В Селище появился рекламный билборд с портретом В.Быкова, а жители Лисичино потратили средства самообложения на таблички для домов. Вести с сельских советов Ушаччины

Саветы і жыццё

Як праехаць на Бычкі?

Рэкламны білборд з партрэтам нашага знакамітага земляка Васіля Быкава з’явіўся сёння ў вёсцы Селішча. Яго ўстанавілі на скрыжаванні дарог, адна з якіх вядзе да сядзібы-музея праз Дарошкавічы. Указальнік стаіць і на павароце да аграгарадка, мяркуюць паставіць яшчэ адзін і непасрэдна ў Кублічах, каб ён быў арыенцірам на Бычкі – малую радзіму вялікага пісьменніка.

Абмалот прысядзібных участкаў

завяршыўся на гэтым тыдні на тэрыторыі Глыбачанскага сельсавета. Толькі каля трыццаці прыватнікаў гэтай зоны вырошчваюць зерневыя, пераважна жыхары аграгарадка, але былі адзінкавыя палоскі і ў аддаленых вёсках. Аднак і туды завітаў камбайнер Аляксандр Малахаў з мясцовай гаспадаркі, а таксама работнікі “Маяка-Ушацкага”.

З прывабнымі ўказальнікамі

Лісічына – самая дагледжаная вёска раёна па выніках мінулагодняга конкурсу па добраўпарадкаванні – стала яшчэ больш прывабнай. Яго жыхары трымаюць марку і сродкі самаабкладання пусцілі на набыццё прыгожых шыльд, што з’явіліся нядаўна на дамах. “Цэнтральная, 5”, якую прымацаваў у сябе старэйшына вёскі Мікалай Піскун (на здымку), вельмі пасуе з налічнікамі на вокнах. Дапамогу ў зборы сродкаў і заказе шыльд яму аказвала актыўная жыхарка вёскі Лісічына Наталія Падгола.

Аграгарадок на трасе

Падчас раённага суботніка работнікі Вяркудскага ўчастка жыллёва-камунальнай гаспадаркі высеклі кустоўе ўздоўж вуліцы Сонечнай у аграгарадку, а ў мінулую пятніцу разам з супрацоўнікамі сельвыканкама спалілі яго, такім чынам зрабіўшы больш прыгожай праходзячую побач трасу на Глыбачку.

Ля грамадскіх аб’ектаў

Зручныя лавачкі з’явіліся дзякуючы Жарскаму сельвыканкаму (яму належалі як ідэя, так і ўсе матэрыялы) ля лазні і крамы “Родны кут” у аграгарадку Ільюшына. А вось вырабіць іх дапамог прадпрымальнік Юрый Нічыпар, пафарбавалі і ўстанавілі работнікі мясцовага ўчастка жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Дзякуй жа кажуць шматлікія наведвальнікі гэтых грамадскіх месцаў.

Узорныя нашчадкі перадавых продкаў

“Перадавы” – так называўся ў свой час калгас, а зараз – адна з вуліц Двор Павулля, што вядзе да возера. Сённяшнія ж жыхары хоць і належаць пераважна да катэгорыі дачнікаў, аднак з’яўляюцца сапраўднымі нашчадкамі сваіх перадавых родных і ва ўзорным парадку падтрымліваюць дамы і навакольную тэрыторыю. Валерый Гвідонавіч Кракуць, Дзіяна Паўлаўна Бароўская, Ірына Яўгенаўна Урбан, Аляксандр Яўгенавіч Троцкі, Георг Іванавіч Вараб’ёў, Людміла Уладзіміраўна Мядзюха – старшыня Вяркудскага сельвыканкама магла б пералічваць уладальнікаў узорных сядзіб і далей. Пасля таго як ліквідавалі мініпалігон за вёскай, яны звярнуліся ў камунгас і заключылі патрэбную колькасць дагавораў на вываз смецця. Такім чынам у Перадавых з’явіўся кантэйнер.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *