В Ушачах чествовали победителей олимпиад, конференций, творческих и спортивных конкурсов

Образование и молодежь

Штогод у маі па добрай традыцыі Ушацкая школа збірае ў сваіх сценах лепшых вучняў устаноў адукацыі раёна. Сёлета мерапрыемства пад сімвалічнай назвай “Сузор’е надзей” хоць і праходзіла ў больш “сціплым” фармаце, атрымалася надзвычай прыгожым, запамінальным.

Каманда юных лесаводаў з Арэхаўна.

Вучняў, іх педагогаў, бацькоў вітаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка. Звяртаючыся да прысутных, ён падкрэсліў, што дзяржава надае значную ўвагу падтрымцы адоранай моладзі, раённая ўлада ганарыцца таленавітымі школьнікамі, заахвочвае іх на дасягненне новых вяршынь.

У намінацыі “Зоркі навукі” адзначаны дзевяцікласнік Ушацкай школы Дзяніс Шук – выдатнік вучобы, сёлетні пераможца абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па хіміі, уладальнік дыплома ІІІ ступені на заключным. Падрыхтавала ж хлопца Ларыса Аркадзьеўна Струй.

Высокі вынік сёлета і ў дзевяцікласніцы з Ушач Кацярыны Мартынюк – яна заваявала дыплом ІІ ступені на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі (настаўнік – Вольга Анатольеўна Жыткая). Гучна заявіла пра сябе дзяўчына і на тэлевізійным праекце “Я знаю!”, стаўшы ўдзельніцай фіналу.

В.Алексяёнак.

Яшчэ далей – у суперфінал праекта – трапіў адзінаццацікласнік з гэтай жа альма-матэр Марат Клачок, які з’яўляецца трохразовым пераможцам абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па хіміі (Алена Васільеўна Марозава). Сёлета ў юнака дыплом ІІІ ступені на ім.

Сапраўднай зорачкай Глыбачанскай школы з’яўляецца вучаніца 9 класа Лізавета Казлова. Дзяўчына – лаўрэат абласнога этапу конкурсу “Духоўныя каштоўнасці рэгіёну ў змесце дзейнасці школьнага музея”, пераможца раённых алімпіяд. Самай жа важкай для сябе ўзнагародай лічыць атрыманы сёлета дыплом ІІІ ступені на абласным этапе алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. Дапамагла яго заваяваць Алена Сцяпанаўна Герцык.

Самая юная прадстаўніца намінацыі – сямікласніца з Вялікіх Долец Дамініка Лапіцкая, актыўная ўдзельніца творчых і інтэлектуальных спаборніцтваў, навукова-практычных канферэнцый. Яе цікавяць філалогія, інфарматыка, біялогія, замежная мова, выяўленчае мастацтва. Калі ж сёлета навучэнцы 7-8 класаў атрымалі магчымасць праверыць веды ў абласной алімпіядзе па вучэбных прадметах, Дамініка спыніла выбар на рускай мове і літаратуры (Марына Паўлаўна Казлоўская) – вярнулася ж з дыпломам ІІІ ступені.

М.Радзевіч, А.Цімафееў, В.Герцык.

Традыцыйна паспяхова выступаюць школьнікі на абласных навукова-практычных канферэнцыях. Так, дзесяцікласнікі Ушацкай школы Мацвей Радзевіч і Аляксандр Цімафееў сталі прызёрамі “Кванта” (дыпломы ІІІ ступені). Любоў да фізікі хлопцам прывіў Віктар Мікалаевіч Герцык.

Удалай атрымалася работа прадстаўніц Арэхаўскай школы: дзесяцікласніца Ангеліна Барысёнак, шасцікласніца Аляксандра Аўтух пад кіраўніцтвам Таццяны Уладзіміраўны Ліленка заваявалі дыплом ІІ ступені ў рэспубліканскім праекце “Чарнобыль: скрозь прызму дзесяцігоддзяў”.

Прызёрам абласных этапаў адразу двух конкурсаў даследчага характару стала адзінаццацікласніца з Вялікіх Долец Вікторыя Алексяёнак. Дзяўчына, якую падрыхтавала Ніна Канстанцінаўна Спірыдовіч, адзначана дыпломамі ІІІ ступені ў краязнаўчых чытаннях “Невядомае вядомае: гісторыя ў асобах” і конкурсе краязнаўчых работ у намінацыі “Гісторыя роднага краю”.

Д.Лапіцкая, М.Казлоўская.

У намінацыі “Спартыўны алімп” узнагароды атрымалі васьмікласніца Яўгенія Сямяхіна і шасцікласнік Мікіта Жаваранак з Вялікадолецкай школы (Уладзімір Мікалаевіч Лапіцкі). На абласных спаборніцтвах па біятлоне “Снежны снайпер” яны заваявалі дыпломы І і ІІ ступені адпаведна.

Больш прадстаўнічай аказалася сёлета намінацыя “Калектыўная творчасць”. Віншаванні прымалі выхаванкі раённага цэнтра дзяцей і моладзі, якія ўваходзяць у склад ансамбля народнай песні “Танок”, Аляксандра Рубіс, Алеся Бойчанка, Ганна Александровіч, Ксенія Лапёнак, Паліна Жалейка, Вераніка Сіротка, Ганна Круцёнак. Пад кіраўніцтвам Таццяны Віктараўны Лапёнак дзяўчаты заваявалі дыплом ІІІ ступені на абласным этапе рэспубліканскага агляду-конкурсу “Добры дзень, свет!”. Такая ж узнагарода на абласным злёце ў практычным туры – у каманды юных лесаводаў Марыі Гатаўка, Яўгена і Уладзіслава Ільюшэвічаў, Кацярыны Пацэйка, Паўла Гапеева, Марыны Прадзедавай, Аляксандры Каралёвай і Дзіяны Каўровай з Арэхаўскай школы (Т.У.Ліленка).

Я.Сямяхіна, М.Жаваранак.

Цёплыя словы ў адрас галоўных віноўнікаў урачыстасці, педагогаў і бацькоў гучалі ў гэты дзень ад начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама М.В.Варава, а таксама Л.Р.Карабань, якая ўзначальвала аддзел з 1985 па 2013 гады. “Часта даводзіцца чуць ад былых калег з абласнога цэнтра, сталіцы віншаванні з нагоды перамогі ўшацкіх школьнікаў на спаборніцтвах высокага ўзроўню, – расказала Людміла Рыгораўна. – Усе здзіўляюцца, калі кажу, што такія таленты – не з гімназій, а простых школ. Асабліва прыемна, што такія дасягненні – не выпадковасць, а сістэма!”.

За доўгія гады самаадданай працы ў сістэме адукацыі раёна Л.Р.Карабань уручаны кветкі. Зрэшты, і яна прыйшла на мерапрыемства не з пустымі рукамі – уручыла адзначаным у “навуковай” намінацыі школьнікам і настаўнікам кнігі, якія, на яе думку, і жыць, і дасягаць новых вяршынь дапамагаюць.

Прэміі, падарункі, прыгожыя нумары ў выкананні школьнікаў падарылі ўсім прысутным выдатны настрой. Адразу ж пасля ўрачыстасці намінанты паспяшаліся дамоў – зноў грызці граніт навукі, займацца творчасцю, трэніравацца…

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *