В Витебске чествовали лучших животноводов области. Среди них и ушачанин Владимир Рамашевский

Сельское хозяйство Экономика и малый бизнес

У пятніцу падчас ушанавання лепшых жывёлаводаў вобласці Ганаровую грамату камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама атрымаў аператар па штучным асемяненні жывёлы вытворчага ўчастка “Сарочына” Віцебскага КХП Уладзімір Вадзімавіч Рамашэўскі. Хоць і нячастыя ў яго выхады на “вялікую сцэну”, аднак да “святла рамп” прывыкшы – неаднойчы прымаў удзел у абласным конкурсе асемянатараў і займаў там прызавыя месцы. Бойка падаваў тэорыю прафесарам з журы, хоць і не мае жывёлагадоўчай спецыяльнасці, толькі двухтыднёвыя курсы.

– Галоўнае – практыка, – прыгадвае Уладзімір Вадзімавіч свой удзел у іспытах, – таму і ведаю, што адказваць на білеты. Ну і тэорыю, канечне, чытаю, без падрыхтоўкі ніяк. І ў 2017 заняў трэцяе месца, а перад гэтым другое.

Аднак свае асноўныя экзамены ён здаваў Леаніду Цімафеевічу Касцюковічу – асемянатару свінагадоўчага комплексу, калі ў 2006-м перавёўся са слесараў. Ды і з маці, якая таксама займалася гэтай справай, раіцца, як і са старэйшымі калегамі Таццянай Леанідаўнай Павуковай і Зінаідай Антонаўнай Котышавай. Працуюць яны ўвогуле брыгадай, і ў сёлетняй перамозе Уладзіміра, безумоўна, калектыўная заслуга. Бо як неаднойчы падкрэсліў аператар, стаўленне да абавязкаў ва ўсіх сумленнае, а паказчыкі могуць нязначна адрознівацца ў залежнасці ад таго, якая жывёла трапіла. “З рамонтных, маладых пакрываецца толькі палова, ды і часу на іх траціцца намнога больш, бывалыя мамкі – на 90-95 працэнтаў, – раскрывае прафесійныя тонкасці Уладзімір. – Раней у нас і кныры свае былі, нават расцілі іх малых, чыстапародных на комплексе, атрымлівалі і разводзілі матэрыял, правяралі пад мікраскопам жывучасць. Зараз з племаб’яднання прывозяць гатовы, праўда, нельга скардзіцца, якасны. Паўторнага пакрыцця мала, хіба што хворая ці аслабленая сасункамі жывёла трапіць. Наша работа ўвогуле залежыць ад уважлівасці літаральна ўсіх – аператараў на адкорме, ветурачоў, нас”.

1987. Гэта не год, а колькасць свінаматак, якія летась прайшлі праз рукі Уладзіміра Вадзімавіча – хоць і працуюць брыгадай, аднак заатэхнік-селекцыянер Святлана Сяргееўна Храпавіцкая ўсё ж падлічыла і персанальныя паказчыкі сваіх падначаленых. І ў Рамашэўскага яны аказаліся самыя высокія, а выхад парасят – 1115 на сто матак. Здзіў­ляюся, як могуць паўплываць на пладавітасць асемянатары. “А як жа, менавіта ад іх залежыць своечасовасць выяўлення ў ахвоце, дзень раней ці пазней – і колькасць яйцаклетак меншая”, – тлумачыць С.С.Храпавіцкая. А Уладзімір дабаўляе, што ва ўсе часы на комплексе імкнуліся да мнагаплоднасці – і па 16, і па 21 парсючку нараджалася, хаця з імі потым вельмі складана маці. Таму зараз працуюць над універсальнасцю парод – каб і мясныя, і хуткарослыя, і пладавітыя – скрыжоўваюць розныя. І аператары добра ведаюць радаслоўную сваіх падапечных. Ва ўсялякім выпадку могуць лёгка сказаць, якая кроў намешана па вышчыпах на вушах кожнай свінаматкі.

“Мне падабаецца мая работа, я даю жыццё, – кажа Уладзімір, хоць “сваіх немаўлят” бачыць толькі ў прычэпах падчас адпраўкі на мясакамбінаты – ім нельга наведваць іншыя цэхі, як і нельга трымаць парсюкоў на ўласным падворку. Затое жонка Таццяна гандлюе свінінай з комплексу “Сарочына” ў “Мясной лаўцы”. Сям’я у іх атрымліваецца зоркавай – Таццяна Рыгораўна летась заносілася на раённую Дошку гонару. Яны ж у сваю чаргу радуюцца поспехам дзяцей – Сяргей вучыцца на чацвёртым курсе акадэміі МУС, а Насця займаецца ў восьмым класе.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *