Накануне Нового года в Ушачах прошла традиционная встреча руководства района со священнослужителями

Общество

Калядныя святы – выдатная нагода для сяброўскай бяседы. Вось і традыцыйная сустрэча кіраўніцтва раёна са свяшчэннікамі зарэгістраваных на Ушаччыне абшчын прайшла ў вельмі цёплай, канструктыўнай атмасферы. Святары расказалі пра справы сваіх прыходаў, агучылі праблемы і падзяліліся планамі на будучае.

Так, напрыклад, у арэхаўскіх праваслаўных вернікаў яны даволі амбіцыйныя. Як паведаміў настаяцель храма велікамучаніцы Параскевы Пятніцы іерэй Аляксандр Таляронак, у наступным годзе храм будзе адзначаць сваё 200-годдзе і хацелася б да гэтай даты зрабіць у ім унутраны касметычны рамонт. Як вядома, у савецкія часы ў царкве быў склад: ад увабранай солі яе сцены хутка аблупліваюцца, і іх пастаянна трэба падфарбоўваць. Плануюць арэхаўцы таксама абнавіць столь, правесці добраўпарадкаванне тэрыторыі. А яшчэ прыход набыў дом побач з храмам, які мяркуюць перабудаваць і выкарыстоўваць для заняткаў нядзельнай школы, правядзення мерапрыемстваў, пражывання святара. Работы будуць весціся гаспадарчым спосабам, таму, канечне, зусім не лішняй акажацца дапамога ўсіх неабыякавых землякоў. Агучыў бацюшка Аляксандр і яшчэ адну задуму: пабудаваць ля могілак вёскі Сарочына невялікую капліцу. “На тым месцы калісьці стаяў храм Архангела Міхаіла, – патлумачыў святар, – і вельмі хацелася б аднавіць тут культавую пабудову, дзе жыхары наваколля маглі б узносіць малітвы, ладзіць адпяванне і паніхіды. Ужо атрымана блаславенне Уладыкі Феадосія, а мясцовыя жыхары і прыватныя прадпрымальнікі згодныя аказаць пасільнае садзейнічанне ў будаўніцтве”. Старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка і старшыня раённага Савета дэпутатаў Н.М.Марковіч адзначылі, што капліца не толькі будзе карыснай для мясцовых вернікаў, а і ўпрыгожыць населены пункт, паабяцалі дапамогу ў вырашэнні арганізацыйных пытанняў.

Протаіерэй царквы евангельскіх хрысціян-баптыстаў “Выратаванне” Пётр Лукашэвіч абмеркаваў магчымасць наладзіць падчас калядных святаў дабрачынную акцыю для дзяцей-інвалідаў нашага раёна. Намеснік старшыні райвыканкама А.В.Пашковіч прапанавала правесці гэтае мерапрыемства ў аддзяленні для дзённага прабывання інвалідаў у Градзянцы, у камфортных і звыклых для іх умовах.

Паказаць землякам свае творчыя здольнасці, выйсці за рамкі звычайнага кола зносін хацелася б і прыхаджанам Евангельскай царквы “Благадаць” – пра гэта казала яе пастыр Айжан Сухастаўская. Прадстаўнікі ўлады зазначылі, што не бачаць перашкод для таго, каб прадаставіць евангелістам пляцоўку для выступлення, напрыклад, з каляднай пастаноўкай, калі яны здолеюць зацікавіць ім пэўную колькасць гледачоў.

Як адзначыў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В.П.Котаў, цяжка пераацаніць ролю царквы ў маральным выхаванні людзей – гэты напрамак дае ёй і дзяржаве шырокае поле для плённага супрацоўніцтва. Варта аб’яднаць агульныя намаганні і ў супрацьстаянні ўплыву дыструктыўных сект, наступу бездухоўнасці. Добрыя ўзаемаадносіны паміж канфесіямі – адметнасць Беларусі, і прыемна, што гэтага прынцыпу прытрымліваюцца як у мегаполісах, так і ў глыбінцы.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *