На базе «Юность-Ушачи» прошла межрайонная спартакиада, посвящённая столетию со дня рождения П.М.Машерова

Cпорт

Фізкультурна-аздараўленчы комплекс “Юнацтва-Ушачы” набывае папулярнасць не толькі ў нашых землякоў, а і жыхароў іншых рэгіёнаў Віцебшчыны. І ўжо не здзіўляешся колькасці незнаёмых твараў у сценах спартыўнага аб’екта – суседзі з Лепельскага і Полацкага раёнаў, каб правесці вольны час з карысцю для здароўя, наведваюцца сюды ў выхадныя цэлымі аўтобусамі. Некалькі іх прыпынілася ля комплексу і ў мінулую суботу – на запрашэнне прыняць удзел у адкрытай спартакіядзе, прысвечанай стагоддзю з дня нараджэння Пятра Міронавіча Машэрава, арганізатарам якой выступіў аддзел адукацыі, спорту і турызму Ушацкага райвыканкама, адгукнуліся прадстаўнікі Бешанковіцкага, Шумілінскага і, канечне, Сенненскага раёнаў.

Апошнія не маглі не прыехаць, бо выдатны палітычны дзеяч, у гонар якога праводзіліся спаборніцтвы, з’яўляецца іх земляком, ён велічыня не толькі ў маштабах Віцебшчыны – пад кіраўніцтвам П.М.Машэрава наша рэспубліка ў 1965-1980 гады дабілася значных поспехаў у сацыяльна-эканамічным развіцці. Аб гэтым падчас адкрыцця спартакіяды нагадалі вядучыя. Старшыня Ушацкага райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка шчыра вітаў спартсменаў. Ён, на жаль, не змог прыняць удзел у спаборніцтвах у складзе каманды нашага раёна, аснову якой, як і  іншых, складалі дзяржаўныя служачыя.

Барацьба разгарнулася амаль ва ўсіх памяшканнях спарткомплексу, а першымі “адстраляліся” і перайшлі з разраду спартсменаў у балельшчыкі ўдзельнікі спаборніцтваў па дартсе. Тут безагаворачную перамогу атрымалі ўшачане – Віталь Клімашэўскі і Таццяна Хрыпель сталі лепшымі ў асабістых заліках і, зразумела, у агульным. Адзначыліся ўдзельнікі нашай каманды і ў шашачным турніры – Ігар Шышко заваяваў першае месца, а Наталля Раманоўская стала трэцяй. У выніку – яшчэ адна камандная перамога.

У іншых жа відах тон задавалі госці, якія вельмі сур’ёзна падрыхтаваліся і прывезлі моцныя каманды. У эстафеце па плаванні выдзяляліся землякі П.М.Машэрава, якія і занялі першае каманднае месца, а начальнік інфармацыйна-турыстычнага пункта “Сянно” Сяргей Гарбачоў прадэманстраваў астатнім сапернікам, як трэба пераадольваць стометроўку на вадзе.

Ушачанін Віктар Бурдыка адзначыўся “бронзай” у гіравым спорце. Каманднае месца прысуджалася па суме балаў, набраных двума ўдзельнікамі, і тут не было роўных асілкам з Бешанковіцкага раёна, якіх вёў за сабой намеснік начальніка аддзела спорту і турызму мясцовага райвыканкама Аляксандр Ерашоў. Сваім выступленнем ён абверг вядомае меркаванне, што адзін у полі не воін, атрымаўшы перамогу не толькі ў падыманні гіры, але і ў турніры па настольным тэнісе ў падгрупе мацнейшых “першых” ракетак, куды прыбег… пасля заканчэння аднаго з валейбольных паядынкаў! Але ў спаборніцтвах майстроў малой ракеткі больш роўна выступіла каманда Шумілінскага раёна, якая прывезла падрыхтаваны састаў, дзе нават прадстаўніцы цудоўнай паловы маглі б абгуляць мужчын.

Перамаглі шумілінцы і ў валейболе, а вось у перацягванні каната больш дужымі і трывалымі аказаліся прадстаўнікі Сенненскага раёна. І перамога менавіта ў гэтым, заключным відзе спартакіяды стала вырашальнай – землякі П.М.Машэрава заваявалі першае агульнакаманднае месца па выніках усёй спартакіяды.

Хоць і даваў перад яе стартам кіраўнік нашага раёна наказ спартсменам паберагчыся ад траўм, але без іх не абышлося – пашкоджанне не дазволіла ў поўнай меры праявіць сябе калегу У.Г.Аўдошкі, старшыні Сенненскага райвыканкама Васілю Анатольевічу Чарэднікаву, які асабіста ўзначаліў каманду. Зрэшты, перамога сваёй дружыны кампенсавала ўсе негатыўныя эмоцыі. Пасля цырымоніі ўзнагароджання прызёраў у асабістым і агульным заліках Васіль Анатольевіч узяў слова:

– Іншага выніку не магло і быць на турніры, прысвечаным знакамітаму ўраджэнцу нашага краю. А калі сур’ёзна: шчыры ўсім дзякуй! Сапернікам – за барацьбу, Ушацкаму райвыканкаму – за запрашэнне і арганізацыю спаборніцтваў. Вельмі былі рады выступіць у такой пазітыўнай атмасферы, на цудоўным спартыўным аб’екце.

В.А.Чарэднікаў уручыў У.Г.Аўдошку памятны сувенір і выказаў пажаданне, каб выступленні такім складам на падобных турнірах сталі рэгулярнымі. І яго словы былі сустрэты дружнымі апладысментамі. Старшыня Ушацкага райвыканкама ў сваю чаргу ўручыў памятныя сувеніры гасцям раёна і адзначыў, што дзверы “Юнацтва-Ушачы” адкрыты для ўсіх жадаючых і мы можам прыняць спаборніцтвы самага высокага ўзроўню.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *