Семья Романа и Светланы Федосенко тренирует юных спортсменов Ушаччины на высокий результат

Cпорт Общество

Абмяркоўваць з жонкай за вячэрай, што больш эфектыўна ў адзінаборствах – кідкі ці балявыя прыёмы, а перад сном разам глядзець матч Англійскай прэм’ер-лігі – згадзіцеся, аб такой ідыліі большасць мужчын могуць толькі марыць. А вось для Рамана Фядосенкі гэта з’ява паўсядзённая, бо яны з жонкай Святланай і працуюць поруч на трэнерскім попрышчы, і ў вольны час знаходзяцца, як кажуць, на адной хвалі.

Спорт пазнаёміў іх 20 год таму. Святлана, якая ў той час пачала трэніраваць дзюдаістаў ва Ушацкай спартшколе, заўважыла сціплага хлопца, які кожны дзень прыходзіў у манеж і маўкліва назіраў за заняткамі. Як потым высветлілася, малады футбаліст Раман на працягу тыдня збіраўся з духам, каб запрасіць прыгожую дзяўчыну на спатканне…

Дарэчы, маглі б яны займацца і адным відам: у дзяцінстве Рому па прыкладзе старэйшага брата-дзюдаіста хацелася фарсіць у прыгожым кімано і ён разоў шэсць спрабаваў запісацца ў секцыю, але паколькі форму навічкам адразу не выдавалі, хутка астываў да гэтай ідэі. Затое на школьных спаборніцтвах па футболе шустрага хлопчыка прыкмеціў трэнер Віктар Аляксандравіч Лук’яненка і запрасіў на прагляд. На стадыёне на вуліцы Кірава тры дзясяткі пачаткоўцаў білі па мячы на далёкасць і дакладнасць, дэманстравалі абводку – у спартшколу ж запісвалі толькі некалькіх: Рома ўпэўнена прайшоў “кастынг”, трапіў у зборную раёна, а пазней у Віцебскае вучылішча алімпійскага рэзерву. Лічыўся перспектыўным футбалістам, аднак прафесійная кар’ера не склалася. Спрабаваў знайсці сябе ў экзатычнай справе прамысловага альпінізма – зафіксаваў нават асабісты рэкорд, узняўшыся на 154-метровы будынак. Хоць і цікавай была работа, але хлопец сумаваў па футболе і прыйшоў да высновы, што хоча трэніраваць дзяцей…

А вось яго будучая спадарожніца жыцця ў дзяцінстве старанна асвойвала цымбалы, але музычную кар’еру перарваў дзень, калі яна за кампанію з суседскай дзяўчынкай зазірнула на трэніроўку да Станіслава Шэдзько. Света ўладкавалася на падаконніку і зачаравана сачыла за незразумелым дзействам. Назаўтра прыйшла зноў і заняла свой назіральны пост, а праз тыдзень ужо бывалыя зоркі Наташа Гайковіч і Вера Фаміна сцягнулі яе з падаконніка і апранулі ў барцоўскую куртачку… На першых у сваёй кар’еры рэспубліканскіх спаборніцтвах Света была самай маленькай, яе нават не хацелі дапускаць да паядынкаў, бо вагавыя катэгорыі пачыналіся з 36 кілаграмаў, яна ж важыла 32. Не ўспрынялі яе ўсур’ёз і больш магутныя саперніцы – а малышка на першых секундах кінула іх з калень праз спіну. Гэты каронны прыём потым неаднойчы дапамагаў ёй выйграваць паядынкі. “У нас тады склалася перспектыўная кампанія: Лена Антуновіч, Аня Цыунчык, Каця Маркевіч – з апошняй, дарэчы, мы выступалі ў адной вазе, але супрацьстаянне на татамі не перашкодзіла на ўсё жыццё захаваць сяброўства. Мы і зараз калегі!”, – расказвае Святлана. Атрымаўшы званне кандыдата ў майстры спорту па дзюдо, яна пад кіраўніцтвам сталічнага трэнера пачала асвойваць самба і неўзабаве стала майстрам спорту па гэтым відзе. Але жыццё склалася так, што давялося завяршыць спартыўную кар’еру і вярнуцца ва Ушачы. “Вельмі ўдзячная тагачаснаму дырэктару Ушацкай ДЮСШ Ігару Уладзіміравічу Клімашэўскаму і завучу Таццяне Леанідаўне Клопавай, якія дапамаглі мне распачаць трэнерскую кар’еру”, – падкрэслівае гераіня аповеду.

Такім чынам, Святлана і Раман, якія на той час ужо стварылі сям’ю, скончылі Полацкі дзяржуніверсітэт і пачалі навучаць юных спартсменаў. Сваю справу абое вельмі любяць і ўжо могуць пахваліцца зорнымі вучнямі. З секцыі фізкультурна-спартыўнага клуба ў Віцебскую акадэмію футбола трапіў Мікіта Бадзякін, у школу Мінскага “Дынама” – Арцём Ільіноў. Ушацкая каманда ўдала выступіла летась у спаборніцтвах “Скураны мяч”, а зараз да іх актыўна рыхтуюцца хлопчыкі малодшай групы. Сярод самых першых выхаванцаў Святланы быў Дзмітрый Кашыцкі, які таксама стаў трэнерам па дзюдо. А цяперашнія зорачкі Аліса Зуева, Карына Лецкая, Улада Цюкала, Каця Рубанік і Саша Міхаль проста “рвуць” вобласць і часта на спаборніцтвах разбіраюць усе медалі. Калі ў вырашальных паядынках ушацкім дзяўчатам даводзіцца бароцца паміж сабой, трэнеру не пазайздросціш: і адной хочацца падказаць, і другую падтрымаць. Спаборніцтвы ж зараз праходзяць вельмі часта: і футбалісты, і дзюдаісты толькі гэтай вясной прывезлі ва Ушачы цэлы россып медалёў. “Хочам падзякаваць дырэктару СДЮШАР Сяргею Генадзьевічу Кісламу за тое, што заўсёды нас падтрымлівае, вылучае для паездак транспарт”, – кажуць Раман і Святлана.

Тым часам падраслі і іх уласныя сын і дачка. А тры гады таму сям’я Фядосенкаў стала мнагадзетнай. Навіну пра тое, што ў іх хутка з’явіцца сястрычка, старэйшыя дзеці ўспрынялі насцярожана, зараз жа проста абажаюць маленькую Жэнечку. Студэнт Мікіта абавязкова вязе ёй са сталіцы гасцінцы, старшакласніца Каця прыглядае за сястрычкай, пакуль у бацькоў трэніроўкі. Дарэчы, на работу Святлана выйшла, калі дзіцяці было ўсяго тры месяцы: яны з Раманам складалі працоўны графік, каб даглядаць немаўля па чарзе. Так у іх дружнай спартыўнай сям’і прынята: усе клопаты і радасці дзяліць пароўну.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *