Чтоб не испортить себе уик-энд, соблюдайте правила природоохранного законодательства!

Калейдоскоп Экология

“Не ведаў, што нельга!” – запэўнівае мужчына і хуценька адганяе аўтамабіль ад берага возера. Так, многія спасылаюцца на “прабелы” ў валоданні прыродаахоўным заканадаўствам. Між тым, як вядома, няведанне законаў не вызваляе ад адказнасці.

Тлумачыць іх начальніку раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Міхаілу Аляксандравічу Шуку прыходзіцца кожны дзень – у спякоту людзі масава едуць да вады, а прыродаахоўнікі ў рамках спецыяльнай інфармацыйнай акцыі “Адпачынак без шкоды прыродзе” праводзяць абследаванні гэтых месцаў.

“Усе сюды заязджаюць! – кажа начальнік інспекцыі пажылы мужчына, які пакінуў аўтамабіль на беразе возера Салонец у двух дзясятках метраў ад вады. А на возеры Усвея аўтаўладальнік пайшоў, а дакладней паехаў, яшчэ далей – пакінуў свой “Renault 9” (на здымку) у 9 метрах ад берага. У адносінах абодвух састаўлены адміністрацыйныя пратаколы, ім прыйдзецца заплаціць штраф.

Каб не сапсаваць сабе уік-энд, ведайце і захоўвайце прыродаахоўнае заканадаўства: пад’язджаць да берага можна не бліжэй 30 метраў. За парушэнне гэтага патрабавання, як і пакіданне смецця ў месцах адпачынку прадугледжаны штраф да 20 базавых велічынь.

– Трыццаць метраў – не трыццаць кіламетраў, – справядліва зазначае М.А.Шук, – закон не проста так забараняе блізкую да вады стаянку. Па-першае, аўтамабіль на пляжы замінае іншым наведвальнікам. Па-другое: звярніце ўвагу на асфальт у горадзе ля вакзалаў, на стаянках, іншых месцах, дзе людзі паркуюць машыны – часцей за ўсё яны ў плямах ад гаруча-змазачных матэрыялаў. Рыбаловы-аматары і турысты выбіраюць, канечне, чыстыя вадаёмы, аднак некаторыя, падагнаўшы аўтамабіль да берага, умудраюцца і памыць яго! Праходзіць час, і прыехаўшы ў чарговы раз на любімае возера, аўтамабіліст заўважае, што бераг стаў брудны, а вада мутнай і масляністай. Абурэнню, як правіла, няма мяжы. А тое, што ён сам да гэтага прыклаў руку, многім у галаву не прыходзіць.

Канечне, пад’ехаць да самага берага возера зручна – не трэба несці снасці або мангал. Але тады не трэба і абурацца, калі за такі “камфорт” давядзецца раскашэліцца на штраф – інспекцыя працягвае рэйды.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *