Работники Ушачского РОЧС на безвозмездной основе помогли ветерану войны с удалением аварийного дерева

Cлужба-101

Дрэва пад самым акном каля аднаго з дамоў па вуліцы Каранеўскага ў апошні час не давала спакою ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Веры Кузьмінічне Дзямешка – яго крона схавалася ў правадах лініі электраперадач, да таго ж жанчына непакоілася, што дуб, як ніякае іншае дрэва, прыцягвае маланку. Сваё набалелае пытанне В.К.Дзямешка агучыла падчас нядаўняга ўручэння ёй медаля з нагоды 100-годдзя Узброеных Сіл Беларусі. Вырашыць праблему дапамаглі ўшацкія выратавальнікі – раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях аказвае такую паслугу на платнай аснове, аднак у парадку выключэння для ветэрана выканалі яе бясплатна.

“Аперацыя” па выдаленні дрэва прайшла паспяхова – выратавальнікі  спачатку акуратна абрэзалі галіны, а потым і ствол упаў у вызначанае месца.

– Памятаю, як у маладосці сама садзіла дубок. Хоць і шкада, аднак так будзе бяспечней. Вялікі дзякуй выратавальнікам за дапамогу! Так усё акуратна зрабілі: асобна зрэзалі і склалі сучча, перанеслі ў патрэбнае месца ў двары парэзаны ствол, – выказала свае ўражанні жанчына.

Летась на гэтай жа вуліцы ў гарпасёлку райаддзел па надзвычайных сітуацыях ужо выдаляў адно аварыйнае дрэва і гаспадары таксама засталіся задаволенымі. Дарэчы, акрамя ўборкі аварыйных дрэў і кустоўя выратавальнікі на сённяшні дзень аказ­ваюць каля 30 відаў платных паслуг, сярод якіх адпампоўванне вады, разборка і знос будынкаў, адкрыццё дзвярэй, праверка газавентыляцыйных каналаў, падвоз вады для гаспадарчых патрэб, разборка завалаў, суправаджэнне і мыццё сельскагаспадарчай тэхнікі, буксіроўка транспартных сродкаў, выпрацоўка і падача электраэнергіі ад аўтаномнай крыніцы сілкавання, распрацоўка пашпартоў, інструкцый, планаў эвакуацыі.

За 2017 год было заключана больш за 800 дагавораў на аказанне платных паслуг. Самай запатрабаванай сярод іх стала праверка газавентканалаў, 8 разоў ушацкія выратавальнікі выдалялі аварыйныя дрэвы, таксама даводзілася дапамагаць у адкрыцці дзвярэй, адпампоўваць ваду.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *