Великодолецкие школьники достойно выступили в финале «Снежного снайпера»

Cпорт Наши дети

Спартыўная феерыя – напэўна, такі эпітэт найлепш ахарактарызуе падзею, што адбывалася напрыканцы мінулага тыдня ў Раўбічах. Можна смела сказаць, што такой маштабнай увагі да сябе большасць з 200 юных біятланістаў, якія выходзілі на старт фінальных гонак “Снежнага снайпера”, у сваім жыцці яшчэ не бачылі. Падтрымка тысяч балельшчыкаў прымушала іх ляцець па трасе яшчэ хутчэй, а кожны трапны стрэл прыводзіў у захапленне стракатыя ад сцягаў і плакатаў трыбуны, па выглядзе якіх можна было вывучаць геаграфію Беларусі: Старыя Дарогі, Любань, Пінск, Навагрудак…

У гэтым тапанімічным калейдаскопе меўся і ўшацкі малюнак – групу нашых балельшчыкаў вылучалі сцяжкі з гербам раёна, а падтрымаць юных біятланістаў, якія ўвайшлі ў склад абласной каманды, прыехалі бацькі, настаўнікі, аднакласнікі, прадстаўнікі аддзела па адукацыі і нават старшыня райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка. “Быў у Раубічах падчас адкрыцця ў 1974, калі вучыўся ў Мінску, цяпер жа, пасля нядаўняй рэканструкцыі, комплекс абсалютна не пазнаць! – дзяліўся ўражаннем ад убачанага настаўнік Васіль Пятровіч Мычко. – Увогуле лічу, што жыць у Беларусі і ніводнага разу не пабываць у славутых Раўбічах – гэта недаравальна!” І з яго меркаваннем цяжка не пагадзіцца.

…“Гэта ваш сынок?” – пацікавіліся стаяўшыя побач жанчыны, пачуўшы, як падчас праходжання перад трыбунай Ромы Лабецкага, што ў нядзелю адстойваў гонар вобласці ў змешанай эстафеце, я гучна выкрыквала яго імя. І мне падумалася, што за сёлетнюю зіму вялікадолецкія дзяўчаты і хлопцы для многіх ушачан ужо і сапраўды сталі, як родныя. Мы шчыра радаваліся іх поспехам на раённым і абласным этапах, а як прыемна было чуць ушацкія прозвішчы ў Раўбічах з вуснаў мэтра каментатарскай справы Уладзіміра Навіцкага! І хоць сёлета нашым дзецям не ўдалося ўзняцца на прыступкі п’едэстала, сам удзел у фінале, дзе прызёраў узнагароджвае чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка Дар’я Домрачава, – сапраўдны подзвіг і для кожнага з іх, і для выкладчыка фізкультуры Уладзіміра Мікалаевіча Лапіцкага. Калі ў час гонак каментатары расказвалі пра ўдзельнікаў, звярнула ўвагу, што пераважная большасць фіналістаў аказалася вучнямі гарадскіх школ, ну а літаральна ўсе першыя месцы выйгралі прадстаўнікі сталіцы, дзе, канечне, куды больш магчымасцяў развіваць такі нятанны і “тэхналагічны” від спорту. Пры ўсім жаданні складана было чакаць ад вялікадальчан паражэння ўсіх мішэняў з дробнакалібернай вінтоўкі, калі на дамашніх трэніроўках і нават на абласным этапе яны стралялі з пнеўматычнай.

“Я – ляўша і было складана прызвычаіцца перазараджаць зброю, аднак вельмі старалася, – расказвае Жэня Сямяхіна, якая перад стартам эстафеты паспела прыбегчы да нас на трыбуну, каб пабачыцца з мамай Наталляй Уладзіміраўнай і сястрой Веранікай. – На першай трэніроўцы амаль усе кулі ляцелі ў малако, а на апошняй з 20 стрэлаў зрабіла толькі тры промахі”. На жаль, усе нашы ўдзельнікі канстатавалі, што падчас спрынтарскіх гонак, якія праходзілі ў пятніцу, адчувалі прыкметныя праблемы са слізганнем лыж. Зрэшты, гэта не перашкодзіла мінулагодняму трыумфатару Р.Лабецкаму паказаць на дыстанцыі добрую хуткасць, аднак зноў узысці на п’едэстал не далі тры промахі. “Сёлета шчыльнасць вынікаў была проста неверагодная – усе прызёры адстраляліся чыста. Каб гэтак жа зрабіў Раман – быў бы сярод пераможцаў, – расказвае Віктар Іванавіч Акулёнак, які суправаджаў нашу каманду на фінальных спаборніцтвах і зборах, што ладзіліся для ўдзельнікаў напярэдадні. – Выкладваліся на трасе Маргарыта Стрыжонак, Таня Кандыба, Ілья Падворны. Адчайна змагаўся за кожную хвіліну Ігар Лабецкі, хоць і бачыў, што гонка складваецца не надта ўдала, – у хлопца моцны чэмпіёнскі характар!”

Прынамсі, шлях Ігара да гэтага фіналу быў асабліва цярністым: у хлопчыка, які вельмі любіць спорт, меліся праблемы са здароўем, і ўрачы доўгі час не давалі яму дабро на трэніроўкі. “Калі медыцынская камісія вынесла станоўчае рашэнне, радасны вокліч Ігара быў чуваць ва ўсёй паліклініцы”, – з цеплынёй расказвае дырэктар Вялікадолецкай школы Рыма Леанідаўна Аніскевіч. І няхай з першай спробы пакарыць вяршыню “Снежнага снайпера” хлопцу не ўдалося, але гэта біятлон – і менавіта непрадказальнасць робіць яго такім відовішчным.

У цэлым жа выступленне нашых снежных снайпераў было дастойным: дастаткова сказаць, што трое з іх (Р.Лабецкі, Ж.Сямяхіна і Сяргей Зянюк) увайшлі ў склад каманды Віцебскай вобласці ў змешаных эстафетах, куды адбіраліся па лепшых выніках у спрынце. “Малайчына, выдатна прайшоў свой этап! Прыемна было назіраць!” – што можа быць даражэй за такі камплімент, пачуты ад любімага трэнера. Адрасаваўся ён Сяргею, які парадаваў у эстафеце і хуткасцю, і стральбой. Для хлопца гэта апошні сезон, калі па ўзросце ён можа выступаць на гэтых спаборніцтвах. А вось усе астатнія нашы фіналісты яшчэ маюць шанс сябе паказаць. “Ну, што, Жэня, будзем трэніравацца далей?” “Канечне, Уладзімір Мікалаевіч! Мы яшчэ сюды вернемся!” І менавіта гэтым дыялогам настаўніка і яго падапечнай, пачутым перад ад’ездам з Раўбічаў, хочацца скончыць гэты артыкул.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *