3 декабря — День инвалидов Республики Беларусь

Общество

Вакол нас нямала людзей, што па розных прычынах пазбаўлены магчымасцяў, якія ёсць у здаровых. Пра тое, што робіцца ва Ушацкім раёне па падтрымцы інвалідаў, іх адаптацыі і рэабілітацыі, наша гутарка з дырэктарам тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва А.У.ХВАШЧЭЎСКАЙ:

– Алеся Уладзіміраўна, колькі асоб з інваліднасцю пражывае на Ушаччыне?

– На сённяшні дзень 828: першую групу маюць 158, другую – 352, трэцюю – 318. Дзяцей-інвалідаў у нас 41, ва ўзросце ад 18 да 31 года – 31.

– Якая дапамога ім аказваецца?

– Значная частка грамадзян абслугоўваецца на доме, многія наведваюць аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў. На базе апошняга, дарэчы, створана “Гасцініца выхаднога дня”: бацькі дзяцей-інвалідаў і маладых людзей з інваліднасцю маюць магчымасць па папярэдняй заяўцы пакінуць іх спецыялістам установы (па суботах з 9.00 да 13.00) і заняцца сваімі справамі. Кожны другі чацвер месяца з 11.00 да 12.00 тут праводзіцца анлайн-кансультаванне грамадзян па пытаннях аказання розных сацыяльных паслуг.

За тры кварталы 2018-га аднаразовую адрасную сацыяльную дапамогу на агульную суму звыш 2620 рублёў атрымалі дзве сям’і, дзе ёсць інваліды. Яшчэ тром, у якіх выхоўваюцца чацвёра дзяцей-школьнікаў, выдзелена 120 рублёў матэрыяльнай дапамогі да новага навучальнага года. На набыццё падгузнікаў па 173 зваротах выдаткавана 46620 рублёў. Са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва 109 жыхарам раёна аказана матэрыяльная дапамога на суму 4715 рублёў.

Удзяляем увагу стварэнню безбар’ернага асяроддзя. На асноўных сацыяльных аб’ектах раёна ўстаноўлены пандусы, поручні, зроблена разметка прыступак. Для таго, каб людзям з інваліднасцю было прасцей зарыентавацца, створаны спецыяльны даведнік – у папяровым і электронным варыянце (апошні размешчаны на афіцыйным сайце райвыканкама).

– Што робіцца па сацыялізацыі інвалідаў, уцягненні іх у грамадска-актыўную дзейнасць?

– На базе аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў функцыянуе 12 гурткоў, 4 клубы, 3 працоўныя майстэрні. Распрацаваны сацыяльны праект “Турызм для інвалідаў” – арганізуюцца экскурсіі па культурна-гістарычных месцах Беларусі. Праводзяцца Дні нараджэння інвалідаў, сустрэчы са святарамі, забаўляльныя праграмы да каляндарных святаў. Традыцыйна ўдзельнічаюць ушачане ў абласным конкурсе “Сонечны свет для ўсіх”, конкурсах мастацкай творчасці. Сярод новаўвядзенняў – работа інтэграцыйных пляцовак, стварэнне спецыяльных старонак аддзялення ў сацыяльных сетках.

– Што пажадаеце ўсім напярэдадні Дня інвалідаў?

– Людзям з абмежаванымі магчымасцямі жадаю здароўя, запатрабаванасці і актыўнага ладу жыцця. А працаздольным членам нашага грамадства – быць уважлівымі і чулымі да асоб, якія маюць праблемы са здароўем. Памятайце, што дабро, якое мы робім іншым, дабром жа да нас і вяртаецца.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *