Хлебная мелодия элеваторов. Кипит работа на зерносушильных комплексах Ушаччины

Сельское хозяйство

Жніво асабіста ў мяне заўсёды асацыіруецца з начной музыкай элеватара. Сціхае паток машын, замірае рух на падворках, і гул сушылак пачынае дамініраваць. Хоць і блізка зерняток “Сафійскіх дароў” ад дома, ён не раздражняе, а, наадварот, супакойвае: гучыць заключная частка хлебаробчай сюіты – у засекі кладзецца сухое насенне.

Антон Коўшаль з ААТ “Ільюшынскі”.

Малюнак на пляцоўках з залатымі горамі зерня – не менш ідылічны, праўда, толькі для старонняга назіральніка. Бо горы гэтыя – галаўны боль літаральна ўсіх аграрыяў Ушаччыны. Яны павінны раставаць як мага хутчэй, бо з залатых могуць ператварыцца ў брудна-шэрыя. Магутнасці ж зернесушыльных комплексаў ні адной гаспадаркі не адпавядаюць патрэбам, таму так цэняць тут работнікаў, якія днююць і начуюць ля агрэгатаў.

Яўген і Дзмітрый Аўдзеенка.

“Абавязкова Антона Коўшаля адзначце: на ім уся адгрузка, загрузка, падбуртоўка, а паралельна і іншыя работы па гаспадарцы, – адзначае галоўны аграном “Ільюшынскага” С.Белагрыўцаў. – Хуценька паклічце, ён на мехдвары”. Заданне юныя памочнікі, якія падграбаюць і падмятаюць тое, што не зачэпіць коўш пагрузчыка, выканалі імгненна. Ды і Антон напагатове: ведае прыкладны час завяршэння прасушкі, ну а загрузка займае тры гадзіны. У папярэднія гады толькі гэты фронт работ закрываў Аляксандр Галубіцкі на меншым манеўраным “Амкадоры”, на якім зручней круціцца вакол зерня. Трактар зламаўся, і Антон зараз – нарасхват.

Значна паменеў час перапынку, калі з палёў прыйшоў авёс – 60 тон за палову сутак высушваюць. Яно лягчэйшае, таму і хутчэй даходзіць да патрэбнай кандыцыі. Ды і наогул зерне ў разгар жніва і пры адсутнасці вялікіх дажджоў ідзе ў бункеры з вільготнасцю 16-17 працэнтаў, а не 20 і больш, як у пачатку. А паколькі літаральна ў кожным комплексе прадугледжаны і пачатковы этап – ачыстка, то і падчас выдзімання пустазелля насенне таксама прасушваецца на некалькі працэнтаў, значыць зараз адпавядае норме.

І.Бародзіч, Ю.Гулевіч, А.Карабань, М.Азарэвіч.

“Намнога складаней было ў ліпені, тым больш што распачалі жніво мы раней звычайнага. У дзень кожная з гаспадарак па 200 тон намалочвала, а максімальная прапускная здольнасць комплексу ў “Ільюшынскім” – 80 тон. Відавочна, што нават тут не хапала, не гаворачы пра “Сафійскія дары” і “Вялікадолецкае”, дзе за суткі можна высушыць палову гэтага аб’ёму, – тлумачыць сітуацыю з апрацоўкай збожжа намеснік начальніка райсельгасхарча Станіслаў Лісічонак. – У апошняй гаспадарцы комплекс 1987 года, ды і сафійская “Васіліса” ўжо “на пенсіі”. Падавалі запыт на будаўніцтва адзінай магутнай на раён, аднак, відавочна, што сёлета даводзіцца разлічваць выключна на ўласныя сілы”.

А яны ў гаспадарках розныя. “Ільюшынскі” і выканаў дзяржзаказ, таму што пшаніцу ды жыта здавалі сухімі, а калі вільготнасць перавышае 14 працэнтаў, хлебапрыёмныя пункты “бракуюць” зерне – не прымаюць як харчовае. У гэтай гаспадарцы комплекс працуе бесперапынна, як і ў “Сафійскіх дарах”, на сушылцы арганізавана дзве змены, а акрамя гэтага на пляцоўцы днём заняты атрад падлеткаў, якія ахвотна заключаюць з гаспадаркай на сезон працоўны дагавор. “Летась 1200 рублёў атрымалі,” – хваліцца Ілья Бародзіч. Ён і расказаў аб гэтым аднавяскоўцам, таму Юрыя Гулевіча, Арцёма Карабаня, Мацвея Азарэвіча ўгаворваць не даводзілася. Намнога большая адказнасць на аператарах зернесульнага комплексу. Калі для прасушкі фуражу можна даць жару – падняць тэмпературу да 100 градусаў і тым самым скараціць працэс, то з насеннем такі варыянт не працуе. Каб не загубіць жывы зародак – ядро семкі, зярняты сушаць пры ўмеранай тэмпературы. “Вільгацямер” – пастаянны агрэгат у руках братоў Яўгена і Дзмітрыя Аўдзеенкаў з “Вялікадолецкага”, хаця разбірацца мужчынам даводзіцца літаральна ва ўсім. У час нашага нечаканага візіту яны рамантавалі рухавік сушылкі, старэйшай за саміх работнікаў. Працуюць у гэты гарачы час без выхадных і звышурочна, і, дарэчы, засыпалі насення азімых больш, чым іх калегі – 488 тон. Таксама 74 працэнты, хоць і менш па аб’ёме, падрыхтавана ў “Ільюшынскім”, а частку сухога фуражу тут накіравалі на захоўванне на хлебакамбінат, каб потым узамен браць камбікорм. Розныя варыянты прымяняюць нашы гаспадаркі, каб не згубіць вырашчанае. А музыка элеватараў хоць і гучыць у розных тэмпах, аднак заўсёды мажорна.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *