Более 25 лет посвятил Ушачскому райпо Юрий Феодосеевич Хомич

Экономика и малый бизнес

Далёка не кожны чалавек можа курыраваць работу паўтысячнага калектыву. А вось Юрыю Феадасеевічу Хомічу гэтая задача па плячы. Больш 25 гадоў прафесійнай дзейнасці ён прысвяціў Ушацкаму райспажыўтаварыству, на працягу апошніх 13 з’яўляецца першым намеснікам старшыні праўлення. За гэты час змянілася некалькі кіраўнікоў і ў кожнага ён быў правай рукой, першым дарадцам і памочнікам.

“Пуцёўка” на Ушаччыну

Ураджэнец Брэсцкай вобласці калісьці нічога не ведаў пра Ушачы і ніколі тут не быў. Дзяцінства яго прайшло ў гарадскім пасёлку Целеханы. На знакамітай лыжнай фабрыцы працавалі бацькі, тут першыя працоўныя крокі рабіў і Юрый, а потым паступіў у Гомельскі інстытут спажывецкай кааперацыі. “Думалі з сябрамі, што скончыўшы ўстанову, абавязкова станем рэвізорамі”, – зараз з усмешкай успамінае юнацтва Юрый Феадасеевіч. Падчас вучобы праявіліся і кіраўніцкія здольнасці – быў камандзірам студэнцкага будатрада на работах у сельскіх населеных пунктах Гомельшчыны, выязджалі працаваць і ў Балгарыю.

Падчас размеркавання ён хацеў трапіць бліжэй да родных мясцін, аднак варыянтаў на Брэстчыне не было, затое нямала іх мелася ў Віцебскай вобласці. Атрымаўшы “пуцёўку” на Ушаччыну, пачынаў дзейнасць з намесніка старшыні гарадскога спажывецкага таварыства, працаваў на аптовай базе і ў Сарочынскім сельскім спажыўтаварыстве, а пасля рэарганізацыі з 2005 года займае сённяшнюю пасаду.

– Спачатку крыху сумаваў па радзіме, вельмі хацелі і настойвалі, каб вярнуўся ў родны раён бацькі. Аднак на рабоце ўсё атрымлівалася, тут з жонкай Таццянай, якая таксама працуе ў сістэме спажыўкааперацыі, пачалі будаваць свой дом і паступова “прыраслі”. Цяпер зусім не шкадую, што трапіў ва Ушачы. Нават калі наведваюся на радзіму, цягне ўсё роўна сюды, дзе прайшла значная частка майго жыцця, – гаворыць Юрый Феадасеевіч.

Працаваць без перабояў

На першым намесніку ляжыць адказнасць за ўсе накірункі. А сфера дзейнасці райспажыўтаварыства шматгранная, адных толькі магазінаў у гарпасёлку і на раёне налічваецца 52. Да таго ж маецца 13 кропак грамадскага харчавання, хлебазавод, аўтабаза, бойня. Неабходна займацца і арганізацыяй выязнога гандлю, а ўлетку дадаюцца нарыхтоўкі. І ўсё павінна працаваць без перабояў. Канечне, у такой сферы не бывае без нараканняў. Напрыклад, незаўсёды задаволены людзі якасцю хлеба. Гэтае пытанне трымаецца на асаблівым кантролі.

У цэлым жа Ушацкае райспажыўтаварыства ўжо каторы год трывала ўваходзіць у пяцёрку лепшых у сістэме аблспажыўсаюза. За мінулы год спрацавалі не так добра, як хацелася б, але рэнтабельна, з прыбыткам. Нямала сродкаў было ўкладзена ў абнаўленне вясковых магазінаў, мадэрнізацыю сталовай, адкрыццё кропкі грамадскага харчавання на фізкультурна-аздараўленчым комплексе.

Пастараецца апраўдаць давер

Адным з самых актуальных і надзённых пытанняў Ю.Хоміч лічыць гандлёвае абслугоўванне малых населеных пунктаў Ушаччыны. Сёння аўтамагазіны заходзяць у 216 вёсачак і задача райспажыўтаварыства, каб жыхары глыбінкі былі забяспечаны неабходным таварам. У 2017-м набыта два новых аўтамагазіна з сучасным гандлёвым абсталяваннем, яшчэ два састарэлыя запланавана замяніць сёлета.

– Напрыклад, па Мосарскай выбарчай акрузе, дзе зараз з’яўляюся кандыдатам у дэпутаты, у большасці вёсак усяго па некалькі жыхароў. Нядаўна з просьбай звярнуліся жыхары Завячэлля, каб аўтакрама, праязджаючы міма, спынялася на вуліцах, якія знаходзяцца далёка ад стацыянарнай гандлёвай кропкі. Канечне ж, мы пайшлі насустрач нашым пакупнікам,  – зазначае Ю.Ф.Хоміч.

Дарэчы, дэпутатам мужчына будзе выбірацца ўпершыню, але добра ведае праблемы жыхароў сваёй акругі – занятасць насельніцтва, добраўпарадкаванне, якасць дарог. “Разумею, якую адказнасць бяру на сябе і як многа трэба зрабіць, каб апраўдаць давер, будучы абраным. Гатовы максімальна аказваць дапамогу ў вырашэнні названых праблем”.

“Каб выбіралі нашы магазіны”

Сёння ў райспажыўтаварыства з’яўляецца ўсё больш канкурэнтаў, якія адкрываюць свае гандлёвыя кропкі або дастаўляюць тавары на дом і праз пошту. Як утрымацца на плыву прадпрыемству, якое гадамі займала дамінуючую пазіцыю на раённым рынку?

– Канкурэнцыі мы не баімся, да яе гатовы, – адзначае Ю.Хоміч. – Яна ва ўсе часы была рухаючай сілай гандлю, падставай быць лепш і развівацца. Гэта натуральна, што ў пакупніка ёсць выбар. Будзем імкнуцца, каб спажыўцы выбіралі нашы магазіны: вывучаць цэны, рабіць скідкі, праводзіць акцыі, прэзентацыі, дэгустацыі, укараняць новыя паслугі.

Каб выглядаць не горш за канкурэнтаў, плануюць і далей рабіць мадэрнізацыю. Сёлета ў планах абнаўленне магазінаў “Абутак” і “Гаспадар”, да аўтаматызаванай сістэмы руху тавараў і дысконтнай сістэмы скідак далучыцца магазін “На Віцебскай”, для некаторых сельскіх магазінаў будзе закуплена сучаснае гандлёвае і халадзільнае абсталяванне, кандыцыянеры. На хлебазаводзе абнавіцца печ для белабулачных вырабаў, у новым выглядзе прыме пакупнікоў трэці паверх універмага.

* * *

Свой вольны час, якога не так і шмат, Ю.Ф.Хоміч любіць правесці за работай каля ўласнага дома, выехаць на рыбалку ці ў лес, наведаць фізкультурна-аздараўленчы комплекс. А яшчэ адправіцца разам з калектывам у падарожжа падчас прафсаюзных паездак – такія мерапрыемствы згуртоўваюць і даюць сілы для новых здзяйсненняў.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *