Наталья Неруганёнок знает, чем заинтересовать читателей Веркудской библиотеки

Экономика и малый бизнес

Работу бібліятэкара ацаніць няпроста. Галоўны паказчык – гэта чытачы, якія зноў і зноў вяртаюцца ва ўтульны кніжны дом. На “ўчастку” Н.А.Неруганёнак іх больш за 250. І з кожным жанчына знаходзіць агульную мову, ведае, чым зацікавіць.

Бібліятэкарам Вяркудскай сельскай бібліятэкі Наталля Аркадзьеўна працуе ўсяго тры гады. На пытанне, як прыйшла ў прафесію, разгублена паціскае плячыма: “Так распарадзіўся лёс, у мяне ж былі на жыццё зусім іншыя планы. З дзяцінства сябравала з лічбамі і пасля заканчэння Полацкага сельгастэхнікума працавала бухгалтарам у гаспадарках Ушаччыны. Калі ж у аграгарадку, побач з маім домам, з’явілася пасада бібліятэкара, атрымала прапанову яе заняць. Пра тое, што пагадзілася, не шкадую, але ж па лічбах, прызнаюся, сумую!”

У дзяцінстве ўраджэнка вёскі Загор’е чытаць не надта любіла. Цяпер жа ад такога занятку яе не адцягнуць. Па словах жанчыны, гэта дапамагае ёй запоўніць інфармацыйныя “прабелы” і лепш арыентавацца ў кніжным фондзе, які складае больш за пяць тысяч выданняў.

Сярод пастаянных чытачоў Вяркудскай бібліятэкі – найперш жыхары аграгарадка пенсійнага ўзросту. Любяць пачытаць раманы, дэтэктывы, часопісы пастаяльцы аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў – сапраўдным рэкардсменам сярод іх з’яўляецца Леанід Сяргеевіч Федарэнка, на рахунку якога за мінулы год аказалася больш сотні кніг. “Калі прыйшла працаваць у бібліятэку, была здзіўлена таму, як многа чытаюць механізатары, іншыя аграрыі, – кажа Наталля Аркадзьеўна. – Радуе мяне і дзіцячая любоў да друкаванага слова. Так, напрыклад, трэцякласнік Ягор Кучаронак цікавіцца энцыклапедычнымі выданнямі і ведае надзвычай многа. Цэлай сям’ёй прыходзяць ва ўстанову мясцовыя дачнікі, жыхары Мінска Дзеркачы – і бацькі, і дзеці, якія яшчэ не ходзяць у школу, знаходзяць сабе літаратуру па душы”.

Дарэчы, многія чытачы не бяруць на дом выданні – знаёмяцца з імі непасрэдна ў сценах культустановы, дзе створаны вельмі камфортныя ўмовы. На другі паверх сельскага Дома культуры бібліятэка пераехала адносна нядаўна. Большыя плошчы, вялікая колькасць вокнаў і, адпаведна, святла адкрылі новыя магчымасці. Цяпер тут прадугледжаны свабодны падыход да палічак, тэматычныя выставы да знакавых дат у календары, сапраўдная аранжарэя пакаёвых кветак, развядзеннем якіх не першы год займаецца Наталля Аркадзьеўна, а таксама розныя творчыя пляцоўкі з яе работамі. Зрэшты, ёсць у жанчыны і артыстычныя таленты, якімі яна ахвотна дзеліцца з мясцовымі жыхарамі праз удзел у мерапрыемствах, што арганізуе мясцовы СДК. Так, падчас нядаўніх навагодніх святаў Наталля Аркадзьеўна вельмі ўдала ўвайшла ў вобраз Снягуркі.

Калі ж спытаць бібліятэкара пра крыніцу працоўнага натхнення, яна, не задумваючыся, адкажа: “Цікаўнасць чытачоў”.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *