Великодолецкая и Ореховская школы стали победителями республиканского проекта «Школьный сад» и получили гранды на развитие пришкольных участков

Общество

Усе, канечне, ведаюць пра Таварыства Чырвонага Крыжа, а вось пра Міжнародны зялёны крыж, напэўна, многія пачуюць упершыню. Тым не менш, такая грамадская арганізацыя існуе і займаецца пытаннямі экалогіі, навукі, адукацыі, культуры і аховы здароўя. Уваходзяць у яе 29 краін – у тым ліку і наша. “Беларускі зялёны крыж” ладзіць шмат цікавых праектаў. Пра адзін з іх – адкрыты конкурс “Прышкольны ўчастак як адукацыйная пляцоўка для сучасных бяспечных агратэхналогій” – і пойдзе зараз гаворка.

Праводзіўся ён у рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “EU4Youth “Школьны сад” для развіцця сельскагаспадарчага прадпрымальніцтва, а фінансаваўся Еўрапейскім саюзам і Міжнародным зялёным крыжом. Удзел у конкурсе прымалі сельскія школы Віцебскай, Гомельскай і Мінскай абласцей. Падчас першага, завочнага этапу журы разгледзела больш 100 заявак, з якіх у другі прайшло толькі 25, у тым ліку і праекты дзвюх навучальных устаноў Ушаччыны – Вялікадолецкай і Арэхаўскай школ.

У фінальным туры, які праходзіў 5-6 лістапада ў адукацыйным цэнтры Беларускага зялёнага крыжа ў Смалявіцкім раёне, прадстаўнікі кожнай навучальнай установы распавядалі, якія культуры яны вырошчваюць, агучвалі свае планы, адказвалі на пытанні журы і іншых канкурсантаў. Таксама ў час сустрэчы ладзіліся круглы стол і экскурсія на вучэбна-дэманстрацыйную пляцоўку па арганічным земляробстве.

Пра ўнікальны прышкольны ўчастак Арэхаўскай СШ мы расказвалі неаднойчы. Навучальная ўстанова практычна цалкам забяспечвае сваіх вучняў садавіной і агароднінай, а ў мясцовых цяпліцах за год здымаюць тры ўраджаі: ужо ў лютым тут расце зялёная цыбуля і салата, на змену якім вясной прыходзіць расада, а летам – дыні, кавуны ды агуркі. Шмат гадоў “зялёнай гаспадаркай” загадвала Таццяна Міхайлаўна Жарнасек, апошнім жа часам гэтыя паўнамоцтвы перайшлі да яе дачкі, настаўніцы геаграфіі Кацярыны Міхайлаўны Гірсёнак. Менавіта яна разам з выкладчыкам біялогіі Таццянай Уладзіміраўнай Ліленка прэзентавалі на фінальным этапе праект Арэхаўскай СШ. І зрабілі гэта ўдала, атрымаўшы дыплом ІІ ступені і грант на развіццё прышкольнага ўчастка ў памеры тысячы рублёў.

– У нашых планах – пашырэнне пасяўных плошчаў пад бульбу, бо гэта адзіная культура, якой мы пакуль цалкам не забяспечваем свае патрэбы, – расказвае К.Гірсёнак. – Іншую ж агародніну – капусту, моркву, буракі, цыбулю – вырошчваем у колькасці, якая дазваляе прадаваць лішкі насельніцтву і папаўняць школьны бюджэт.

Атрымліваюць сродкі ад рэалізацыі агародніны і расады і ў Вялікадолецкай школе. Так, сёлета прышкольны ўчастак прынёс установе каля 2 тысяч рублёў даходу. Але ж галоўнай тэмай праекта, які на конкурсе абараняў выкладчык хіміі і біялогіі Віктар Мікалаевіч Шышоў, стаў школьны сад. Закладзены ён быў у 2009-2010 гадах, калі настаўнікі за ўласныя сродкі набылі 110 саджанцаў позняспелых яблынь. Яшчэ 12 дрэўцаў летніх сартоў падарыў навучальнай установе выпускны клас.

– У першыя гады зімой сутыкнуліся з нечаканай праблемай – нашэсцем зайцаў, якія прагнулі паласавацца маладымі яблынькамі, – расказвае В.Шышоў. – Каб абараніць сад, неабходна было зрабіць агароджу, з матэрыяламі для якой дапамог наш былы вучань прыватны прадпрымальнік Сяргей Леанідавіч Зянюк, а вырабілі мы яе падчас работы працоўнага лагера.

Зараз жа малады яблыневы сад ужо прыносіць плады: сёлета было нарыхтавана каля 600 кілаграмаў экалагічна чыстых яблыкаў, якія дапаўняюць вітамінамі рацыён школьнікаў і дзетсадаўцаў. Перад фінальным этапам у Вялікія Дольцы наведаліся прадстаўнікі арганізатараў конкурсу, каб ацаніць перспектывы развіцця прышкольнага ўчастка. Зараз сад займае 15 сотак, але ёсць магчымасць павялічыць яго плошчу ўдвая, пасадзіўшы вішню, чарэшню, сліву, грушу. Але паколькі глеба тут пясчаная, хутка высыхае, пажадана абсталяваць адмысловую сістэму паліву дрэў. Зацікавіў гасцей і другі ўчастак з тарфяной глебай. У адукацыйным цэнтры Беларускага зялёнага крыжа закладзена плантацыя буякоў буйнаплодных (голубики), праз некаторы час будзе магчымасць падзяліцца з вялікадальчанамі саджанцамі карыснай ягады. Яшчэ адна мара В.Шышова і яго калег – сучасная цяпліца, бо пакуль расаду яны вырошчваюць у часовым парнічку, а таматы – у скрынях на падаконніках школы. Гэтыя задумы дапаможа ажыццявіць грант на 2,5 тысячы рублёў, які вялікадальчане атрымалі як пераможцы: рашэннем журы іх праект трапіў у пяцёрку лепшых.

– Удзел у конкурсе быў вельмі карысным і цікавым вопытам і для мяне асабіста, – прызнаецца В.Шышоў. – Раней меркаваў, што як выпускнік сельгасакадэміі, былы аграном калгаса “Новае жыццё”, спецыяліст, які столькі год адказвае за прышкольны ўчастак, у сваёй сферы ведаю і ўмею практычна ўсё. Аднак убачыў прыклады, калі сельскія школы апрацоўваюць па 7 гектараў зямлі, вырошчваюць самыя экзатычныя культуры. Майго калегу з Докшыцкага раёна ў наваколлі называюць “Цыбульным баронам”, бо ад продажу гэтай агародніны іх навучальная ўстанова атрымлівае вялікія прыбыткі. А школа ў Чачэрскім раёне Гомельшчыны спецыялізуецца на вырошчванні галандскіх малін, што таксама даволі выгадна. Усё ўбачанае зарадзіла жаданнем працаваць яшчэ лепш. Тым больш што ў нашай школе ў мяне шмат аднадумцаў: гэта, канечне, і адміністрацыя, і мой найпершы памочнік па земляробчых справах Мікалай Уладзіміравіч Аніскевіч – менавіта нашымі з ім асабістымі трактарамі, а яшчэ мотаблокам загадчыка гаспадаркі Аляксандра Міхайлавіча Кісяля мы апрацоўваем участак. Хачу выказаць падзяку таксама настаўніцы Алене Мечыславаўне Жук, якая дапамагла зрабіць прэзентацыю нашага праекта, ды і ўвогуле ўсім педагогам, тэхперсаналу і вучням, бо на школьных палетках мы працуем усёй грамадой!

Прынамсі, 12 лістапада, калі мы наведаліся ў школу, калегі віншавалі Віктара Мікалаевіча з Днём нараджэння, да якога перамога ў прэстыжным конкурсе стала выдатным падарункам.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *