Делегация Ушачского района побывала с ответным визитом в российском Сестрорецке

Общество

Невялікі Сестрарэцк цяпер, напэўна, лёгка знойдзе на карце кожны ўшачанін, ну а чытачы нашай газеты дакладна скажуць, што гэта ўнутрыгарадское муніцыпальнае ўтварэнне Санкт-Пецярбурга. За паўгода пасля падпісання пагаднення аб супрацоўніцтве паміж ім і Ушацкім райвыканкамам зроблена ўжо нямала па рэалізацыі “Дарожнай карты” – плана мерапрыемстваў па развіцці двухбаковага супрацоўніцтва на 2018-2020 гады. Так, плённым і насычаным быў візіт сестрарэцкай дэлегацыі на Ушаччыну ў пачатку ліпеня. У сваю чаргу мы атрымалі запрашэнне прыняць удзел у святочных мерапрыемствах, прысвечаных ­304-ай гадавіне з дня заснавання горада. І вось у мінулыя выхадныя прадстаўнікі Ушаччыны накіраваліся ў Сестрарэцк, каб раздзяліць з новымі сябрамі радасныя моманты, дамовіцца аб узаемавыгадных праектах.

Два дні, праведзеныя ў Сестрарэцку, былі вельмі насычанымі, – расказвае кіраўнік нашай дэлегацыі, начальнік аддзела ідэалагічнай, работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Віктар Пятровіч Котаў. – Галоўнай адметнасцю свята стала правядзенне ў яго рамках першага міжнароднага фестывалю мастацтваў гарадоў-пабрацімаў “Час быць разам”. Прынамсі, трапнасць гэтай назвы і самой ідэі праекта я падкрэсліў у сваім прывітальным слове на адкрыцці фестывалю (на здымку ўверсе). У цяперашні няпросты час палітычных канфліктаў ён змог аб’яднаць людзей розных нацый: для ўдзелу ў фестывалі ў Сестрарэцк прыехала больш ста гасцей з шасці гарадоў-пабрацімаў – італьянскай Гаэты, грэчаскага Арыстоцеля, крымскай Еўпаторыі, беларускіх Ушач, а таксама кітайскага Сянсі і горада Пятроўскі Саратаўскай вобласці Расіі. Два апошнія, дарэчы, якраз у рамках свята падпісалі з Сестрарэцкам Пагадненні аб супрацоўніцтве – на гэтай афіцыйнай цырымоніі давялося папрысутнічаць і нашай дэлегацыі. Сябры са стажам і прынятыя ў суполку навічкі прывезлі для ўдзелу ў фестывалі гарадоў-пабрацімаў свае творчыя калектывы, кожны з якіх імкнуўся стварыць вобраз сваёй краіны і горада. Так, напрыклад, запальваючым атрымаўся танец з вялізнымі барабанамі, які выканалі кітайскія артысты. Вядома ж, мой погляд не можа быць цалкам непрадузятым, аднак скажу, што выступленне ўшачан – а наш раён на фестывалі прадставіў вакальны квартэт “Рэнесанс” – было адным з самых яркіх і прафесійных.

– З хваляваннем даведаліся, што нам даручаны такі гонар, і, канечне, пастараліся паказаць усё, на што здольныя, – расказвае кіраўнік творчага калектыву Жанна Савіцкая. – Рэпертуар падбіралі так, каб перадаць каларыт Беларусі. Не абышлося ў ім, канечне, без нашай кранальнай візітоўкі – песні пра рэчачку Ушачку. Выканалі і новы вакальны твор – славуты Паланэз Агінскага. Пасля выступлення да нас падыходзілі ўзрушаныя гледачы, казалі шмат кампліментаў і нават параўноўвалі з легендарнымі “Песнярамі” – іх неўміручую “Каляду”, прынамсі, мы таксама падрыхтавалі да фестывалю.

Прадстаўлялі наш азёрны край не толькі спявачкі, а і адмысловы павільён, ля якога валанцёры, апранутыя ў прывезеныя беларускія народныя касцюмы, раздавалі гасцям буклеты, кнігі пра гісторыю і славутасці Ушаччыны.

Ушацкая дэлегацыя таксама брала ўдзел у святочным дэфіле, урачыстым адкрыцці Сцяны Памяці – велічнага манумента, на якім зафіксаваны імёны герояў, што загінулі ў розныя часы, абараняючы горад і яго жыхароў. Яркім момантам свята стаў парад старажытнай і сучаснай ваеннай тэхнікі, паветранае шоу, адкрыццё дзіцячай пляцоўкі ў адным з жылых мікрараёнаў, экскурсіі па музейных комплексах, колькасцю якіх славіцца Санкт-Пецярбург і яго прыгарады.

Вельмі прыемна было ўшачанам асабіста пазнаёміцца з алімпійскай чэмпіёнкай па біятлоне Надзеяй Скардзіна, якая нарадзілася ў Сестрарэцку, аднак выступала за Беларусь. А на прывітальнай вячэры, якую даваў для гасцей галава муніцыпальнага ўтварэння Аляксандр Мікалаевіч Бельскі, была абмеркавана магчымасць чарговага візіту нашых сестрарэцкіх сяброў на Ушаччыну: папярэдне ён запланаваны на святую для беларусаў дату – 3 ліпеня.

Зрэшты, цалкам верагодна, што некаторыя жыхары Сестрарэцка прыедуць да нас і значна раней – удзельнік ушацкай дэлегацыі загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама С.І.Ціханёнак правёў перамовы з прадстаўнікамі мясцовай спартыўнай школы алімпійскага рэзерву, а таксама з пасаднымі асобамі, што курыруюць пытанні спорту ў горадзе Пятроўску, прапанаваўшы арганізаваць вучэбна-трэніровачныя зборы на базе комплексу “Юнацтва-Ушачы”.

– Умовы нашага аб’екта і кошт паслуг зацікавілі расіян, і хачу спадзявацца, што хутка мы ўбачым іх у нас, – адзначае Сяргей Іванавіч.

А па сцвярджэнні яшчэ аднаго члена дэлегацыі, намесніка начальніка аддзела па адукацыі Святланы Уладзіміраўны Аўдошкі, вялікія перспектывы ў плане супрацоўніцтва акрэсліваюцца і ў гэтай важнай сферы.

У цэлым жа, і гэта яскрава паказала паездка ў Сестрарэцк, у нас шмат кропак судакранання, а таму няма ніякіх сумненняў, што перспектыўныя сяброўскія адносіны з цягам часу будуць толькі мацавацца.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

На здымку: С.Аўдошка, Н.Скардзіна, С.Ціханёнак; В.Котаў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *