В землеустроительной службе не боятся доверять сложные участки работы молодому работнику

Образование и молодежь

Да цяперашняй працы ў землеўпарадкаванні Дзмітрый Баратынскі набліжаўся даволі працяглай дарогай у пераносным і прамым сэнсе гэтага слова. Напрыканцы школьнага навучання юнак планаваў звязаць жыццё з медыцынай, жадаў паступіць у адпаведную вышэйшую навучальную ўстанову. Аднак прахадныя балы на бюджэтнае аддзяленне падчас той кампаніі пакінулі хлопцу шанс абіраць толькі каледж гэтага профілю, чаго яму не хацелася. Тады сярод іншага ён звярнуў увагу на адну са спецыяльнасцей сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках. Прывабіла сумяшчэнне некалькіх сумежных навыкаў у адной прафесіі: гэта і тэхналогія перапрацоўкі расліннай сыравіны, і аграномія.

Пасля вучобы ўшачанін пераехаў па размеркаванні бліжэй да малой радзімы, у Глыбоцкі раён, працаваў на Падсвільскім вінзаводзе. Там спатрэбіліся тэхналагічныя веды для работы з яблыкамі, ароніяй, вішняй, грушамі, парэчкай. А калі праз два з паловай гады вырашыў вярнуцца ў свой райцэнтр, пры працаўладкаванні яму якраз спатрэбілася агранамічная адукацыя, веданне розных тыпаў зямель і мэт іх выкарыстання, бо ў нашай землеўпарадкавальнай службе мелася вакансія галоўнага спецыяліста.

Па словах Дзмітрыя Аляксандравіча і яго калегі Маргарыты Паўлаўны Кірпічонак, часу, каб напачатку ўвайсці ў курс спраў, было няшмат. Азнаямляцца з нормамі зямельнага заканадаўства давялося ва ўмовах скарачэння штату: з пяці супрацоўнікаў за паўтара года засталося толькі трое.

Цяперашні начальнік службы Людміла Іванаўна Андрэйчык адводзіць спецыялісту вялікі і адказны ўчастак работы. Гэта як абслугоўванне Сарочынскага, Глыбачанскага, Вяркудскага сельсаветаў, так і ажыццяўленне дзяржкантролю за эфектыўным і мэтавым выкарыстаннем зямель, папярэджанне і недапушчэнне самавольнага заняцця ўчасткаў.

Як толькі наступае цёплае надвор’е, у аддзеле дабаўляецца працы. Праводзяцца рэгулярныя кантрольныя аб’езды. У мінулым годзе, напрыклад, было выпісана 56 пратаколаў з-за парушэнняў зямельнага заканадаўства. У асноўным землекарыстальнікі не сачылі за парадкам на сваіх участках. Часцей за ўсё агучваліся заўвагі за няскошаны баршчэўнік ды бур’ян. У такіх выпадках штрафы для прыватнікаў вагаліся ад паловы да чатырох базавых велічынь, для юрыдычных асоб – да дзесяці.

За мінулы год напрамую ў землеўпарадкавальную службу райвыканкама па­ступіла 18 матэрыялаў наконт папярэдняй згоды месца размяшчэння зямельнага ўчастка. Юрыдычныя асобы падалі 13 матэрыялаў па канфіскацыі і прадстаўленні надзелаў, грамадзяне – 39. Акрамя гэтага ўдакладняліся мэты карыстання ўчасткамі, афармляліся пераходы праў, вырашаліся зямельныя спрэчкі – па такіх выпадках прынята 34 рашэнні райвыканкама. Іх колькасць звычайна перавышае ўдвая лічбу пакетаў дакументаў, пададзеных у структуру, паколькі большасць матэрыялаў паступае праз сельвыканкамы. У 2017 годзе па землеўпарадкавальных пытаннях туды звярнуліся 185 разоў.

Дзмітрый Аляксандравіч таксама вядзе электронную зямельна-інфармацыйную сістэму, каб усе звесткі аб карыстанні зямлёй раёна былі зарэестраваны і даступны ў анлайн-рэжыме. Для прафесійнай супольнасці ёсць і публічная кадастравая карта. Яна служыць для таго, каб любы жадаючы мог з дапамогай інтэрнэта прагледзець асноўныя звесткі аб землеўпарадкаванні. Па словах галоўнага спецыяліста, зараз вольных для набыцця ўчасткаў у раёне 521, з іх 4 знаходзяцца ў райцэнтры.

Працаваць Дзмітрыю даводзіцца і па вечарах, і ў выхадныя. Аднак застаецца час на музыку, жывым выкананнем якой ён захапляецца. “Люблю паіграць на электрагітары разам з сябрам, які добра валодае ўдарнымі інструментамі, але знайсці пастаяннае месца для рэпетыцый цяжка, бо не хочацца злоўжываць цярплівасцю суседзяў”, – распавядае малады чалавек. А на пытанне, чаму ён усё ж вырашыў прыехаць дамоў, адказвае, што не любіць вялікія гарады, а на сённяшнім месцы працы адчувае сваю запатрабаванасць як прафесіянала. Ды і сябры з бацькамі жывуць тут.

Вольга СЕВЕРЫНА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *