Молодая семья Бурыловых считает, что Ушачи — лучший город для тихой семейной жизни!

Образование и молодежь

Гісторыя гэтай маладой сям’і пачалася каля чатырох гадоў таму. “Нас звязала меліярацыя!” – з усмешкай прыгадваюць сваё знаёмства Вікторыя і Яўген Бурылавы, трымаючы на руках ужо дваіх маленькіх непаседлівых дзетак. Менавіта Ушацкае прадпрыемства меліярацыйных сістэм стала першым працоўным месцам для абаіх. Яўген працаваў тут з 2012-га года майстрам, а Вікторыя спачатку трапіла на вытворчую практыку, а пасля і прыйшла дыпламаваным геадэзістам.

“Абаяльная, прынцыповая, сумленная дзяўчына адразу мне спадабалася, а калі яна аднойчы з’явілася на маім вытворчым аб’екце – цвёрда вырашыў, што трэба шукаць да яе падыходы!” – прыгадвае Яўген.

А дагэтуль, хоць абое яны і ўшацкія, шляхі іх не перасякаліся. Ураджэнец Жар Жэня атрымаў дзве сярэднія адукацыі – будаўніка і меліяратара – у Лепелі, ушачанка ж Віка, хоць у дзяцінстве і цягнулася да музыкі і нават неаднойчы выступала на раённай сцэне, усё ж абрала для сябе іншую прафесію, паступіўшы ў Барысаўскі політэхнічны тэхнікум. “На размеркаванні ў мяне была магчымасць выбраць сабе месца працы, у тым ліку і ў вялікіх гарадах, аднак мне вельмі хацелася вярнуцца ў свае Ушачы. І аб гэтым я не пашкадавала!” – кажа дзяўчына.

Пасля вяселля вырашылі не “зацягваць” з пашырэннем сям’і і па-сапраўднаму шчаслівымі адчулі сябе са з’яўленнем першынца Максіма. “Мы лічым, што сям’я з адным дзіцём – несапраўдная, а таму мэтанакіравана адпраўляліся і за дачушкай. Так што ўсім, хто вагаецца, раім не баяцца”, – гавораць маладыя людзі.

Што і казаць, клопатаў у іх хапае, а часам і зусім няпроста. “На першых этапах вельмі дапамагала мая бабуля Ала Васільеўна Кузусёнак, у мінулым яна вопытны выхавацель дзіцячага садка, а таму яе падтрымка і парады заўсёды для мяне надзвычай цэнныя! Галоўнае – каб дзеці не хварэлі, а ўсё астатняе – дробязі”, – гаворыць Віка.

За час нашай размовы маленькая Аліса, якой толькі нядаўна споўніўся годзік, імкнулася “пагаспадарыць” у пакоі, ухапіць мабільны тэлефон, паспрабаваць на зуб пульт ад тэлевізара і ўгнацца за трохгадовым брацікам, у якога таксама нямала розных дзіцячых спраў. Прыглядаць за гэтымі непаседамі і паспяваць яшчэ рабіць дамашнюю работу Вікторыя ўжо прызвычаілася. Менавіта на плечы маладой маці кладзецца асноўны цяжар, пакуль тата шчыруе на працоўным месцы. “Мы заўсёды ўвечары з нецярпеннем яго чакаем. Ён у нас працаголік і за што б ні браўся – выконвае сумленна. Шчыра радаваліся за яго летась і сёлета, калі Яўген адзначаўся граматамі і падзякамі на абласным і раённым узроўнях”, – кажа Вікторыя.

Галоўная іх мара ў цяперашні час – абзавесціся ўласным жыллём. Маладой сям’і меліяратараў прадпрыемства выдзеліла пакой ў службовым інтэрнаце, аднак, хочуць палепшыць свае жыллёвыя ўмовы, пабудаваўшы кватэру, ці атрымаць зямельны ўчастак пад будаўніцтва ўласнага дома.

На пытанне, ці хацелі б пераехаць жыць і працаваць у вялікі горад, маладыя людзі, не задумваючыся, у адзін голас адказалі, што месца жыхарства мяняць ні ў якім разе не збіраюцца: “Ва Ушачах нам вельмі падабаецца! На наш погляд, гэта лепшы горад для сямейнага жыцця – ціхі, спакойны, утульны і прыгожы!”

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *