Жизнь — за окуня? Тело утонувшего рыбака извлекли сегодня из-подо льда на озере Рукшанское в Ушачском районе

Общество

Зіма ўступіла ў свае правы, ахутаўшы белым покрывам не толькі зямлю, а і нетрывалы, але такі прывабны для рыбакоў лёд. Смага першай зімовай рыбалкі, хруст ільдзінак пад нажамі ледабура і доўгачаканая рыбка з лункі – усё гэта адсоўвае разумны сэнс і бяспеку на другі план. Вынік жа такой бестурботнасці надзвычай сумны…

Ва Ушацкім раёне патануў 49-гадовы жыхар аграгарадка Глыбачка. На мінулым тыдні ён накіраваўся на рыбалку на матацыкле “Мінск” – і пра яго далейшае месцазнаходжанне нічога не было вядома. На працягу некалькіх дзён супрацоўнікі міліцыі, родныя і блізкія мужчыны ажыццяўлялі яго пошук на бліжэйшых да населенага пункта вадаёмах. А ўжо ў аўторак яшчэ адзін рыбак з Глыбачкі заўважыў на лёдзе на возеры Рукшанскае сляды транспартнага сродку, якія вялі да палонкі. На паверхні, у 180-200 метрах ад берага, плавала шапка…

Каб дастаць цела рыбака, спатрэбілася дапамога вадалазаў. Як паведаміў вядучы спецыяліст Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага рэспубліканскага таварыства выратавання на водах Вячаслаў Ванёк, знаходзілася яно на глыбіні каля 8 метраў. Непадалёк быў і матацыкл.

– Нягледзячы на тое, што лёд на ўзгаданым вадаёме мае таўшчыню каля 10 сантыметраў, назваць яго трывалым усё ж нельга! – расказаў нам старшыня раённага таварыства выратавання на водах Эдуард Верташонак. – Плюсавая тэмпература апошніх дзён зрабіла яго рыхлым і ўдвая небяспечным. Да таго ж, як і на любым іншым возеры, ёсць на Рукшанскім пастаянныя “смяротныя зоны” – найперш ля хмызнякоў і чаротаў. Насцярожыць павінна было і з’яўленне тут верхаводкі.

– Нават не ведаю, як Віталь мог трапіць у ледзяную пастку, – разгублена паціскаў плячыма сябар пацярпелага. – Ён быў рыбак са стажам, усе прамыіны возера ведаў як свае пяць пальцаў і ніколі не выязджаў на лёд на матацыкле. Відаць, вырашыў рызыкнуць… (вочы мужчыны заблішчэлі). Бо акунёў і плотак у тым месцы, сапраўды, шмат.

Пошукавая аперацыя на Рукшанскім доўжылася каля дзвюх гадзін. І ўвесь гэты час ля возера было надзвычай ажыўлена. Канчатковага “вердыкту” нервова чакалі родныя мужчыны. Падтрымаць іх прыйшлі сябры і суседзі. Яны ж, дарэчы, выклікаліся дапамагчы і вадалазам – на бераг тапельца дастаўлялі, як кажуць, усім светам. Сваю работу выконвалі праваахоўнікі, судмедэксперты… І толькі рыбакам усё было ні па чым!

– Ведаеце, што тут адбываецца? – пацікавіліся ў аднаго з тых, хто выйшаў з возера з ледабурам і рыбалоўнай скрыняй на плячы.

– Канечне! Майго земляка шукаеце, – спакойна вымавіў той і горда прадэманстраваў нам некалькі рыбін, злоўленых непадалёк ад месца трагедыі.

Гэтак жа абыякава аднёсся да падзей таго дня і мясцовы дачнік, грамадзянін Расійскай Федэрацыі – і ўсё ж “рух” ля вадаёма прымусіў яго датэрмінова спыніць рыбалку. Яшчэ адзін мужчына, што прыйшоў да берага якраз падчас вымання цела тапельца, рэзка перадумаў выходзіць на лёд і са сваімі рыбацкімі прыладамі ў задуменні пакрочыў дамоў…

І ўсё ж чакаць такіх страшных падстаў, каб перагледзець адносіны да ўласнай бяспекі, не варта! Спецыялісты настойліва раяць (нават патрабуюць!) дачакацца надзейнай таўшчыні лёду і толькі пасля гэтага на яго выходзіць.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *