На базе физкультурно-оздоровительного комплекса «Юность-Ушачи» прошла межрайонная спортландия среди людей с инвалидностью и волонтёров «Спорт равных возможностей»

Общество

“Спорт роўных магчымасцяў” – мерапрыемства пад такой назвай прайшло на бягучым тыдні ў фізкультурна-аздараўленчым комплексе “Юнацтва-Ушачы”. Удзел у ім прынялі інваліды і валанцёры сацслужбаў з чатырох раёнаў Віцебшчыны: Глыбоцкага, Чашніцкага, Лепельскага і Ушацкага. Насычаную ж праграму для іх, якая мела на мэце найперш актыўнае, цікавае баўленне часу, падрыхтавалі нашы фізкультурна-спартыўны клуб і тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

На працягу дзвюх гадзін у спартыўнай зале кіпелі эмоцыі. Удзельнікі каманд, якія ў большасці сваёй маюць сур’ёзныя праблемы са здароўем, выпрабоўвалі свае сілы ў імправізаваным боўлінгу, на хуткасць складалі пажаданне сапернікам, пры дапамозе абручоў перакачвалі мячы і нават асвойвалі гульню ў хакей. Каб абышлося без эксцэсаў, на мерапрыемстве дзяжурылі медыкі – на шчасце, іх дапамога нікому не спатрэбілася. Шматлікія ж балельшчыкі тым часам з азартам сачылі за ходам падзей, бурнымі апладысментамі падтрымлівалі ігракоў.

Яркіх уражанняў мерапрыемству дадалі вакальныя, харэаграфічныя нумары культработнікаў Ушаччыны і навучэнцаў дзіцячай школы мастацтваў. З захапленнем і нават са слёзамі на вачах назіралі прысутныя за выступленнем юных удзельнікаў студыі інклюзіўнага танца “Імпэт”, што дзейнічае пры дабрачынным каталіцкім таварыстве “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі. Выставу творчых работ прадставілі майстры Дома рамёстваў і народнага клуба майстроў і самадзейных мастакоў “Адраджэнне”. Сваімі эмоцыямі ад убачанага ў гэты дзень у паэтычнай форме падзялілася ўшачанка Людміла Мікалаеўна Цяцерка.

– Сёння, нягледзячы на розную колькасць набраных камандамі балаў, несумненна, перамагло сяброўства! – падводзячы вынікі спартландыі, зазначыла намеснік старшыні райвыканкама Алена Васільеўна Пашковіч. – Сваёй бадзёрасцю, сілай духу кожны з вас даказаў, што ўсе выпрабаванні лёсу пераадольныя, а жыццё з хваробай – не прысуд!

І ўсё ж заслужаны кубак пераможцы накіраваўся ў гэты дзень у Чашнікі. Прызёры спаборніцтваў з Ушач і Лепеля, на рахунку якіх “срэбра” і “бронза” адпаведна, узнагароджаны медалямі, а ўсе без выключэння каманды – дыпломамі і салодкімі падарункамі ад сектара спорту і турызму райвыканкама.

– Хоць і паказалі сёння самы “сціплы” вынік, сустрэчай засталіся цалкам задаволеныя! – падзяліліся з намі прадстаўнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН Глыбоцкага раёна. – Спадзяёмся, такія мерапрыемствы стануць у рэгіёне традыцыйнымі і дапамогуць яшчэ большай колькасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі знайсці новых сяброў, паверыць у сябе.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *