басейнам. Павялічваўся і склад экіпажаў: так, на новых лодках з назвай “паляўнічыя за авіяносцамі” выходзілі ў мора 120 чалавек.
“Каманда прыязджала на завод у пачатку будаўніцтва субмарыны, і цэлы год паралельна з вытворчымі справамі мы навучалі яе неабходным навыкам. Пачыналася зборка вузлоў у заводскіх цэхах, а фінальны этап праходзіў на дабудовачнай пляцоўцы, абсталяванай на рацэ. Адтуль гатовая лодка грузілася на пантон і па Амуры дастаўлялася да марской бухты. Канечне, існаваў у нас свой рытуал спуску на ваду: з ліку знаёмых дзяўчат абіралася “нявеста карабля”, якая павінна была разбіць аб яго борт бутэльку шампанскага”, – расказвае Віктар Аляксандравіч. “Напэўна, прымяркоўвалі ўрачыстасць да дзяржаўных святаў – напрыклад, да 7 лістапада?” – удакладніла я, а суразмоўца ў адказ усміхнуўся: “У нашай сферы такое не працавала! Мы чакалі моманту найбольшага ўздыму вады ў Амуры, а прыпадаў ён як правіла на пачатак восені”.
Гэты этап кар’еры Віктара Фёдарава завяршыўся з развалам Саюза – згубіла вастрыню ваеннае процістаянне СССР і НАТА, зніклі заказы, работнікаў адправілі ў водпуск за свой кошт, і герой аповеду вярнуўся ў горад на Няве.
У першы час давялося і вартаўніком папрацаваць, але чалавек з шырокімі тэхнічнымі ведамі і ўмелымі рукамі не застанецца без справы: Віктар уладкаваўся на прыватнае прадпрыемства, што займаецца рамонтам і мадэрнізацыяй станкоў, і з імпэтам узяўся за асваенне новай сферы.
А ў 2002-м лёс прывёў яго ва Ушачы. З Алай Фёдараўнай Кавалёвай яны пазнаёміліся на Далёкім Усходзе: у той час наша зямлячка працавала ў аддзеле міліцыі пасёлка Вялікі Камень, дзе жылі спецыялісты “сакрэтнага завода”. Праўда, шляхі іх разышліся, і наступная сустрэча адбылася толькі праз 10 год у Санкт-Пецярбурзе, дзе ўшачанка планавала абаснавацца, – тады і зразумелі, што ўдваіх ім лепш. Калі ж Ала Фёдараўна ўпершыню прывезла мужчыну ва Ушачы, ён з першага погляду зразумеў, што менавіта тут хоча правесці сталыя гады. Фармат работы ў фірме дазваляў прыязджаць у горад перыядычна, калі паступаюць заказы – і Віктар Аляксандравіч стаў пастаянным пасажырам поезда, што звязвае Полацк і Санкт-Пецярбург. І настолькі цанілі яго на прадпрыемстве, што ніяк не хацелі адпускаць на заслужаны адпачынак, таму канчаткова ў разрад пенсіянераў герой аповеду перайшоў толькі ў 77.
Ушачы ён палюбіў усёй душой: заўзяты рыбалоў і грыбнік, разам са сваёй спадарожніцай абследаваў усе тутэйшыя лясы і вадаёмы.
Сваю старэнькую ўсепраходную “Хонду” лічыць найлепшай машынай, неаднойчы перабраў яе па вінціках – і тэхніка паслухмяна возіць “няўрымслівых рамантыкаў” па самых глухіх кутках. У праграме кожнага тыдня – наведванне басейна, а вось у хор, куды так старанна звала Ала Фёдараўна, мужчына доўгі час ісці адмаўляўся: жартаваў, што спяваў апошні раз у школе. Ды ўсё ж саступіў угаворам, а пасля першай рэпетыцыі атрымаў такое задавальненне, што стаў чакаць наступных.
“Нават не ўяўляеце, якая ў нас сяброўская атмасфера! І зараз прыгадваю, як Леанід Сяргеевіч Лукашонак адразу ўзяў мяне пад апеку, перакладаў беларускія тэксты, каб я разумеў, пра што пяю… Мы ўсе – як адна сям’я, і найвялікшая заслуга ў гэтым кіраўніка Іны Сяргееўны Клімавай. Дарэчы, спевы станоўча ўплываюць на маё здароўе, стала менш праблем з лёгкімі, так што ўсім раю такі занятак!” – зазначае Віктар Аляксандравіч.
У свае 80, якія нядаўна адзначыў, ён прызнаецца, што дасягнуў у жыцці ўсяго, чаго хацеў. І мара пра мора ў пэўным сэнсе спраўдзілася: хоць сам у яго не выходзіў, аднак дапамагаў у гэтым іншым.
На мерапрыемстве да Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі Народны харавы калектыў “Ветэран” будзе выконваць легендарныя песні “Дан приказ ему на Запад”, “Там вдали за рекой”. Яго ўдзельнікі, як і іншыя ўшачане ва ўзросце, іх словы ведаюць напамяць, бо за імі – эпоха, калі мы ганарыліся тым, што жывём у самай вялікай і справядлівай краіне. У гісторыі значная кожная старонка, як неацэнны і ўклад у яе кожнага чалавека. Пакаленне, да якога належыць Віктар Фёдараў, магло звярнуць горы ў імя росквіту сваёй краіны, і гэты запал у іх душах непадуладны гадам.
Наталля БАГДАНОВІЧ.


