Большая польза маленького моста. Ушачане рады новому пешеходному мосту через реку Ушача

Общество

За тыдзень пасля “ўводу ў эксплуатацыю” драўлянага мастка праз раку, па ім прайшлі сотні чалавек. Двукоссе ставім наўмысна, бо аднаўленне гэтага шляху ішло без праектна-каштарыснай дакументацыі і дзяржаўнага фінансавання – ён не лічыцца на балансе ні камунгаса, ні прамкамбіната, ні якой іншай арганізацыі. І з гэтай прычыны, зразумела, на аб’ект нельга было патраціць бюджэтныя сродкі. Але на рамонт разлічвалі многія ўшачане, якія звярталіся ў райвыканкам – масток, які ў апошнія гады стаў аварыйным, значна скарачаў шлях жыхароў, што спяшаюцца раніцай на працу з мікрараёна вуліц Е.Лось, Дуброўскага, Данукалава, Кастрычніцкай і прылеглых да іх, пенсіянераў у бальніцу. Ды і ў адваротным напрамку паток пешаходаў значны – для многіх жыхароў райцэнтра гэты шлях з’яўляецца самым кароткім да могілак. І праблему ўдалося вырашыць дзякуючы сумесным намаганням органаў улады, грамадскасці і грамадзянскай пазіцыі гаспадара ПГУП “ТэхнаКрас” П.І.Герасімёнка.

– Яшчэ не было поручаў, ды і насціл не да канца гатовы, а людзі ўжо ішлі, – расказвалі на мінулым тыдні работнікі прыватнага прадпрыемства Сяргей Казлоў і Віктар Шарлай (на здымку), з якіх і складалася брыгада мясцовага “мастабуда”. – Папацець прыйшлося, шэсць дзён затрацілі на работу. Атрымалася быццам бы нядрэнна …

Новенькі масток выглядае вельмі прывабна і прыемна пахне свежай смалой. Драўніну на яго будаўніцтва выдзеліў Ушацкі лясгас, далучылася да карыснай справы і “Белая Русь” – грамадскае аб’яднанне, вядомае многімі ініцыятывамі па добраўпарадкаванні, не засталося ў баку і ў гэтай, аплаціўшы частку піламатэрыялаў. Ну а цвікі, бетон, іншыя расходнікі і самае галоўнае – рабочыя рукі – ад “ТэхнаКраса”.

Вопыту падобнага будаўніцтва хлопцы не мелі, ды і справа гэта складаная, але рабілі ўсё на сумленне. Лес-кругляк на аснову прыйшлося распілоўваць – немагчыма было ўдваіх і нават з дапамогай П.І.Герасімёнка ўручную справіцца з цяжкімі бяр­вёнамі. Са старых элементаў засталіся толькі бетонныя кольцы-апоры. Зрэшты, і да іх будаўнікі таксама прыклалі рукі. “Адно цячэннем зрушыла, – кажа С.Казлоў, – першапачаткова думалі, што не атрымаецца ўстанавіць яго на месца – і мост пакрывее. Але ўдалося, хоць і цяжка было. Зараз мы пустоты апор забуцілі і нават зрабілі з цэменту плаўныя скосы, каб мінімізаваць уздзеянне цячэння.”

Наогул, у пра­цэсе ўзвядзення масток пастаянна ўдасканальваўся. Напрыклад, раней поручы былі толькі з аднаго боку, зараз – з абодвух. Шчыльны насціл з дошкі-пяцёркі вытрымае значную вагу, а падыходы да мастка па берагах вымашчаны шчэбенем.

– Калі ўжо рабіць поўны цыкл, то трэба было б насыціць драўляныя элементы канструкцыі спецыяльным растворам, – даюць слушныя парады будаўнікі. – Так яны праслужаць даўжэй і не прыйдзецца праз некалькі гадоў зноў будаваць новы масток. Зараз ёсць розная хімія для гэтага. А вось у даўнія часы драўляныя апоры перад апусканнем у ваду апрацоўвалі дзёгцем…

Ёсць яго лыжка і ў гэтай станоўчай гісторыі. Не на драўляных лагах, а ў адносінах людзей да вырашэння пытання. З ім да ўлад звяртаўся не адзін чалавек, заходзілі са скаргамі і да нас ў рэдакцыю. А вось прыняць удзел у карыснай справе, дапамагчы рублём ці забіць цвік пры рамонце, па словах намесніка старшыні райвыканкама А.В.Галяковіча, ахвотнікаў не знайшлося.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *