Передовики жатвы — в «Глыбочанах» и «Ильюшинском»

Сельское хозяйство

Працягваецца жніво, а разам з ім і раённае спаборніцтва сярод камбайнераў і вадзіцеляў на адвозцы зерня. Як мы і паведамлялі раней, першым у раёне перавёз 700 тон зерня ад камбайнаў і атрымаў Дыплом і прэмію ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, райкама прафсаюза работнікаў АПК прадстаўнік КУСГП  “Глыбачаны” Леанід Мікалаевіч Сапега. Нікому не ўдалося абысці лідара, і менш чым праз тыдзень Леанід Мікалаевіч зноў стаў пераможцам і першым у раёне перавёз 1000 тон зерня. У чацвер прама ў полі ў час невялікага перапынку зноў ушаноўвалі перадавога вадзіцеля. Начальнік райсельгасхарча А.Я.Вайцянкоў уручыў Л.Сапегу Дыплом і прэмію ў памеры пяці базавых велічынь, а старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу П.М.Хвашчэўскі — фірменную майку і кепку федэрацыі прафсаюзаў. Як пераможцу ўнутрыгаспадарчага спаборніцтва, Дыплом і прэмію тысячніку ўручыў і дырэктар С.І.Кірпічонак. У гонар пераможцы і для ўсіх астатніх працаўнікоў “Глыбачан” работнікі культуры наладзілі ў полі невялікі канцэрт.
На гэтым тыдні вызначыўся і першы пераможца сярод камбайнераў. Ім стаў Сяргей Уладзіміравіч Клопаў з ААТ “Ільюшынскі”, які на камбайне КЗС-1218 першым у раёне намалаціў 700 тон зерня.  Хто канкрэтна стане пераможцам у гэтай намінацыі, цяжка было прадбачыць, хоць адназначна праглядвалася гаспадарка – на першых пазіцыях былі ільюшынцы, прычым розніца ў тонах паміж камбайнерамі была невялікая. Дыплом і прэмія ў памеры пяці базавых велічынь, майкі і кепкі знайшлі сваіх уладальнікаў таксама ў чацвер. Дарэчы, гэты экіпаж – адна сям’я. На камбайне разам з Сяргеем Уладзіміравічам працуе яго сын Аляксей. Думаецца, сямейны экіпаж зможа пераадолець і тысячны намалот. Для ільюшынцаў таксама з канцэртам выступілі работнікі культуры. У гаспадарцы дзейнічае і сваё спаборніцтва, вынікі якога падводзяцца кожныя дзесяць дзён, перадавікам уручаюцца прэміі.
Усяго некалькі хвілін займае ўзнагароджанне, а прозвішчы пераможцаў-тысячнікаў назаўсёды застануцца ў летапісе раёна.
В.ПОЛАЗАВА.  Лепшыя камбайнеры:
КЛОПАЎ Сяргей Уладзіміравіч з ААТ «Ільюшынскі», які на камбайне КЗС-1218 намалаціў 736 тон зерня.
ЛЁЛЯ Уладзімір Уладзіміравіч з ААТ «Ільюшынскі», які на камбайне КЗС-1218 намалаціў 653 тоны зерня.
КАЗАЧОНАК Мікалай Яўгенавіч з ААТ «Ільюшынскі», які на камбайне КЗС-10К намалаціў 641 тону зерня.
КАМОВІЧ Аляксей Уладзіміравіч з КУСГП «Глыбачаны», які на камбайне КЗС-10К намалаціў 621 тону зерня.
МАЛАХАЎ Аляксандр Аляксандравіч з КУСГП «Глыбачаны», які на камбайне КЗС-10К намалаціў 615 тон зерня.
ЯЛОВІК Мікалай Уладзіміравіч з ААТ «Дземенец», які на камбайне КЗС-1218 намалаціў 597 тон зерня.
Лепшыя вадзіцелі:
САПЕГА Леанід Мікалаевіч з КУСГП «Глыбачаны», які на аўтамабілі МАЗ-555 перавёз 1142 тоны зерня.
ШОПА Раман Уладзіміравіч з ААТ «Ільюшынскі», які на аўтамабілі МАЗ-555 перавёз 974 тоны зерня.
ГІРАЎКА Алег Васільевіч з ААТ «Ушацкі райаграсэрвіс», які на аўтамабілі МАЗ-555 перавёз 936 тон зерня.
ЛЯХОЎСКІ Мікалай Уладзіміравіч з ААТ «Ільюшынскі», які на аўтамабілі МАЗ-555 перавёз 862 тоны зерня.
ГАТАЎСКІ Алег Валянцінавіч з КУСГП «Кублічы», які на аўтамабілі МАЗ-551 перавёз 845 тон зерня.
ЗЕЛЯНІК Уладзімір Міхайлавіч з ААТ «Ушацкі райаграсэрвіс», які на аўтамабілі МАЗ-555 перавёз 826 тон зерня.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *