Начальник Ушачского РОЧС ни дня не жалел о выборе профессии спасателя

Cлужба-101 Экономика и малый бизнес

У адзін з веснавых дзён ушацкім выратавальнікам паступіла паведамленне аб тым, што з-за выпальвання сухой расліннасці ва Урбанове загарэліся тры жылыя дамы. Выезд на гэты пажар, падчас якога, на шчасце, абышлося без чалавечых ахвяр, стаў баявым “хрышчэннем” для маладога вадзіцеля пажарнай машыны аварыйна-выратавальнай часці №1 г.п.Ушачы Сяргея Аваднёва – новага работніка калегі па традыцыі аблілі вадой… З таго дня мінула без малага 17 гадоў, і за гэты час ён прайшоў шлях ад старшага сяржанта да маёра, ад вадзіцеля да начальніка раённага аддзела.

– На выбар прафесіі паўплываў брат, ён працаваў у пажарнай часці, а я прыходзіў да яго. Тады і вырашыў, што таксама стану пажарным, другіх варыянтаў нават не было. Пасля службы ў арміі ў 2001-м годзе ўладкаваўся на вакантнае месца вадзіцеля. І аб абраным шляху не шкадаваў ні дня, – прыгадвае Сяргей Яўгенавіч.

Хаця складаных сітуацый за час службы было нямала. Урэзаўся ў памяць, напрыклад, выпадак, калі ля Сарочына адбылася сур’ёзная аварыя з удзелам двух велікагрузных машын. Аднаму з вадзіцеляў была патрэбна тэрміновая дапамога: яго ногі аказаліся прыціснутымі і заблакіраванымі. Мужчына быў у прытомнасці і пакутаваў ад моцнага болю. Не мелася тады на ўзбраенні сучаснага спецыяльнага абсталявання, а таму вызваліць чалавека было складанай задачай. Але ўсё ж удалося выратаваць яго з балючага палону і перадаць медыкам. Прыгадвае і зімовы пажар на жывёлагадоўчай ферме ў Жарах – з вялікім снегам і такім марозам, што ў пажарнай машыне замярзалі помпы і трэба было іх адаграваць. На ліквідацыю ўзгарання тады былі кінуты практычна ўсе падраздзяленні аддзела.

Не стаяць на месцы, развівацца – адзін з прынцыпаў С.Я.Аваднёва. А таму ён паступіў у Гомельскі камандна-інжынерны інстытут МНС Рэспублікі Беларусь. Пасля заканчэння ўстановы працаваў інспектарам інспекцыі дзяржаўнага пажарнага нагляду, старшым інспектарам. Дзейнасць іншая, а мэта тая ж – выратаванне людзей, толькі з дапамогай прафілактычнай работы. Да справы адносіўся вельмі адказна, заўсёды дэталёва разбіраўся ў прычынах пажараў, скрупулёзна праводзіў праверкі суб’ектаў гаспадарання, бо ад гэтага часта залежала бяспека і жыццё людзей. І ў той час аддзел па прафілактычна-прапагандысцкай рабоце займаў самыя высокія месцы ў вобласці, а Сяргей Яўгенавіч адпаведна станавіўся лепшым інспектарам.

Выдатна ён спраўляўся і з абавязкамі першага намесніка – чарговае павышэнне атрымаў ужо пасля заканчэння Камандна-інжынернага інстытута МНС Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці “кіраванне папярэджаннем надзвычайных сітуацый”. Дарэчы, не проста займеў дыплом аб другой вышэйшай адукацыі, а і паспяхова абараніў магістарскую дысертацыю, увайшоўшы ў тройку лепшых на рэспубліканскім конкурсе навуковых работ студэнтаў ВНУ краіны.

Сёння ў начальніка аддзела нямала спраў – праверыць работу пастоў і часці, выехаць у рэйд ці на здарэнне, вырашыць арганізацыйныя пытанні і многае іншае. А, бадай, самым клопатным зараз з’яўляецца будаўніцтва новай часці, якое павінна распачацца ў бліжэйшы час.

“Напішыце добрыя словы ў адрас выратавальнікаў за акуратнае і аператыўнае выдаленне дрэў на нашых вясковых могілках і абавязкова падкрэсліце, што начальнік Ушацкага РАНС – чалавек слова”, – тэлефануючы ў рэдакцыю, адзначала старэйшына Забалацця. Такія водгукі пра кіраўніка неаднаразова даводзілася чуць і ад работнікаў аддзела, а сёння ў падначаленні Сяргея Яўгенавіча 50 чалавек.

– Многія заслугоўваюць добрых слоў – дрэнных работнікаў мы не трымаем. Больш 20 гадоў старанна працуе ў калектыве Алена Рагавешка, нядаўна праводзілі на заслужаны адпачынак наш гонар – Аляксандра Жукава і Уладзіміра Лісічонка. Працягваюць іх годную справу і заўсёды на перадавой маладыя работнікі Раман Літвін, Мікалай Шустроў, Дзмітрый Цюкала. Па выніках мінулага года за мужнасць і гераізм, праяўленыя падчас выканання службовага доўгу, і выратаваныя жыцці лісты падзякі і ўзнагароджанні атрымалі каля 70 выратавальнікаў Віцебшчыны, сярод якіх і нашы Юрый Кісель, Андрэй Малахаў, Максім Дукмасаў, якія аказвалі дапамогу пацярпелым у дарожна-транспартным здарэнні каля Павулля, – расказвае С.Я.Аваднёў, замоўчваючы факт, што і сам прымаў удзел у той выратавальнай аперацыі.

Ён не толькі кіруе, а і знаходзіцца са сваім калектывам на ўсіх мерапрыемствах – ці то суботнік, спартыўнае спаборніцтва, турзлёт. Не раз адстойваў гонар аддзела ў такіх відах спорту як стральба, плаванне, штурханне ядра. А яшчэ з’яўляецца ініцыятарам удзелу калектыву ў дабрачынных мерапрыемствах, знаходзіць час у напружаным графіку і для грамадскай работы. Так, зусім нядаўна па ініцыятыве Сяргея Яўгенавіча была створана Ушацкая раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў”, старшынёй якой ён і абраны.

З прафесіяй звязана і захапленне: ён збірае і калекцыяніруе маркі, прысвечаныя пажарнай справе, якіх назбіралася ўжо больш пяцісот. Асобнае месца займаюць шэўроны і вымпелы, ёсць у калекцыі і запалкавыя карабкі як савецкіх часоў, так і з нядаўняй серыі МНС.

Вольны час, якога выдаецца ня­многа, Сяргей Яўгенавіч прысвячае сям’і, якая раздзяляе з ім нялёгкія моманты і радуецца поспехам і ўзнагародам. Іх нямала, а адна з самых высокіх – медаль “За бездакорную службу” трэцяй ступені, якую маюць толькі адзінкі з Ушацкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Зрэшты, пералік дасягненняў з вялікай доляй верагоднасці яшчэ папоўніцца, паколькі ён поўны сіл і энергіі, задум і планаў. Менавіта пра такіх справядліва зазначаюць – чалавек на сваім месцы.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *