Во всех школах Ушачского района прозвенел первый звонок. За парты сели 1223 ученика, из них 130 — первоклассники

Общество

У суботу залівісты званок прагучаў для 1223 вучняў раёна. У гэты дзень за парты селі 130 першакласнікаў, а для 59 школьнікаў гэты навучальны год стане апошнім і самым складаным.

Урачыстая лінейка ва Ушацкай школе праходзіла на звыклым месцы – на цэнтральнай плошчы гарпасёлка. Дзе яшчэ ўмясціць такую колькасць вучняў і родных?! Сёлета за парты гэтай самай “прадстаўнічай” у раёне навучальнай установы селі 860 школьнікаў. Не часта ўбачыш у адным месцы і столькі галоўных віноўнікаў дзейства – у чатырох класах будзе навучацца ажно 96 першакласнікаў.

Словы віншаванняў і найлепшыя пажаданні ў адрас педагогаў, вучняў прагучалі ў гэты дзень ад дырэктара ўстановы Віталя Іосіфавіча Клімашэўскага, а таксама намесніка старшыні райвыканкама Валянціны Леанідаўны Хамёнак. З пазнавальнымі кнігамі – лепшым падарункам у Дзень ведаў – прыйшлі прадстаўнікі “Белаграпрамбанка”, спартыўны інвентар уручылі школе работнікі лясгаса і ДРБУ-105. А супрацоўнікі райаддзелаў міліцыі і па надзвычайных сітуацыях нагадалі аб правілах паводзін у школе і дома.

Першага верасня на вёсцы – асаблівае свята. Бо пакуль бягуць з букетамі дзеці – значыць жыве сяло, значыць ёсць перспектыва. Павіншаваць вучняў Глыбачанскай школы з пачаткам новага навучальнага года, даць наказ быць годнымі грамадзянамі сваёй краіны завітаў часты госць установы Дзям’ян Уладзіміравіч Крупеня. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны, а таксама прадстаўнікі райвыканкама, сельскага Савета дэпутатаў і іншых арганізацый раёна разам з дружным калектывам школы пад кіраўніцтвам новага дырэктара Зоі Іванаўны Жогаль парадаваліся сёлетняму павелічэнню колькасці навучэнцаў. Так, з 1 верасня за парты селі 75 вучняў, у тым ліку 7 першакласнікаў. Па-бацькоўску апякала самых юных удзельнікаў урачыстасці іх першая настаўніца Людміла Пятроўна Краснова.

Вельмі ярка праходзіла свята ў Арэхаўскай школе, якая сёлета адзначае свой 20-гадовы юбілей. Рознакаляровыя сцягі, паветраныя шары стваралі ўзнёслы настрой з самага ўваходу на прышкольную тэрыторыю. Вучняў, якіх сёлета ва ўстанове 127, іх бацькоў і настаўнікаў гасцінна сустракалі казачныя персанажы: Царыца ведаў, Азбука, што дадало мерапрыемству фарбаў. Шмат цёплых слоў прагучала ў гэты дзень. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Мікалаеў­на Марковіч, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Наталля Васільеўна Стрыжонак шчыра падзякавалі педкалектыву і тэхперсаналу за выдатную падрыхтоўку ўстановы да новага навучальнага года і, у цэлым, за годную работу на ніве адукацыі.

Парадавалася поспехам вучняў і настаўнікаў ветэран педагагічнай працы Тамара Трафімаўна Мятла. Са шматлікімі падарункамі завіталі на ўрачыстасць прадстаўнікі Сарочынскага сельвыканкама, лясніцтва, КУСГП “Арэхаўна” і іншыя шэфы. А самі школьнікі паднеслі вялікую карзіну кветак з сімвалічнай дваццаткай дырэктару Ларысе Аляксандраўне Булаўка.

Не засталіся па-за ўвагай у гэты дзень і першакласнікі. Для 8 хлопчыкаў і дзяўчынак старшакласнікі па ўжо добрай традыцыі прачыталі “школьны” наказ і пад музычнае суправаджэнне запрасілі ў прасторны клас. Завяршальным жа этапам лінейкі ў Арэхаўне стаў флэш-моб з танцамі, запускам у неба паветраных шароў. Але развітвацца было рана – удзельнікаў мерапрыемства чакаў яшчэ святочны канцэрт.

Працягваць эстафету сваіх папярэднікаў – пераможцаў конкурсаў і алімпіяд – жадалі вучням Вялікадолецкай СШ дырэктар Рыма Леанідаўна Аніскевіч і шматлікія госці. “Я сам выпускнік гэтай навучальнай установы, цяпер яе заканчвае дачка, – казаў галоўны інжынер КУСГП “Вялікадолецкае” Юрый Фёдаравіч Васілевіч. – Лічу школу перспектыўнай, вучням можна толькі пазайздросціць! Абмежаваць бы яшчэ для іх мабільныя тэлефоны ды інтэрнэт – і поспех не прымусіць сябе доўга чакаць”.

Падчас урачыстасці ў Вялікіх Дольцах былі адзначаны самыя актыўныя чытачы мясцовай бібліятэкі, а таксама лепшыя спартсмены школы. Парадаваліся прысутныя і атрыманаму падарунку ў выглядзе камп’ютара і друкавальна-капіравальнай тэхнікі за перамогу ў раённым аглядзе-конкурсе па падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года. Крыху няёмка пакуль адчуваюць сябе першакласнікі, якіх сёлета шасцёра, а таксама вучні зачыненай Кубліцкай школы. Няма сумненняў, што вопытныя настаўнікі хутка дапамогуць ім асвоіцца.

Шчырымі ўсмешкамі поўнілася ў суботу прышкольная тэрыторыя ў Ільюшыне. Звяртаючыся да прысутных, дырэктар установы А.М.Азевіч адзначыў, што сёлета зроблена ўсё магчымае, каб дзеці ў камфортных умовах атрымлівалі веды і ўмацоўвалі здароўе, пажадаў школьнікам высокіх адзнак, настаўнікам – поспехаў, а бацькам – цярпення. Святочнага настрою дадало вучням і ААТ “Ільюшынскі”, кіраўніцтва якога за добрасумленную працу падчас летніх канікул уручыла многім хлопчыкам і дзяўчынкам грашовыя прэміі.

У Дзень ведаў самыя маленькія школьнікі ўсіх навучальных устаноў Ушаччыны атрымалі кнігу “Беларусь – наша Радзіма. Падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі першакласніку”. А ў рамках рэспубліканскай акцыі “Белая Русь” – з любоўю да дзяцей” хлопчыкам і дзяўчынкам уручаны віншавальныя паштоўкі ад старшыні Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, старшыні абласной арганізацыі РГА “Белая Русь” У.У.Цярэнцьева і падарункі ад раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання.

Старт новаму навучальнаму году даў першы ўрок “Мне выпала шчасце тут нарадзіцца!”. Цікавае мерапрыемства адзначанай тэматыкі прайшло ў суботу таксама ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *