Беспорядок в доме и отношениях. У двух молодых ушачанок забрали детей из-за ненадлежащего выполнения ими родительских обязанностей

Общество

Столькі слёз, пафасных абяцанняў выправіцца, узяцца за розум ад запрошаных на пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама дагэтуль чуць не даводзілася. І не таму, што на гэты раз разглядалася надзвычай “балючае” пытанне аб адабранні дзяцей з сям’і. На жаль, такія факты даўно нярэдкасць. Проста маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне прызнаны адразу чацвёра малышоў. А на “лаве сумлення” адначасова аказаліся родныя сёстры – дзве маладыя гора­матулі.

28­-гадовая Юлія мае прафесію швачкі, аднак папрацавала па спецыяльнасці нядоўга – пайшла ў дэкрэт. Малодшая Кацярына, якая пасля 9 класаў асвойвала азы поварскай справы, скончыць навучанне з­за незапланаванай цяжарнасці не паспела. Нарадзіўшы малых, абедзве пасяліліся ў бацькоўскім доме ва Ушачах і жылі на дапамогу па доглядзе за дзецьмі. Праз некаторы час у іх з’явілася яшчэ па адным малышу.

На пытанне, хто іх бацька, дзяўчаты адказваць не любяць: акрамя агульнага дома, бюджэту і абавязкаў па гаспадарцы у іх яшчэ, як аказалася, і адзін тата дзяцей. Што гэта за “герой” такі? Беспрацоўны, неаднаразова судзімы Дзмітрый, які не прэч пасядзець на чужой шыі. Вось і зараз, вярнуўшыся з месцаў пазбаўлення волі, ён жыве ў доме Юлі і Каці, мае свабодны доступ да карткі, куды налічаюцца “дзіцячыя”, і са спакойнай душой траціць гэтыя сродкі. Дарэчы, сваё дачыненне да з’яўлення на свет малых Дзмітрый адмаўляе. А нядаўна ён пайшоў яшчэ далей – прывёў у дом сваю сужыцельніцу з Бешанковіч, якую прадставіў ушацкім дзяўчатам сястрой. Ні работы, ні грошай у жанчыны таксама няма…

З красавіка 2014 года з­за недастатковага выканання Юліяй і Кацярынай бацькоўскіх абавязкаў іх сем’і трапілі ў катэгорыю сацыяльна небяспечных. Час ішоў – а станоўчых зрухаў так і не намецілася. У доме дзяўчат назіраўся беспарадак, прадуктаў харчавання было мала. А падрастае два чатырохгадовыя малышы, адзін двухгадовы і самаму маленькаму – толькі год.

Калі 11 лютага да Юлі і Каці завітала праверка, з ежы ў іх былі толькі грэчка і мука. І звычайны бруд па ўсіх пакоях. Дзяўчаты слёзна прасілі не рабіць паспешных вывадаў, запэўнівалі, што гэта выпадковасць, і абяцалі раз і назаўсёды выправіць сітуацыю. Тым не менш, 17 лютага карціна ў доме была не менш песімістычнай. У 9.30 маладыя мамы яшчэ не ўзняліся з ложка. У ракавіне на кухні гарой ляжалі засохлыя брудныя талеркі. У залу правяраючых не пусцілі, маўляў, каб дзяцей не сурочылі (застаецца толькі здагадвацца, якая абстаноўка там была). Не паспелі яшчэ вырвацца з абдымкаў Марфею і “госці” – Дзмітрый са сваёй “сястрой”. Выбіваліся з гэтай “ідыліі” толькі малыя дзеці, якія даўно прачнуліся і, вядома ж, хацелі есці.

Канечне, цярпець такую сітуацыю прадстаўнікі зацікаўленых службаў не сталі – накіравалі ў камісію па справах непаўналетніх хадайніцтва аб прызнанні дзяцей Юліі і Кацярыны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Разабраўшыся ва ўсіх нюансах справы, удзельнікі пасяджэння аднагалосна прынялі рашэнне забраць дзетак. Старэйшыя ў той жа дзень былі накіраваны ў прытулак гарпасёлка, малодшыя – у прыёмную сям’ю. Ушачанкам жа дадзена паўгода на тое, каб вырашыць усе свае сямейныя і гаспадарчыя праблемы – толькі пасля гэтага яны змогуць вярнуць малых.

Скажу шчыра: у выпраўленне грамадзянак верыцца з цяжкасцю. Падчас пасяджэння яны заліваліся слязьмі, сцвярджалі, што не ўяўляюць ні дня без любімых дзетак. А прайшоў тыдзень… і ні адна з іх не наведала малышоў. Застаецца спадзявацца, што ў гэты час Юлія і Кацярына наводзілі парадак у доме ці шукалі работу…

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *