17 декабря — День белорусского кино. Хит-парад ушачских симпатий отечественных фильмов здесь!

Общество

У панядзелак беларускае кіно адзначыць свой чарговы дзень нараджэння. Менавіта 17 снежня 1924 года была прынята пастанова Саўнаркама “Аб кінавытворчасці ў БССР” і створана ўпраўленне “Белдзяржкіно”. Больш 500 мастацкіх кінастужак, некалькі тысяч дакументальных і каля 100 анімацыйных фільмаў беларускай вытворчасці знята за гэты час. Напярэдадні свята мы пацікавіліся ва ўшачан, якія стужкі “Беларусьфільма” ім асабліва падабаюцца, і на аснове гэтага апытання склалі хіт-парад, дзе вылучылі шасцёрку самых папулярных у нашых чытачоў работ. Магчыма, для кагосьці гэта стане падставай перагледзець ці адкрыць для сябе лепшыя айчынныя кінастужкі.

1. “Белыя росы”. Лідарства гэтага неўміручага і па-сапраўднаму народнага фільма аказалася бясспрэчным. Ды і як магло быць інакш, калі адну з галоўных роляў у ім выконвае наш зямляк Генадзь Гарбук! Фільм, які быў зняты ў 1983 годзе рэжысёрам І.Дабралюбавым, пакарыў усіх сваёй дабрынёй і мяккім гумарам. “Сакрэт поспеху гэтай стужкі як у выдатным сцэнарыі, так і ў цудоўным акцёрскім складзе – гэта адна з лепшых работ Мікалая Карачанцава”, – лічыць ушачанка Вольга Хамянок. Цікава, што сёлета на месцы здымак фільма ў Гродне адкрыты помнік яго персанажам.

2.“Прыгоды Бураціна”. Культавы савецкі музычны фільм, зняты ў 1975-м годзе, стаў другім у нашым рэйтынгу. “Гэта стужка – як напамін дзяцінства. Яе магія прымусіла нас назаўсёды запомніць закляцце “Крэкс-пэкс-фэкс”, а жыццё на экранах стала доўгім, як барада Карабаса-Барабаса”, – жартуе, характарызуючы свае адносіны да фільма, наша зямлячка Святлана Ткачэнка. Дарэчы, і без таго моцны акцёрскі склад стужкі магла дапоўніць легендарная Фаіна Ранеўская, аднак пабаялася ехаць у Мінск з-за пажылога ўзросту, і чарапаху Тарцілу замест яе сыграла Рына Зялёная.

3. “У жніўні 44-га”. Гэту ваенную кінастужку назвалі ў ліку лепшых таксама многія ўшачане. Фільм М.Пташука, зняты ў пачатку двухтысячных, выклікаў неадназначныя водгукі кінакрытыкаў, аднак ёсць інфармацыя, што ў 2008 годзе ФСБ Расіі выказалася, што лічыць яго найбольш праўдзівай экранізацыяй жыцця і дзейнасці савецкіх контрразведчыкаў. “Гэтую стужку глядзела з цікаўнасцю і не адзін раз”, – прызналася жыхарка райцэнтра Вольга Несцярэнка і сапраўды, ад дзейства, што разгортваецца на экране, цяжка адарвацца.

4. “Корцік”, “Бронзавая птушка” і “Апошняе лета дзяцінства”. Гэта кінатрылогія таксама засталася ў памяці пакалення падлеткаў 70-80-х. “За прыгодамі сяброў Мішкі, Генкі і Славы з захапленнем сачыў у дзяцінстве. Яны былі прыпраўлены рэвалюцыйнай рамантыкай, сталі ўдалым адлюстраваннем той эпохі”, – разважае Эдуард Завадскі.

5. “Дзяржаўная граніца”. Шматсерыйная стужка, знятая ў 80-х, расказала гледачам пра службу савецкіх пагранічнікаў. Цікава, што ў 1981 годзе фільм быў удастоены прэміі КДБ СССР. “Гэта адзін з савецкіх серыялаў, які з цікавасцю можна пераглядваць і зараз”, – лічыць Таццяна Сісковіч.

6. “Брэсцкая крэпасць” – адносна новая работа беларускага кінематографа: фільм зняты ў 2010 годзе рэжысёрам А.Коттам і з’яўляецца працягам традыцый якаснага ваеннага кіно “Беларусьфільма”. Прыемна, што стужка падабаецца і маладым ушачанам. Вось як адазваўся пра яе старшакласнік Яўген Бародзіч: “Фільм зняты на падставе рэальных падзей, магчыма таму ўспрымаецца так рэчаісна, прымушае суперажываць, захапляцца мужнасцю гераічных абаронцаў крэпасці”.

Акрамя названых стужак, нашы землякі прыгадвалі і іншыя: цудоўную экранізацыю аповесці айчыннага класіка Уладзіміра Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха”, адметны ігрой сямейнага дуэта акцёраў Яроменка фільм “Сын за бацьку”, “Расклад на паслязаўтра” з Алегам Далем і Маргарытай Церахавай у галоўных ролях і, канечне, экранізацыі аповесцяў нашага земляка Васіля Быкава – найбольш уражваючай ушачане лічаць “Альпійскую баладу”.

Любіце і глядзіце беларускае кіно!

Падрыхтавала Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *