Мобильный банкинг существенно сэкономит ваше время!

Калейдоскоп

Перавагі інтэрнэт-банкінга ўжо ацанілі больш трэці беларусаў. Набірае папулярнасць і мабільны банкінг, якім, па статыстычных даных, карыстаюцца прыкладна паўтара мільёна нашых суайчыннікаў. Плаціць у касе банка за самыя розныя паслугі для грамадзян постсавецкіх краін – своеасаблівая традыцыя, тым больш для людзей старэйшага пакалення. Разам з тым, для эканомнага гаспадара яна становіцца нязручнай, бо літаральна ўсе банкі зараз бяруць камісію за наяўныя плацяжы. Так, напрыклад, з 1 кастрычніка кожны разлік праз сістэму АРІП у касе “Беларусбанка” за навучанне, паркоўку, інтэрнэт і некаторыя іншыя паслугі (акрамя найбольш запатрабаваных) абыходзіцца кліенту ў 1 рубель. Як зэканоміць грошы, а таксама час, які мы праводзім у чэргах ля касы? Ды проста перайсці на сучасную форму аплаты па так званых каналах дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання (ДБА) – праз інфакіёскі, інтэрнэт-банкінг, мабільны банкінг усе плацяжы сістэмы АРІП ажыццяўляюцца хутка і без камісіі. Менавіта пра апошні канал сувязі мы папрасілі падрабязней расказаць начальніка аддзела рознічных продажаў ЦБП №237 г.п.Ушачы Рэгіянальнай дырэкцыі па Віцебскай вобласці ААТ “Белаграпрамбанк” Мікалая Пятровіча ГАНЧАРОНКА.

– Зараз большасць беларусаў мае смартфоны і, адпаведна, можа рабіць дыстанцыйныя плацяжы літаральна ў любую хвіліну. Для гэтага трэба быць падключаным да інтэрнэт-банкінга. Карыстацца ім праз мабільнік можна, набраўшы паслугу ў браўзеры (як на камп’ютары). Аднак больш зручна выкарыстоўваць адмысловую мабільную праграму, якая спецыяльна створана для нашага банка распрацоўшчыкам ААТ “Алседа Кансалтынг”. Для гэтага трэба спампаваць яе на тэлефон і зарэгістравацца. Для аўтарызацыі ў мабільнай праграме выкарыстоўваецца той жа логін і пароль, што і для сістэмы “Інтэрнэт-банкінг”, а вось пацвярджаць аперацыі вы будзеце не з дапамогай сеансавых ключоў, а ўвядзеннем спецыяльнага мабільнага ключа, які варта загадзя прыдумаць і задаць у праграме ў момант праходжання працэдуры рэгістрацыі ці ўстанавіць у сістэме “Інтэрнэт-банкінг” у меню “Сэрвіс”. Падрабязней пра карыстанне мабільным банкінгам можна даведацца на сайце “Белаграпрамбанка”. Калі ж самастойна падключыцца да паслугі вам не ўдасца, зрабіць гэта дапамогуць спецыялісты нашага банка.

Аўтарызаваныя карыстальнікі мабільнага банкінга могуць здзяйсняць розныя плацяжы і аперацыі: у тым ліку аплачваць падаткі і зборы, крэдыты, камунальныя паслугі, пакупкі ў інтэрнэт-магазінах, уносіць плату за дзіцячы сад, гурткі. Калі ж патрэбна квітанцыя – пры аплаце ўкажыце адрас электроннай пошты, і вам прыйдзе чэк, які варта раздрукаваць.

Акрамя гэтага ў мабільнай праграме можна паглядзець інфармацыю пра курсы валют, даведацца, дзе знаходзіцца бліжэйшы банкамат, перавесці грошы з вашай карты на карту любога беларускага банка, маецца і шмат іншых карысных магчымасцяў. Па ўласным вопыце ведаю, што ніхто з тых, хто ўстанавіў на сваім смартфоне мабільную праграму, пра тое не пашкадаваў. Гэта самая зручная і прагрэсіўная форма ДБА – ці, вобразна кажучы, банк, які заўсёды ў вашай сумачцы або кішэні.

Падрыхтавала Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *