Предприятие ООО «Твестуба» успешно работает и расширяет рынки сбыта своей продукции

Общество

ААТ “Полацк-Шкловалакно”, “Завод горнага воску” і УП “Гроднахлебпрам”. Здаецца, што можа быць агульнага ў гэтых прадпрыемстваў, якія прадстаўляюць тры розныя рэгіёны Беларусі і выпускаюць абсалютна розную прадукцыю? Між тым, усе яны з’яўляюцца кліентамі ўшацкага ТАА “Твестуба-ПРО”, якое стабільна працуе і развіваецца. І няхай наша прадпрыемства ў мінулым годзе і страціла заходні вектар паставак, затое пашырыла і без таго добра асвоены ўнутраны рынак дзякуючы выпуску новай экалагічнай і прывабнай прадукцыі.

Гэта дазволіла захаваць пазіцыі, дастойна вытрымліваць канкурэнцыю з боку падобных вытворцаў і, самае галоўнае, не змяншылі аб’ёмы пасля адмовы ад супрацоўніцтва з боку літоўскіх партнёраў.

– Па-ранейшаму працуем па папярэдніх заказах, таму такі паказчык, як запасы гатовай прадукцыі на складах, нам невядомы, у нас такой проста не бывае, – расказвае аб асаблівасцях працэсу намеснік дырэктара па вытворчасці Нэлі Канстанцінаўна Хвошч (на здымку). – Мы працягваем узаемавыгадныя адносіны з нашымі буйнейшымі заказчыкамі як дзяржаўнага, так і прыватнага сектараў эканомікі. Гэта, напрыклад, ААТ “Магілёўхімвалакно”, “Віцебскія дываны”, “Завод “Белпласт”, ТАА “БелЕўраПак”, шэраг іншых. А асаблівасцю мінулага года стаў рост заказаў ад прыватных фірм, з’явіліся новыя партнёры і сярод дзяржаўных вытворцаў. І хаця ёсць і зусім невялікія партыі, не адмаўляемся ад любых, калі яны прыносяць прыбытак. Таму пераналаджваць станкі даводзіцца даволі часта.

Нэлі Канстанцінаўна дэманструе некаторыя ўзоры прадукцыі – сувенірная ўпакоўка выглядае вельмі прывабна. “Гроднахлебпрам”, напрыклад, ва ўшацкія з густам аформленыя кантэйнеры змяшчае пячэнне і хлебабулачныя вырабы, а тэкстыльная фабрыка з Брэста – бялізну і шкарпэткі! Атрымліваюцца шыкоў­ныя сувеніры і падарункі. Упакоўка ад “Твестубы-ПРО” становіцца “домам” для павідла і лікёра-гарэлачных вырабаў, набораў цукерак, сыпучых матэрыялаў. Адзін з апошніх “эксклюзіваў” – выпуск кантэйнераў пад дзіцячыя канструктары і гульні для развіцця маторыкі рук у маленькіх.

Такі падыход забяспечвае працу ў дзве змены і годную зарплату. На прадпрыемстве даўно няма цякучасці кадраў, і калектыў з трох дзясяткаў чалавек без уліку адміністрацыі дзейнічае зладжана, вопытныя работнікі дапамагаюць маладзейшым. Пры тэрміновых заказах людзі не адмаўляюцца заставацца ля станкоў звышурочна, выходзяць і ў выхадныя – усё гэта аплачваецца дадаткова.

Вось і ў чацвер пасля 13 гадзін цэх не апусцеў – некалькі мужчын у абедзенны час займаліся наладкай абсталявання. Цікаўлюся ў іх, як зарэкамендавалі сябе кітайскія машыны. “Нармальна працуюць, мы іх пад сябе адаптавалі!” – адказвае Валерый Клачок, які на прадпрыемства прыйшоў адносна нядаўна. Між тым ужо з’яўляецца вопытным “дрэсіроўшчыкам”. У гэтым упэўніўся, калі назіраў, як хутка і спрытна ён упраўляўся з заменай вала на “кракадзіле” – так машыністы машын па вытворчасці вырабаў з паперы (большасць мужчын, якія працуюць на прадпрыемстве) называюць самы вялікі станок з-за зялёнага колеру станіны і значных памераў.

Менавіта на ім вырабляецца львіная доля прадукцыі для “Гродна Азот”: за мінулы год гігант беларускай індустрыі закупіў ва ўшацкага прадпрыемства каля 1,5 мільёна штук гільзаў для намотвання сінтэтычных валокнаў – нягледзячы на пашырэнне асартыменту, менавіта тубы і гільзы навіўныя, якія і далі назву прадпрыемству, застаюцца асноўнай крыніцай прыбытку. Тавар для гродзенскіх хімікаў наогул з разраду стратэгічных: мае высокі кошт, бо для яго вытворчасці прымяняецца імпартная расійская сыравіна – толькі так можна задаволіць патрабаванні заказчыка.

Па пяць фур у месяц адпраўлялі на “Гродна Азот” у мінулым годзе, але і ў адваротным накірунку паток грузаў не меншы – менавіта ААТ Слонімскі кардонна-папяровы завод “Альберцін” з заходняга рэгіёну краіны з’яўляецца асноўным пастаўшчыком сыравіны для “Твестубы-ПРО”.

Для таго, каб трымаць якасць на ўзроўні, на прадпрыемстве набылі спецыяльны агрэгат для вымярэння дынамічных нагрузак. Ды і наогул, вытворчасці любога віду прадукцыі надаецца пільная ўвага – не мог паверыць, што прыгожыя ўзоры кантэйнераў на стале намесніка дырэктара па вытворчасці па-сутнасці з’яўляюцца бракам! “Стыковачныя швы крыху скошаны” – патлумачыла Н.К.Хвошч, хаця іх няроўнасць без лупы нізавошта не ўбачыш. “У нас – як у аптэцы, з дакладнасцю да долей міліметра!” – дадае галоўны бухгалтар Галіна Міхайлаўна Малаток, і з гэтым немагчыма не пагадзіцца.

“Павіншуеце заадно наш жаночы калектыў з надыходзячым святам!” – казаў напярэдадні майго візіту на “Твестубу-ПРО” яго кіраўнік Васіль Васільевіч Трушко. На самой справе гэта не зусім адпавядае рэчаіснасці, бо “рабочы клас” прадпрыемства на дзве трэці складаецца з мужчын. Але менавіта на жаночую частку прыходзіцца асноўная ручная праца. Яе нямнога, але яна вельмі дакладная і важная.

А яшчэ заўважыў замацаваныя на станках, за якімі працуюць мужчыны, віншаванні да 23 лютага. Падобныя з’явіліся ў людных месцах на многіх прадпрыемствах раёна. Так, “Твестуба-Про” з’яўляецца сур’ёзнай арганізацыяй з поўным пакетам сацыяльных абавязацельстваў і гарантый – заробак, адпускныя, дэкрэтныя, бальнічныя і іншыя выплаты тут ажыццяўляюцца ў тэрмін і па законе – усё празрыста і адкрыта. А вось арганізацыі работы і яе эфектыўнасці ў гэтага прыватнага прадпрыемства могуць павучыцца многія дзяржаўныя.

Д.Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *