Неоднократная чемпионка мира и Европы по самбо Анастасия Архипова не забывает о родных Ушачах

Cпорт Наши земляки

Адной са спартыўных дысцыплін, прадстаўленых на ІІ Еўрапейскіх гульнях, якія пройдуць у Мінску з 21 па 30 чэрвеня 2019 года, будзе самба. 144 барцы ў 9 вагавых катэгорыях разыграюць аж 18 камплектаў узнагарод, і мы спадзяемся, што сярод іх уладальнікаў абавязкова будуць беларусы. Як вядома, радзімай самба з’яўляецца СССР, а таму нядзіўна, што постсавецкія краіны маюць у ім добрыя традыцыі. Гэта цалкам пацвердзіў і прайшоўшы днямі ў Румыніі Чэмпіянат свету, з якога беларуская зборная вярнулася з 12 медалямі рознай вартасці. Нам жа асабліва прыемна, што сваё “срэбра” ў камандную скарбонку ўнесла і наша зямлячка Анастасія Архіпава – неаднаразовае чэмпіёнка свету і Еўропы.

Пасля добра выкананай работы належыць адпачыць, і ў свой невялічкі водпуск Насця паспяшалася да бацькоў у Крыжы. Вядома ж, знайшла час і каб зазірнуць у родную ДЮСШ, сустрэцца з любімым трэнерам Верай Васільеўнай Кілінай. Ну а мы ў сваю чаргу не ўпусцілі шанс пагутарыць з зоркай беларускага спорту.

“Гэты срэбраны медаль для мяне раўназначны залатому”, – прызналася Насця, аналізуючы вынікі прайшоўшага чэмпіянату. І гэта нядзіўна, бо не так шмат жанчын могуць пахваліцца вяртаннем на самы высокі спартыўны ўзровень пасля нараджэння дваіх дзяцей. На рашэнне ж Анастасіі паўплывалі прыклад сяброўкі па камандзе Марыны Жарскай і непахісная ўпэўненасць галоўнага трэнера беларускай зборнай Вячаслава Сцяпанавіча Кота, які, па словах спартсменкі, верыць у яе нават больш, чым яна сама. Пасля трыумфальнага выйгрышу ў лютым Міжнароднага турніру па самба на прызы Прэзідэнта Беларусі было невыразнае выступленне на Чэмпіянаце Еўропы, таму вельмі хацелася ўдала правесці сусветнае першынство, каб паверыць у свае сілы, – што і атрымалася!

Графік у спартсменаў шчыльны, таму ў бацькоўскім доме Насця з маленькай Машай пабыла толькі тыдзень (старэйшы Ягор ужо школьнік, таму застаўся ў Мінску з татам). Ды і гэтыя дні дзяўчына пераважна выкарыстала, каб дапамагчы бацькам у гаспадарчых клопатах, якіх ва ўладальнікаў адной з самых прыгожых сядзіб раёна нямала.

Пра Сяргея Генадзьевіча і Валянціну Анатольеўну Ляшковых мы расказвалі не так даўно, а Насця падкрэслівае, што менавіта іх прыклад, уменне стойка пераносіць цяжкасці і ўпарта рухацца наперад паўплывалі на фарміраванне яе чэмпіёнскага характару. А яшчэ фізічная і маральная загартоўка, якую разам з двума старэйшымі братамі прайшла ў дзяцінстве. “Час, калі наша сям’я жыла на Украіне, быў складаны, – прыгадвае яна. – Не заўсёды хапала грошай на адзенне, таму даводзілася даношваць рэчы за братамі. Іншы раз нават не хацела ісці ў школу, бо саромелася свайго выгляду на фоне аднакласніц… Ды ўсё ж гэта былі шчаслівыя гады, бо бацькі заўсёды імкнуліся зрабіць наша жыццё цікавым. Памятаю, як тата, нягледзячы на тое, што з’яўляўся інвалідам і катастрафічна губляў зрок, збіраў усю навакольную дзятву і арганізоўваў паходы, спартыўныя турніры, гульні ў індзейцаў. Аднойчы мы з братамі нават выкапалі ў двары невялікі басейн… Можа і не было ў нашым доме дарагой мэблі, затое меліся палатка, мячы, клюшкі, надзіманы матрац і іншы турыстычны інвентар. Так што здаровы і актыўны лад жыцця быў прывіты нам з дзяцінства. Ну а шліфавалі мы свае спартыўныя навыкі ўжо ў Беларусі…”

Прынамсі, з юнацкім перыядам, які прыйшоўся на час пасля пераезду на Ушаччыну, у дзяўчыны таксама звязана нямала светлых успамінаў. Галоўнае, з чым пашанцавала, – што тут яна змагла працягнуць заняткі любімым дзюдо. Тандэм таленавітай дзяўчынкі і пачынаючага трэнера Веры Кілінай аказаўся надзвычай удалым. Пра прыгоды тых гадоў яны з захапленнем успаміналі, разглядаючы ў адным з кабінетаў новага спартыўнага комплексу старыя фотаздымкі.

“Памятаеце, як я заўсёды спазнялася на трэніроўкі, калі вучылася ў Арэхаўскай школе, хоць і ўцякала з апошняга ўрока”. “Гэта што, а як мы ўсе хваляваліся, калі ты вечарам ішла зімой ад Сарочына да сваіх Крыжоў, пакуль не пасялілася ў інтэрнаце…” “А гэта фота з трэніроўкі: нас тады перасялілі з лазневага комплексу ў школьны манеж, які пастаянна затаплівала, але хіба ж гэта магло сапсаваць нам настрой!” “А вось здымак з паходу ў лес! Як жа весела было! Памятаеш нашы конкурсы мастацкай самадзейнасці на прыродзе. Ты тады паказвала акрабатычны эцюд на бервяне – нездарма ж у дзяцінстве хадзіла ў цыркавую студыю…” “2001-ы год, першынство рэспублікі сярод ДЮСШ, дзе мы занялі другое месца! Таня Кротава, Лера і Віка Джураевы, Таня Леднік, Вераніка Марковіч, Лена Гарыслаўка – выдатная была каманда…”

Так, былых сваіх сябровак Насця Архіпава добра памятае і зараз, расказвае, што лёс многіх з іх так ці інакш звязаны са спортам. А ў Веры Васільеўны падрастаюць новыя таленавітыя выхаванцы – для іх зорка беларускага самба прывезла падарункі: прыгожыя кімано і барцоўкі. А яшчэ, разгледзеўшы ўсе памяшканні “Юнацтва-Ушачы”, загарэлася ідэяй прапанаваць кіраўніцтву Беларускай федэрацыі самба арганізаваць на яго базе трэніровачныя зборы галоўнай каманды. “Вельмі хочацца пазаймацца ў такіх выдатных умовах – мэты ж перад намі надзвычай сур’ёзныя!”

Наталля БАГДАНОВІЧ.



1 комментарий по теме “Неоднократная чемпионка мира и Европы по самбо Анастасия Архипова не забывает о родных Ушачах

  1. Удачи, Вам, Настя!Крепкого здоровья и множества побед!!!
    p.s. учились с Вами в параллельных классах

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *