Ушачские коммунальники заасфальтировали участок тротуара на улице Ленинской

Общество

Прыемны сюрпрыз для ўшачан, якія жывуць на левым беразе ракі, падрыхтаваў камунгас. У сераду брыгада па добраўпарадкаванні на чале з майстрам Вольгай Віктараўнай Шчэрбік заасфальтавала левы бок тратуара вуліцы Ленінскай ад музея да яго заканчэння па Кастрычніцкай. Сюрпрызам жа назвалі гэты аб’ект таму, што ён не значыўся ў планах і на яго не выдзяляліся бюджэтныя сродкі.

Асфальт камунальнікі набываюць у ДРБУ-105, у іх жа “пазычылі” і каток, каб добра ўтрамбаваць палатно. Дарэчы, участак не назавеш лёгкім нават для прафесіяналаў, паколькі ён мае вялікі ўхіл. Дырэктар жыллёва-камунальнай гаспадаркі раёна Станіслаў Браніслававіч Завадскі сказаў, што ажыццявіць гэта меркаваў даўно. Але паколькі прадпрыемства асфальтуе тратуары за заробленыя ад пазабюджэтнай дзейнасці сродкі, то і атрымліваецца падлатаць толькі невялікія адрэзкі. Раней такім чынам абнавілі тратуар па Ленінскай ад бібліятэкі да моста і па Савецкай у напрамку Дзяржынскага, чым узрадавалі жыхароў мікрараёна і наведвальнікаў дзіцячага садка №2. А зараз “дзякуй” камунгасу кажуць многія, асабліва жанчыны – хадзіць не толькі на абцасах, але і ў абутку на тонкай падэшве было вельмі праблематычна. Ну і, канечне, чакаюць працягу асфальтавання тратуара.

Вольга КАРАЛЕНКА.



1 комментарий по теме “Ушачские коммунальники заасфальтировали участок тротуара на улице Ленинской

  1. Маю вялікія спадзяванні, што калі-небудзь, год так праз 20-25, будуць даведзены да ладу і ходнікі (па-вашаму — «тратуар») ад цэнтру мястэчка да паліклінікі. Па нейкай іроніі яны, ходнікі, знаходзяцца ў самым гаротным стане ля крамы «Плінскія вянкі»: паслізнуўся стары чалавек, упаў, зламаў сабе што-небудзь сур’ёзнае, а тут — калі ласка — пахавальныя паслугі на месцы! Ля будынку суда ходнікі хоць быццам і нядрэнныя, але ў зімовы час іх нахіл ў галалёд месцамі небяспечны, асабліва для людзей з праблемаміапорна-рухальнага апарату. І заадно, каб камунальшчыкам двойчы ня ездзіць, нядрэнна было б на гэтым шляху хоць дзве, а лепш тры прыстойныя лавачкі паставіць для людзей сталага веку, каб яны, людзі, маглі адпачыць, ідучы да паліклінікі і назад. Ну, і каб трэці раз ня ездзіць, перанесці вулічныя ліхтары на ўчастку ад вуліцы Камсамольскай да паліклінікі на той бок, дзе ходнікі, дзе ходзяць людзі, бо — паверце — на піку зімы, калі раніцы цёмныя, ні трасцы не відаць. Мне, канечне, такіх шчаслівых часоў не дачакацца, дык хай ходзь праўнукі паходзяць ў выпадку патрэбы па людскай пешаходнай дарожцы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *