Председатель Ушачского райисполкома провёл встречу с работниками филиала «Сорочино» ОАО «Витебский комбинат хлебопродуктов»

Общество

Пасля аднаўлення вытворчасці меры перасцярогі ад афрыканскай чумы ў філіяле “Сарочына” ААТ “Віцебскі камбінат хлебапрадуктаў” сур’ёзныя. У памяшканні цэхаў допуск маюць выключна работнікі прадпрыемства, а мінімум патрабаванняў, каб трапіць на тэрыторыю ці нанесці візіт у адміністрацыйны блок жывёлагадоўчага комплексу для іншых – адсутнасць свіней у асабістай падсобнай гаспадарцы і паляўнічага білета для наведвання лясоў. Зрэшты, адпаведнасці гэтым умовам хапіла для дазволу папрысутнічаць у апошні дзень студзеня на сустрэчы работнікаў сельгаспрадпрыемства са старшынёй райвыканкама Уладзімірам Генадзьевічам Аўдошкам.

Прайшла яна раніцай, калі без адрыву ад вытворчасці можна было сабраць максімальную колькасць членаў калектыву. Ён на сённяшні дзень налічвае 106 чалавек. Многа гэта або не? Калі параўноўваць з былымі часамі, то не, бо працавала тут і за 200 работнікаў. А вось у сучасных рэаліях больш сотні чалавек на свінагадоўчым комплексе ўжо бачыцца завышанай лічбай. “Зараз на Віцебшчыне будуюцца сучасныя аб’екты, дзе некалькі дзясяткаў тысяч пагалоўя абслугоўваюць усяго 25 чалавек”, – прыводзіў прыклады старшыня райвыканкама.

Тут склалася ў нейкім сэнсе парадаксальная сітуацыя. Пры вельмі неблагой дынаміцы развіцця прадпрыемства працуе з вялікімі стратамі. За мінулы год атрымана 2067 тон прадукцыі вырошчвання або 190,5 працэнта да ўзроўню 2016-га, неблагімі былі і сярэднясутачныя прывагі – 538 грамаў (160,1 працэнта да мінулагодняга паказчыка). Знізіўся на 15 працэнтаў расход кармоў – 4,1 цэнтнера кармавых адзінак на 1 цэнтнер прадукцыі. І разам з гэтым, за 11 месяцаў мінулага года атрымана 1144 тысячы рублёў страт. І менавіта “Сарочына” стала адзіным у раёне стратным сельгаспрадпрыемствам, “мінус” якога перакрэсліў невялікія сумы прыбыткаў усіх астатніх гаспадарак разам узятых.

Кошт камбікорму за некалькі гадоў значна вырас, што ў сукупнасці з невысокімі закупачнымі цэнамі на свініну, якія доўгі час не мяняліся, прывяло да таго, што ў структуры расходаў філіяла “Сарочына” львіную долю – каля 80 працэнтаў – складаюць затраты на набыццё кармоў. Сярэднемесячная зарплата на прадпрыемстве за 2017 склала 394 рублі. Гэта вышэй сярэднераённага паказчыка. Між тым, даглядчыкі са стажам памятаюць, калі заробкі на комплексе былі значна большымі, але з аглядкай назад зараз працаваць не атрымаецца. Як і не ўяўляецца пакуль магчымым адкрыццё ўласнага цэха забою жывёлы, бо ў вобласці зараз назіраецца тэндэнцыя па іх скарачэнні. Зразумела, што філіялу “Сарочына” складана раўняцца на новыя комплексы, дзе аўтаматыка замяняе ручную працу, таму канкурыраваць з іншымі вытворцамі без мадэрнізацыі наўрад ці атрымаецца. У яе правядзенні прадпрыемства павінна разлічваць у асноўным на капітальныя ўкладанні Віцебскага камбіната хлебапрадуктаў і на ўласныя сілы, бо сённяшняя форма ўласнасці комплексу не дазваляе раёну аказаць яму, напрыклад, бюджэтную падтрымку.

У.Г.Аўдошка таксама расказаў аб асноўных напрамках сацыяльна-эканамічнага развіцця Ушаччыны. Улічваючы спецыфіку вытворчасці прадпрыемства, акцэнт быў зроблены на сельскую гаспадарку. У цэлым галіна перажывае зараз няпростыя выпрабаванні і яе аздараўленне ў многім будзе залежыць ад уключэння сельгаспрадпрыемстваў раёна ў інтэграцыйную структуру на базе Полацкага камбіната хлебапрадуктаў. Магчыма, наогул застанецца толькі некалькі самастойных гаспадарак, а тыя, што зараз не могуць выплачваць зарплату, не маюць абаротных сродкаў і магчымасці падрыхтавацца да палявых работ, увойдуць у склад холдынгу. Пры гэтым кіраўнік раёна зазначыў, што простым работнікам з-за гэтага хвалявацца няма падстаў – праца сумленных механізатараў, даглядчыкаў і аператараў машыннага даення запатрабаваная заўсёды, тым больш што рабочых рук у сельгасвытворчасці не хапае.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Васільеўна Азевіч сваё кароткае выступленне прысвяціла пытанням выбарчай тэматыкі, нагадала прысутным асноўныя этапы надыходзячай палітычнай кампаніі, прозвішчы кандыдатаў у дэпутаты раённага Савета дэпутатаў, якія балаціруюцца ў акругах, дзе пражывае пераважная колькасць работнікаў філіяла “Сарочына”.

Аўдыторыя з увагай выслухала гасцей і, карыстаючыся момантам, змагла задаць кіраўніку раёна пытанні, у тым ліку і прыватнага характару – менавіта ў гэтым і яшчэ адна мэта падобных сустрэч. Прагучалі нараканні на работу ўчастка ЖКГ аграгарадка Арэхаўна – па прыгаданых фактах нізкай тэмпературы паветра ў жылфондзе, які знаходзіцца на балансе камунальнікаў, перабоях у падачы вады трэба разбірацца. Былі выказаны пажаданні адна­віць поручні на мастку праз рачулку ў Арэхаўне, па якім дзеці ідуць у школу, устанавіць кантэйнер для збору смецця ў Кублішчыне і ліквідаваць звалку ля гэтага населенага пункта, некаторыя іншыя – Уладзімір Генадзьевіч, каб не затрымліваць усіх работнікаў, адказаў на іх індывідуальна. Асобныя пытанні будуць узяты на кантроль, заяўнікі атрымаюць адказы.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *