Летние олимпийские игры в Рио-де-Жанейро стали историей. На счету белорусов 9 медалей

Cпорт

Стала гісторыяй Алімпіяда XXXI  у Рыа­-дэ­-Жанейра, якая прынесла нам шмат розных эмоцый – яркіх і супярэчлівых. Разам з усім светам за спартыўнымі баталіямі пільна сачылі і ўшачане. Паводле апытання, якое мы правялі ў афіцыйнай групе “Патрыёта” ў сацыяльнай сетцы “Вконтакте”, найбольшыя ўражанні ў нашых землякоў выклікалі поспехі беларускіх алімпійцаў, а таксама дасягненні зорак сусветнай велічыні – такіх як плывец Майкл Фэлпс і спрынтар Усэйн Болт. На думку ўдзельнікаў апытання, запомняцца гэтыя гульні таксама грандыёзнымі допінгавымі скандаламі, якія, на жаль, не абмінулі і беларусаў. Ну а самым яркім уражаннем прайшоўшай Алімпіяды нашы землякі лічаць залаты поспех прадстаўніка віцебскай школы батута Уладзіслава Ганчарова.

І з гэтым цяжка не пагадзіцца! Дарэчы, бачыць гэтага спартсмена і апладзіраваць яму мне давялося асабіста – праўда, было гэта не на спартыўных спаборніцтвах, а падчас цырымоніі ўручэння прэміі “Чалавек года Віцебшчыны­-2015”, якая праходзіла ў лютым. Журы, якое вызначала лаўрэатаў, аказалася надзвычай празорлівым – малады віцебскі хлопец літаральна пакарыў спартыўны свет, здолеўшы апярэдзіць, здавалася б, непераможных кітайскіх батутыстаў. “Уся краіна з заміраннем сэрца сачыла за тваім бліскучым выступленнем! І табе пакарылася неба гімнастычнай арэны ў Рыа. Залатым алімпійскім медалём на ўвесь свет заззяла слава айчыннай школы ў скачках на батуце!” – адзначыў у прывітальным віншаванні пераможцу Прэзідэнт нашай краіны.

Па рашэнні чэмпіёна аддзяленне па скачках на батуце і акрабатычнай дарожцы Віцебскай СДЮШАР №1, выхаванцам якога ён з’яўляецца, атрымае спонсарскую дапамогу ў ходзе праекта Прэзідэнцкага спартыўнага клуба “Алімпійскі выбар”. Гэтая спартыўная школа падрыхтавала цэлы шэраг пераможцаў і прызёраў сусветных спаборніцтваў.

Уладзіславу Ганчарову і яго трэнеру Вользе Уласавай прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін горада Віцебска”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *