Нюансы земельной амнистии и не только обсудила с коллективом ФОКа группа по правовому просвещению облисполкома

Общество

Група па прававой асвеце Віцебскага аблвыканкама правяла сустрэчу з працоўным калектывам ушацкага спарткомплексу. Як зазначыў начальнік галоўнага ўпраўлення юстыцыі аблвыканкама Сяргей Канапелька, які з’яўляецца намеснікам кіраўніка групы, праграма па прававой асвеце дзейнічае ў рэгіёне ўжо чатыры гады: спецыялісты выязджаюць у арганізацыі, каб абмеркаваць актуальныя тэмы, аказаць кваліфікаваную юрыдычную дапамогу. У эфектыўнасці падобнай формы работы ўпэўніліся і ўшачане.

Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі аспекты дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, тэму часовай занятасці студэнтаў і школьнікаў. Не страчвае актуальнасці пытанне прававых наступстваў злачынстваў і правапарушэнняў экстрэмісцкай накіраванасці. Прысутным нагадалі, што падпіска на дэструктыўныя тэлеграм-каналы, нават калі яна зроблена яшчэ 6-7 год таму, усё роўна стане падставай для непрыемнасцяў, як і дэманстрацыя нацысцкай сімволікі, пералічэнне сродкаў экстрэмісцкім выданням.

Жывую цікавасць выклікала тэма зямельнай амністыі. Начальнік аддзела прававой, кадравай работы і справаводства ўпраўлення землеўпарадкавання аблвыканкама Наталля Махонь нагадала, што легалізаваць самавольна занятыя ўчасткі беларусы могуць да 1 студзеня 2028 года, дала канкрэтныя парады і кансультацыі.

Праектны інстытут “Белгіпразем” правёў суцэльную інвентарызацыю, а ўсе звесткі адлюстроўваюцца на Геапартале зямельна-інфармацыйнай сістэмы Рэспублікі Беларусь. Межы зарэгістраваных участкаў на інтэрактыўных картах рэсурса пазначаны зялёным колерам – адпаведна, службы райвыканкамаў бачаць, да каго ёсць пытанні, і накіроўваюць паведамленні. Каб легалізаваць зямлю, трэба некалькі ўмоў: захаванне ўчастка за карыстальнікам не павінна перашкаджаць планам горадабудаўніцтва, супярэчыць прыродаахоўнаму заканадаўству, нельга, каб за зямлю вяліся судовыя спрэчкі. Ну і, вядома ж, трэба ўнесці плату ў мясцовы бюджэт у памеры яе кадастравага кошту. Да слова, з цягам часу ён можа павялічыцца – і гэта аргумент, каб не адкладваць справу на пасля. Калі сума непад’ёмная, можна скарыстацца растэрміноўкай на два гады. Ёсць выпадкі, калі ў гарадах кадастравы кошт дасягае некалькіх дзясяткаў тысяч, а ў вёсках – усяго 100-200 рублёў.

Зараз у вобласці пасля выяўлення фактаў незаконнага карыстання ўчасткамі прыкладна па палове з іх ідзе працэс легалізацыі. У гэтай сувязі варта зазначыць, што “ўхіліцца” не атрымаецца – пытанне ўсё роўна давядзецца вырашаць.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *