Музей народной славы имени Героя Советского Союза имени В.Е.Лобанка после открытия уже посетили 1,5 тысячи человек

Общество

Адкрыцця музея ўвесь калектыў, безумоўна, чакаў. А вось чаго не – гэта такой колькасці наведвальнікаў. З 5 мая не было дня, каб пабачыць экспазіцыю не завітала дэлегацыя, прычым не адна, а тры, чатыры, пяць. Толькі ў дзень адкрыцця было праведзена 36 групавых экскурсій, ну а за мінуўшыя амаль два тыдні – 120, на экспазіцыі пабывала паўтары тысячы чалавек. І хоць у дырэктара музея, дарэчы, як і ва ўсіх трох супрацоўнікаў, якія вядуць экскурсіі, моцна падселі галасы, Святлана Канстанцінаўна Турло ўсё ж пагадзілася ў канцы чарговага працоўнага дня на інтэрв’ю.

Дырэктар Святлана Канстанцінаўна Турло (у цэнтры), старшы навуковы супрацоўнік Віктар Пятровіч Турло, галоўны захавальнік фондаў Дар’я Пятроўна Мілая, дазорцы Наталля Аляксандраўна Клачок, Аліна Канстанцінаўна Мацюш, Лідзія Алегаўна Міхаль, загадчык гаспадаркі Аляксандр Гардзеевіч Мугака.

– Гэтыя два тыдні калектыў, сапраўды, працаваў у асаблівым рытме. Год гістарычнай памяці, безумоўна, падштурхнуў да павышанай цікаўнасці падзеямі Вялікай Айчыннай, а ў краіне музеяў такога ўзроўню нямнога, ды і ўшачане засумавалі па нашай экспазіцыі. Таму наведвальнікаў шмат: як групамі, так і індывідуальных. Гэта, безумоўна, выдатна. Хаця нагрузка на супрацоўнікаў вялікая. Нават форс-мажор адбыўся. Групавыя наведвальнікі заўсёды загадзя агаворваюць час прыбыцця, але выйшла накладка, і амаль адначасова прыехала 50 турыстаў з Мінска і 30 з Віцебска. Як не раздзялялі патокі і залы (нават фільм “Балада аб мужнасці і любві” ставілі), усё ж адначасова давялося знаёміць з экспазіцыяй. Амаль крычалі, каб усе нас пачулі. Выручыла мінская супрацоўніца турфірмы, якая пазычыла свой мікрафон з калонкай. Гэтая акалічнасць прымусіла нас таксама набыць гэтую карысную прыладу, цяпер можна спакойна гаварыць, пачуюць на адлегласці.

– Адкуль былі турысты ў гэтыя два тыдні?

– Самыя розныя. З Полацкага каледжа і Глыбачанскай, Полацкай, Обальскай школ, групы супрацоўнікаў са Следчага камітэта, унутраных спраў і “Беларусбанка”, адпачываючыя з “Лясных азёр” і проста індывідуальныя турысты. Розная і геаграфія, і ўзрост. Нас наведалі прадстаўнікі кожнага раёна Віцебскай вобласці і Мінска.

У “Ноч музеяў”, 21 мая, установа будзе працаваць да 22 гадзін.

– Экскурсіі праводзяцца аднолькавыя ці ацэньваецца кантынгент?

– Праграма экскурсій зацверджаная, і супрацоўнікі музея не могуць адступаць ад яе, нават калі асабісты погляд у нечым не супадае. Адказваючы на пытанні, мы, канечне, можам спасылацца на іншыя крыніцы, выказваць сваё меркаванне. Ну а катэгорыі наведвальнікаў, безумоўна, улічваем. Вось нядаўна было ўказана, што прыедуць школьнікі, якія аказаліся пачаткоўцамі. Зразумела, ім трэба тлумачыць не так, як дарослым. Дапамагае тое, што двое з нас – настаўнікі.

– Што ўяўляе найбольшую цікаўнасць у наведвальнікаў?

– Адназначна не скажаш. Гэта цалкам залежыць ад узросту, прафесіі, дасведчанасці людзей. Напрыклад, член Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу С.Адзінцова з цікаўнасцю разглядала інструменты, якімі рабілі аперацыі партызанскія медыкі, паколькі сама хірург. Адна пажылая наведвальніца, калі выйшла з кіназалы, запыталася, дзе яшчэ можна ўбачыць гэты дакументальны фільм. Калі ж адказалі, што нідзе, гэта ўласнасць музея, сказала, што вельмі шкада, бо яго павінны бачыць усе. Часта пытаюцца, ці сапраўдны корцік Баграмяна. Дзяцей, канечне, больш цікавіць зброя. Але літаральна ўсе дзівяцца разнастайнасцю нашай экспазіцыі, і нават ушачане кажуць, што даведаліся нешта новае пра партызанскі рух.

– Дарэчы, на якіх умовах можна ў вас паглядзець “Баладу аб мужнасці і любві”, колькі павінна прыйсці гледачоў?

– Пасадачных месцаў у зале, дзе можна праводзіць і патрыятычныя ўрокі, 55, ну а мы ўключаем прагляд нават для аднаго чалавека. Кошт – 1,50.

– Назавіце наогул расцэнкі для прыватных наведвальнікаў.

– Для дарослых агляд усіх экспазіцый, уключаючы выставачную залу, складае 3 рублі, для дзяцей – 1 рубель 63 капейкі. Калі будзе ў галерэі выстава не з нашых фондаў, а камерцыйная, то ўваход туды складзе не 1.90, а больш. Падрабязней з прэйскурантам цэн можна азнаёміцца на нашым сайце.

– Чула, што ў музеі платныя і фотаздымкі?

– Толькі калі гэта фатаграфаванне дакументаў з фондаў – кошт 2 рублі, а ў экспазіцыі здымаць можна. Таксама на платнай аснове мы выдаём даведкі, напрыклад, што канкрэтны чалавек быў удзельнікам партызанскага руху – 22 рублі.

– Што змянілася ў нашым музеі пасля рамонту?

– Экспазіцыя цалкам засталася нязменнай, акрамя таго, што крыху большым стаў раздзел аб генацыдзе беларускага народа. Калі раней былі ўказаны чатыры “сястры Хатыні”, знішчаныя карнікамі цалкам і неадноўленыя, то зараз усе 190 населеныя пункты, па якіх прайшла вогненная навала. Наогул з садзейнічаннем пракуратуры па генацыдзе нам перададзена каля тысячы дакументаў з архіваў.

– Яны аблічбаваны, як спісы загінуўшых партызан?

– Гэтая работа толькі распачата, трэба аблічбаваць каля 300 файлаў. У вольным доступе зараз на сайце музея ў раздзеле «Аб музеі» – “Спісы ахвяр Вялікай Айчыннай вайны” можна адшукаць імёны партызан, якія знаходзяцца на плітах мемарыяльнага комплексу “Прарыў”, расстраляных яўрэяў, часткова землякоў, што прапалі без вестак ці загінулі на фронце. Дарэчы, спісы пастаянна папаўняюцца. Калі родныя бачаць, што іх бацькі ці дзеда няма ні на плітах “Прарыва”, ні ў кнізе “Памяць”, яны звяртаюцца ў музей і пры наяўнасці пацвярджальных дакументаў мы заносім імя ў спісы. Напрыклад, да 5 мая на плітах з’явілася прозвішча партызана брыгады імя Варашылава Антона Сцяпанавіча Жаўнеркі, унук якога адшукаў у архіве дакументы.

– Якія выставы змогуць сёлета пабачыць ушачане?

– Запланаваны прывазныя выставы з Музея гісторыі і Гістарычнага, работ Міхася Казіцкага і яго дачкі Антаніны, з нашых фондаў – з краявідамі Ушаччыны.

– Дзякуй за інтэрв’ю, з прафесійным святам Вас! Спадзяёмся, што наш музей заўсёды будзе такім запатрабаваным.

– Дзякуй. Я ж у сваю чаргу хачу павіншаваць з прафесійным святам як нашых сённяшніх супрацоўнікаў, так і ветэранаў: М.М.Кірпіча, Г.В.Багдановіч, Г.Х.Талапілаву, А.А.Быкаву, Н.Г.Гардзіёнак, В.П.Вайцяхоўскую, З.В.Купчонак, В.Л.Шчэрбіка, Н.А.Казлову. І пажадаць усім міру, здароўя, дабра.

Гутарыла Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *