Команда УП ЖКХ Ушачского района успешно выступила областной отраслевой спартакиаде

Cпорт

Пра тое, што УП ЖКГ – баяздольны калектыў не толькі ў працы, але і ў спорце, у нас у раёне ведаюць добра – чарговым сведчаннем гэтага стала нядаўняя перамога ў раённых спаборніцтвах “Беларускай лыжні”. Не прымусіла сябе чакаць і наступнае выбітное спартыўнае дасягненне – на ХІ зімовай абласной галіновай спартакіядзе работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі нашы землякі занялі другое агульнакаманднае месца.

На наваполацкім спарткомплексе “Атлант” камунальнікі дзевяці заходніх рэгіёнаў Віцебшчыны спаборнічалі ў шасці відах спорту – і практычна ва ўсіх ушачане ўзнімаліся на п’едэстал. Добра выглядалі яны ў “інтэлектуальных” дысцыплінах – у шашачным турніры каманду прадстаўлялі рабочы па добраўпарадкаванні Ігар Шнітко і вядучы юрысконсульт Валянціна Анкудовіч, якая стала трэцяй. Такім жа вынікам адзначыўся ў спаборніцтвах шахматыстаў калега Ігара Віктар Новакрышчонаў, яго “напарніцай” у гэтым відзе была вядучы эканаміст Вольга Жданава. На водных дарожках ушацкую каманду прадставілі кантралёр Марыя Дробыш і інжынер па ахове працы Валерый Секан – апошні стаў бронзавым прызёрам. Такі ж медаль у настольным тэнісе на рахунку электрагазазваршчыка Вадзіма Леаненкі, у кроку ад п’едэстала спынілася майстар па добраўпарадкаванні Вольга Шчэрбік. Неблагім атрымалася выступленне ў дартсе дыспетчара Надзеі Барадулькі і інжынера па ахове працы Паўла Пашкова. Ну а самы лепшы вынік паказалі лыжнікі: нядаўні пераможца прыгаданай вышэй раённай “Беларускай лыжні” галоўны бухгалтар Кацярына Глебка заваявала золата, а машыніст кацельні ўчастка Ільюшына Канстанцін Красноў – бронзу, што дазволіла ўшацкаму дуэту заняць агульнае першае месца ў гэтым відзе.

Вядома ж, нас зацікавіла “паходжанне” такой выдатнай лыжнай падрыхтоўкі Кацярыны. Сакрэт аказаўся простым: у час вучобы ў Маладолецкай школе яе любімым прадметам была фізкультура, выкладаў якую апантаны сваёй справай настаўнік Віктар Іванавіч Акулёнак. Здольная дзяўчына прадстаўляла раён на спаборніцтвах рознага рангу, у студэнцкія гады выступала за каманду Віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта, не развітваецца са спортам і зараз. На ўшацкім прадпрыемстве Кацярына працуе чацвёрты год, летась ёй была даверана пасада галоўнага бухгалтара. “Работа ў асноў­ным сядзячая, шмат часу праводжу і за рулём, бо даводзіцца штодня прыязджаць ва Ушачы з Наваполацка, дзе зараз пражываю, а таму спорт – лепшы спосаб трымаць сябе ў тонусе!”, – расказвае маладая жанчына.

“А яшчэ спартыўныя мерапрыемствы выдатна аб’ядноўваюць наш калектыў, бо ў камандзе поруч выступаюць і кіраўнікі, і простыя работнікі, – адзначае прафсаюзны лідар прадпрыемства Таццяна Міцкевіч. – Здаецца, ужо амаль тыдзень прайшоў пасля нашых спартыўных “подзвігаў”, а станоўчыя эмоцыі працягваюць натхняць людзей на тое, каб і працаваць таксама “з агеньчыкам”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *